Библия Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Лукі, 14 Эвангельле Лукі, 14 глава

1 І ста́лася, прыйшоў Ён у суботу ў дом аднаго з начальнікаў фарысэйскіх зье́сьці хле́ба, і яны сачылі Яго;
2 і вось перад Ім зьявіўся чалаве́к, хворы на вадзянку.
3 І, азваўшыся, сказаў Ісус законьнікам і фарысэям: ці дазваля́ецца аздараўляць у суботу?
4 Яны маўчалі. І, дакрануўшыся, аздаравіў яго і адправіў.
5 Пры гэтым сказаў ім: калі ў каго з вас асёл ці вол упадзе́ ў студню, ці ня ўраз выцягне яго ў суботу?
6 І не маглі адказаць Яму на гэтае.
7 Заўважыўшы-ж, як запро́шаныя выбіралі пе́ршыя ме́сцы, сказаў ім прыповесьць:
8 Калі запросіць цябе́ не́хта на вясе́льле, не сяда́й на пе́ршае ме́сца, каб не надарыўся хто паважне́йшы за цябе́ спамíж запрошаных ім,
9 і каб той, што прасіў цябе́ і яго, падыйшоўшы не сказаў бы табе: дай яму ме́сца; і тады з сорамам павінен будзеш се́сьці на апошняе ме́сца.
10 Але, калі запрошаны будзеш, прыйшоўшы сядай на апошняе ме́сца, каб той, што прасіў цябе́, падыйшоўшы сказаў: дружа! перасядзь вышэй; тады будзе табе́ пашана перад се́дзячымі з табою;
11 бо кожын, хто сам сябе́ вывышша́е, будзе панíжаны, а хто сябе́ паніжа́е, будзе ўзвы́шаны.
12 Сказаў жа і запрасіўшаму Яго: калі ладзіш абе́д, ці вячэру, ня кліч сяброў тваіх, ні братоў тваіх, ні сваякоў тваіх, ні сусе́дзяў багатых, каб і яны цябе́ не запрасілі не́калі, і ты не дастаў адплаты.
13 Але, калі ладзіш, заклікай убогіх, кале́каў, кульгавых, сьляпых.
14 І шчасьлівы будзеш, што яны ня змогуць адплаціць табе́, бо адда́сца табе́ ў ускрасе́ньне праведных.
15 Пачуўшы гэтае, не́хта з супачываўшых з Ім сказаў Яму: шчасьлівы, хто пакаштуе хле́ба ў царстве Божым.
16 Ён жа сказаў яму: адзін чалаве́к справіў вялікі банке́т і паклікаў многіх;
17 і, калі настаў час банке́ту, паслаў слугу́ свайго сказаць запро́шаным: ідзе́це, бо ўжо ўсё гатова.
18 І пачалі ўсе́, быццам змовіўшыся, прасіць прабачэньня. Пе́ршы сказаў яму: я купіў зямлю, і мне́ трэба пайсьці паглядзе́ць яе́; прашу цябе́, выбач мне́.
19 Другі сказаў: я купіў пяць пар валоў і йду про́баваць іх; прашу цябе́, выбач мне́.
20 Трэці сказаў: я ажаніўся і дзеля гэтага не магу прыйсьці.
21 І, вярнуўшыся, слуга той пераказаў гэтае гаспадару свайму. Тады, разгне́ваўшыся, гаспадар дому сказаў слузе́ свайму: пайдзі хутчэй па вуліцах і вулках места і прывядзі сюды ўбогіх, кале́каў, кульгавых, сьляпых.
22 І сказаў слуга: гаспадар! ста́лася, як ты сказаў, і яшчэ ёсьць ме́сцы.
23 І гаспадар сказаў слузе́: пайдзі па дарогах і ля платоў і ўгавары прыйсьці, каб напоўніўся дом мой;
24 бо кажу вам, што ніхто з тых, што былі про́шаны, не пакаштуе мае́ вячэры.
25 І вялікія грамады йшлі за Ім; і Ён, абярнуўшыся, сказаў ім:
26 Калі хто прыходзіць да Мяне́ і не зьненавідзіць бацьку свайго і матку, і жану, і дзяце́й, і братоў, і сёстраў, а пры тым і са́мае жыцьцё сваё, той ня можа быць вучнем Маім;
27 і хто не нясе́ крыжа свайго і йдзе́ за Мною, ня можа быць вучнем Маім.
28 Бо хто з вас, надумаўшы башту стаўляці, ня сядзе ране́й і не аблічыць выдаткаў, ці ма́е, каб дакончыць яе́,
29 каб, калі паложа фундамант і ня здолее дако́нчыць, усе́, гле́дзячы, ня сталі сьмяяцца з яго,
30 кажучы: гэты чалаве́к пача́ў будаваць башту і ня мог дакончыць!
31 Або ці які цар, ідучы на вайну супраць другога цара, ня сядзе і не парадзіцца ране́й, ці здолее ён з дзесяцьма тысячамі даць адпор таму, хто йдзе́ на яго з дваццацьма тысячамі;
32 бо, калі не́, дык пакуль той яшчэ далёка, ён пашле́ да яго пасольства прасіць міру.
33 Гэтак кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што ма́е, ня можа быць Маім вучнем.
34 Соль добрая рэч; але калі соль згубіць сілу, чым паправіш яе́?
35 Ні ў зямлю, ні ў гной не надае́цца, вон выкідаюць яе́. Хто ма́е вушы слышаць, няхай слухае.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эвангельле Лукі, 14 глава. Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.