Библия Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Лукі, 5 Эвангельле Лукі, 5 глава

1 Сталася-ж, як народ ціснуўся да Яго, каб чуць Слова Божае, а Ён стаяў ля возера Генісарэцкага,
2 убачыў Ён два чаўны на возеры, а рыбаловы, выйшаўшы з іх, мылі се́ці.
3 Увайшоўшы ў адзін човен, што быў Сымонаў, Ён прасіў яго адплыць крыху ад бе́рагу і, се́ўшы, вучыў народ з чаўна.
4 Калі-ж перастаў вучыць, сказаў Сымону: адплыві на глыбіню і закінь се́ці твае́ дзеля лову.
5 Сымон сказаў Яму ў адказ: Настаўнік! Мы працавалі ўсю ноч і нічога не злавілі; але па слову Твайму закіну се́ці.
6 Зрабіўшы гэтае, яны злавілі вялікае множства рыбы, і навет се́тка ў іх прарывалася.
7 І далі знак сябрам, што былі на другім чаўне́, каб прыйшлі памагчы ім: і прыйшлі і напоўнілі абодва чаўны, так што яны пачалі залівацца.
8 Угле́дзіўшы гэтае, Сымон Пётр прыпаў да кале́н Ісусавых і сказаў: выйдзі ад мяне́, Госпадзе! бо я чалаве́к грэшны.
9 Бо вялікі страх апанаваў яго і ўсіх быўшых з ім дзе́ля гэтага ўлову рыб, імі злоўленых;
10 таксама і Якава і Іоана, сыноў Завядзе́явых, быўшых сябрамі Сымона. І сказаў Сымону Ісус: ня бойся, ад сяньня будзеш лаўцом чалаве́каў.
11 І, выцягнуўшы абодва чаўны на бе́раг, пакінулі ўсё і пайшлі за Ім.
12 І сталася, як Ісус быў у адным ме́сьце, прыйшоў чалаве́к увесь у праказе і, угле́дзіўшы Ісуса, унаў тва́рам уніз, молячы Яго і кажучы: Госпадзе! калі хочаш, можаш мяне́ ачысьціць.
13 І Ён працягнуў руку, дакрануўся да яго і сказаў: хачу, ачысьціся. І тады-ж праказа зыйшла з яго.
14 І Ён прыказаў яму нікому не гаварыць, а пайсьці паказацца сьвяшчэньніку і прыне́сьці ахвяру за ачышчэньне сваё, як павяле́ў Майсе́й на сьве́дчаньне ім.
15 Але тым бале́й разыйшлася чутка аб Ім, і вялікае множства народу сьцякалася да Яго — слухаць і аздаравіцца ў Яго ад хворасьцяў сваіх.
16 Але Ён адыходзіў у пустынныя ме́сцы і маліўся.
17 І сталася, раз, як Ён навучаў, і сядзе́лі тут фарысэі й законавучыцелі, прыйшоўшы з усіх мястэчак Галіле́і і Юдэі і Ерузаліму, і сіла Госпадава была дзеля аздараўле́ньня іх,
18 вось, нясуць людзі на пасьце́лі чалаве́ка, што быў спараліжаваны, і хаце́лі ўнясьці яго ў дом і палажыць перад Ісусам;
19 і, не знайшоўшы, дзе́ пране́сьці яго праз народ, уле́зьлі на ве́рх дому і праз страху́ спусьцілі яго з пасьце́льлю на сярэдзіну перад Ісусам;
20 і Ён, ба́чачы ве́ру іх, сказаў чалаве́ку гэнаму: адпускаюцца табе́ грахі тваі.
21 Кніжнікі й фарысэі зачалі разважаць, кажучы: Хто ён такі, што блюзьніць? Хто можа адпускаць грахі апрача аднаго Бога?
22 Ісус, пазнаўшы думкі іх, сказаў ім у адказ: што вы думаеце ў сэрцах вашых?
23 Што лягчэй сказаць: адпускаюцца табе́ грахі тваі, ці сказаць: устань і хадзі?
24 Але, каб вы ве́далі, што Сын Чалаве́чы ма́е ўладу на зямлі адпускаць грахі, — сказаў Ён спараліжаванаму: кажу табе́: устань, вазьмі пасьце́ль тваю і йдзі ў дом твой.
25 І той ураз жа ўстаў перад імі, узяў, на чым ляжаў, і пайшоў у дом свой, славячы Бога.
26 І жах апанаваў усіх, і славілі Бога; і, абнятыя страхам, гаварылі: дзіўныя дзе́і відзелі мы цяпе́р.
27 Пасьля гэтага Ісус выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Ле́вія, се́дзячы на мытніцы, і кажа яму: ідзі за Мною.
28 І той, пакінуўшы ўсё, устаў і пайшоў за Ім.
29 І прырыхтаваў для Яго Ле́вій у доме сваім вялікі пачастунак, і была там грамада мытнікаў і другіх, што частаваліся з імі.
30 Кніжнікі-ж і фарысэі наракалі й гаварылі вучням Яго: на што вы ясьцё і п’яцё з мытнікамі ды грэшнікамі?
31 Ісус жа сказаў ім у адказ: не́ здаровыя маюць патрэбу ў ле́кару, але хворыя.
32 Я прыйшоў клікаць да пакаяньня не́ праведных, але грэшных.
33 Яны-ж сказалі Яму: чаму вучні Іоанавы посьцяць часта і моляцца, таксама і фарысэйскія, а Тваі ядуць і п’юць?
34 Ён сказаў ім: ці можаце прымусіць сыноў вясе́льных пасьціць, калі з імі жаніх?
35 Але прыдуць дні, калі возьмуць у іх жаніха, і тады будуць пасьціць у тыя дні.
36 Пры гэтым сказаў ім прыповесьць: ніхто не прышывае ла́ткі да старое адзе́жыны, ададраўшы ад новае адзе́жыны, бо йна́чай і новую разьдзярэ, і да старое не падо́йдзе латка ад новага.
37 І ніхто ня ўлівае маладога віна ў старыя мяхі, бо маладое віно прарве́ мяхі і само вы́цяча, і мяхі прападуць;
38 але маладое віно трэба ўліваць у мяхі новыя; тады захаваецца тое і другое.
39 І ніхто, п’ючы старое віно, не захоча тады-ж маладога; бо кажа: старое ле́пшае.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эвангельле Лукі, 5 глава. Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.