1 І сталася, калі Езус увайшоў у дом нейкага старшага фарызэя ў суботу есьці хлеб, а яны наглядалі за ім.
2 І вось нейкі апухлы чалавек быў перад ім:
3 І адказваючы Езус сказаў да вучоных у законе і фарызэяў, кажучы: Ці дазволена аздараўляць у суботу?
4 А яны маўчалі. Ён-жа ўзяўшы аздаравіў яго і адправіў.
5 І адказваючы сказаў да іх: У каго з вас асёл або вол уваліцца ў студню, то ці ня зараз-жа выцягне яго ў дзень суботні?
6 І не маглі яму на гэтае адказаць.
7 Казаў-жа прыповесьць і да запрошаных, угледаючыся, як яны выбіралі першыя мясцы, кажучы да іх:
8 Калі ты будзеш запрошаны на вясельле, не садзіся на першым месцы, каб часам ня быў запрошаны ім паважнейшы за цябе,
9 і каб прыйшоўшы той, каторы цябе і яго паклікаў, сказаў табе: Дай гэтаму месца, і тады са стыдам пачаў-бы ты займаць апошняе месца.
10 Але калі ты будзеш пакліканы, ідзі, сядзь на апошнім месцы, каб прыйшоўшы той, каторы паклікаў цябе, сказаў табе: Дружа, узыйдзі вышэй. Тады будзе табе слава перад разам сядзячымі.
11 Бо кожны, хто сябе павышае, будзе паніжаны; а хто сябе паніжае, будзе павышаны.
12 Казаў і да таго, хто яго паклікаў: Калі ты даеш абед або вячэру, ня кліч прыяцеляў тваіх, ані братоў тваіх, ані сваякоў, ані багатых суседзяў, каб часам і яны цябе не паклікалі, і каб ня было для цябе нагароды.
13 Але калі робіш пачастунак, пакліч убогіх, калекіх, кульгавых і сьляпых,
14 і будзеў багаслаўлены затым што ня могуць нагарадзіць табе. Бо будзе нагароджана табе ва ўскрашэньні справядлівых.
15 Калі пачуў гэтае нехта з тых, што разам сядзелі, сказаў яму: Багаслаўлены, хто будзе есьці хлеб у каралеўстве Божым.
16 А ён сказаў яму: Адзін чалавек справіў вялікую вячэру і паклікаў многіх.
17 І паслаў слугу свайго ў гадзіну вячэры сказаць запрошаным, каб прыходзілі, бо ўсё ўжо гатова.
18 І пачалі ўсе разам апраўдывацца. Першы сказаў яму: Я купіў сялібу і трэба мне пайсьці і паглядзець яе, прашу цябе, мей мяне за апраўданага.
19 А другі сказаў: Я купіў пяць пар валоў і іду пробаваць іх, прашу цябе, мей мяне за апраўданага.
20 А іншы сказаў: Я жонку ўзяў, і дзеля гэтага не магу прыйсьці.
21 І вярнуўшыся слуга паведаміў аб гэтым пана свайго. Тады пан, загневаўшыся, сказаў слузе свайму: Выйдзі скора на вуліцы і вулачкі гораду, і прывядзі сюды ўбогіх і калекіх і сьляпых і кульгавых.
22 І сказаў слуга: Пане, сталася, як ты загадаў, але яшчэ ёсьць месца.
23 І сказаў пан слузе: Выйдзі на дарогі і засьценкі і прымусь увайсьці, каб дом мой быў поўны.
24 А кажу вам, што ніводзен з тых мужоў, якія былі пакліканы, не пакаштуе вячэры маей.
25 І ішлі вялікія грамады. І абярнуўшыся, сказаў ім:
26 Калі хто ідзе да мяне і ня мае ў ненавісьці бацькі свайго, і маткі, і жонкі, і дзяцей, і братоў, і сясьцёр, а яшчэ і жыцьця свайго, ня можа быць маім вучнем.
27 І хто не нясе крыжа свайго і ня ідзе за мною, ня можа быць маім вучнем.
28 Бо хто з вас, хочучы збудаваць вежу, ці-ж уперад сеўшы не аблічыць коштаў, якіх патрэба, ці мае, каб скончыць?
29 Каб пасьля, як залажыў фундамэнт і ня мог скончыць, усе гледзячы не пачалі сьмяяцца з яго,
30 кажучы: Што гэты чалавек пачаў будуваць і ня мог скончыць?
31 Або які кароль, каторы мае ісьці проціў другога караля, сеўшы ўперад не падумае, ці зможа з дзесяцьма тысячамі пераняць таго, каторы ідзе на яго з дваццацьма тысячамі?
32 Бо інакш, пакуль той яшчэ далёка, вышле пасольства, просячы адносна міру.
33 Так-то кожны з вас, хто не адрачэцца ад усяго, што мае, ня можа быць маім вучнем.
34 соль добрая, але калі соль зьвятрэе, то чым яе прыправіць?
35 Яна не надаецца ані ў зямлю, ані ў гной, але вон будзе выкінута. Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае!