Библия Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Лукі, 6 Эвангельле Лукі, 6 глава

1 І сталася ў суботу, пе́ршую па другім дні Пасхі, здарылася Яму праходзіць засе́янымі палямі, і вучні Яго зрывалі калосьсе і е́лі, расьціраючы рукамі.
2 Некаторыя-ж з фарысэяў сказалі ім: на што робіце тое, чаго ня можна рабіць у суботу?
3 Ісус сказаў ім у адказ: ці вы ня чыталі, што зрабіў Давід, калі захаце́ў е́сьці сам і быўшыя з ім?
4 як ён увайшоў у дом Божы, узяў хле́бы паложаныя, якіх ня можна было е́сьці ні кому, апрача сьвяшчэньнікаў, і е́ў, і даў быўшым з ім.
5 І сказаў ім: Сын Чалаве́чы ёсьць гаспадар і суботы.
6 Здарылася-ж і ў другую суботу ўвайсьці Яму ў школу і навучаць. Там быў чалаве́к, у якога правая рука была сухая.
7 Кніжнікі-ж і фарысэі сачылі Яго, ці не аздаровіць у суботу, каб знайсьці абвінавачаньне проці Яго.
8 Але Ён, ве́даючы думкі іх, сказаў чалаве́ку з сухою рукой: устань і выступі насярэдзіну. І той устаў і выступіў.
9 Тады сказаў ім Ісус: спытаюся Я ў вас: што трэба рабіць у суботу? дабро ці зло? снасьці душу ці загубіць? Яны маўчалі.
10 І, паглядзе́ўшы на іх, сказаў таму чалаве́ку: выцягні руку тваю. Ён так і зрабіў: і сталася рука яго здаровая, як другая.
11 Яны прыйшлі ў шал і гаварылі адзін да аднаго: што-б ім зрабіць з Ісусам?
12 У тыя дні ўзыйшоў Ён па гару памаліцца і прабыў усю ноч на малітве да Бога.
13 Калі-ж настаў дзе́нь, паклікаў вучняў Сваіх і выбраў з іх дванаццаць, каторых і назваў Апосталамі.
14 Сымона, каторага і назваў Пятром, і Андрэя, брата яго, Якава і Іоана, Піліпа й Баўтраме́я,
15 Мацьве́я й Хаму, Якава Алфе́явага і Сымона, называнага Зілотам,
16 Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, каторы потым стаўся здраднікам.
17 І, зыйшоўшы з імі, стаў Ён на роўным ме́сцы, і множства вучняў Яго і многа народу з усяе́ Юдэі і Ерузаліму і прыморскіх ме́сцаў Тырскіх і Сідонскіх,
18 што папрыходзілі паслухаць Яго і пазбыцца хворасьцяў сваіх, як і церпячыя муку ад нячыстых духаў; і здараве́лі.
19 І ўве́сь народ стараўся дакрануцца да Яго, бо ад Яго зыходзіла сіла і аздараўляла ўсіх.
20 І Ён, падняўшы вочы Свае́ на вучняў Сваіх, гаварыў: шчасьлівыя ўбогія духам, бо вашае ёсьць Царства Божае.
21 Шчасьлівыя галодныя цяпе́р, бо насы́ціцеся. Шчасьлівыя пла́чучыя цяпе́р, бо засьмяецёся.
22 Шчасьлівыя вы, калі зьненавідзяць вас людзі і калі прагоняць вас і будуць зьневажа́ць, і выкінуць імя вашае, як зло, за Сына Чалаве́чага.
23 Радуйцеся ў той дзе́нь і весяліцеся, бо вялікая нагарода вам на нябёсах. Так паступалі з прарокамі айцы іх.
24 Наадварот, гора вам, багатыры! бо вы ўжо дасталі сваю радасьць.
25 Гора вам, перасычаныя цяпе́р, бо будзеце цярпе́ць голад. Гора вам, сьмяю́чыяся цяпе́р, бо запла́чаце й зарыдаеце.
26 Гора вам, калі ўсе́ людзі будуць гаварыць аб вас добра. Бо гэтак паступалі з фальшывымі прарокамі бацькі іх.
27 Але вам, што слу́хаеце, кажу: любе́це ворагаў вашых, чыне́це дабро ненавідзячым вас.
28 Багасла́ўце праклінаючых вас і мале́цеся за крыўдзячых вас.
29 Удэ́рыўшаму цябе́ па шчацэ́ падстаў і другую; і адыма́ючаму ў цябе́ ве́рхнюю адзе́жу не перашкаджай узяць і кашулю.
30 Усякаму, хто просіць у цябе́, давай, і ад узяўшага тваё ня трэбуй назад.
31 І як хо́чаце, каб з вамі паступалі людзі, так і вы паступайце з імі.
32 І, калі лю́біце лю́бячых вас, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо-ж і грэшнікі любячых іх любяць.
33 І калі робіце дабро тым, што вам робяць дабро, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо-ж і грэшнікі тое-ж робяць.
34 І калі пазычаеце тым, ад каторых спадзяецёся дастаць назад, якая вам за тое ўдзячнасьць? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб дастаць назад гэтулькі-ж.
35 Але вы любе́це во́рагаў вашых, і рабе́це дабро, і пазычайце, ня ждучы́ нічога; і будзе вам нагарода вялікая, і будзеце сынамі Усявышняга, бо Ён добры і да няўдзячных і злосных.
36 Дык будзьце-ж міласэрныя, як і Ацец ваш міласэрны.
37 Не асуджайце, і ня будзеце асуджаны; дароўвайце, і вам дарована будзе;
38 давайце, і вам будзе да́дзена: ме́ру добрую, націсьненую, стрэсеную і з коптурам адсыплюць вам у лона вашае; бо якою ме́раю ме́раеце, такою-ж і вам адме́раецца.
39 Сказаў такжа ім прыповесьць: ці можа сьляпы вадзіць сьляпога? Ці не абодва ўваляцца ў яму?
40 Вучань ня бывае вышэй за свайго вучыцеля, але кожны будзе даскана́лы, як вучыцель яго.
41 Што ты глядзіш на сучок у воку брата твайго, а бервяна́ ў тваім воку не адчуваеш?
42 Ці як можаш сказаць брату твайму: брат! дай, я выму сучок з вока твайго, — калі сам ня бачыш бервяна́ ў тваім воку? Крывадушны! вы́мі ране́й бервяно з твайго вока, тады ўбачыш, як выбраць сучок з вока брата твайго.
43 Няма добрага дрэва, каторае прыно́сіла-б благі плод; і няма благога дрэва, каторае прыно́сіла-б плод добры.
44 Бо ўсякае дрэва пазнае́цца па пло́дзе яго; бо ня зьбіраюць смокваў з цярніны і ня здымаюць вінаграду з шыпшыньніка.
45 Добры чалаве́к з добрага скарбу сэрца свайго выносіць добрае, а благі чалаве́к з благога скарбу сэрца свайго выносіць благое; бо ад перапо́ўненага сэрца гавораць вусны яго.
46 Што завецё Мяне́: Госпадзе! Госпадзе! і ня робіце таго, што Я кажу?
47 Усякі, прыходзячы да Мяне́ і слухаючы словы Мае́ і выпаўняючы іх, — скажу вам да каго падобны:
48 ён падобны да чалаве́ка, што, стаўляючы дом, капаў глы́бака й заклаў фундамант на ка́мені, дзеля чаго, калі зда́рыліся паводкі, і вада́ напе́рла на гэты дом, то не магла скрануць яго, бо ён быў заснаваны на ка́мені,
49 а хто слухае і не выпаўняе, той падобны да чалаве́ка, паставіўшага дом на зямлі без падмуроўкі, які, калі напе́рла на яго вада́, ураз жа абваліўся; і разбурэньне яго было вялікае.

Примечания к тексту

6 школа = сынагога.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эвангельле Лукі, 6 глава. Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.