1 А Езус, поўны Духа сьвятога, вярнуўся ад Ярдану і быў ведзены Духам у пустыню,
2 праз сорак дзён, і быў спакушваны д’яблам. І нічога ня еў у гэтыя дні, а калі яны скончыліся, пачаў голад.
3 І сказаў яму д’ябал: Калі ты Сын Божы, скажы гэтаму каменю, каб ён стаўся хлебам.
4 І адказаў яму Езус: Напісана ёсьць, што «не адным хлебам жыве чалавек, але кожным словам Божым» (Паўл. Пр. 8:3).
5 І завйў яго д’ябал на гару высокую і паказаў яму ўсе каралеўствы сьвету ў момант часу,
6 і сказаў яму: Табе аддам усю гэтую ўладу і славу іх, бо яны мне адданы, і каму хачу, даю іх.
7 Дык ты, калі паклонісься мне, усё тваё будзе.
8 І адказваючы Езус сказаў яму: Напісана ёсьць: «Пану Богу твайму кланяйся і яму аднаму служы» (Паўл. Пр. 6:13).
9 І завёў яго ў Ерузалім, і паставіў яго на крыле сьвятыні, і сказаў яму: Калі ты Сын Божы, кінься адгэтуль уніз.
10 Бо ёсьць напісана: што «анёлам сваім загадаў аб табе, каб сьцераглі цябе»,
11 і «што на руках панясуць цябе, каб часам ня ўдарыў аб камень нагі сваей» (Пс. 90:11-12).
12 І адказваючы Езус сказаў яму: Сказана ёсьць: «не спакушай Пана Бога твайго» (Паўл. Пр. 6:16).
13 І скончыўшы ўсё кушэньне, д’ябал адыйшоў ад яго аж да часу.
14 І вярнуўся Езус у моцы Духа ў Галілею і разыйшлася весьць аб ім па ўсей краіне.
15 А ён навучаў па іхных бажніцах і ўсімі быў слаўлены.
16 І прыйшоў у Назарэт, дзе быў узгадаваны. І ўвайшоў паводле свайго звычаю ў дзень суботні ў бажніцу, і ўстаў, каб чытаць.
17 І падалі яму кнігу Ізаія прарока. І адчыніўшы кнігу, знайшоў месца, дзе было напісана:
18 «Дух Пана нада мною, дзеля гэтага намасьціў мяне, каб абвяшчаць эванэлію ўбогім. Паслаў мяне аздараўляць скрышаных сэрцам,
19 абвяшчаць вязьням збаўленьне і сьляпым зрок, выпусьціць на волю прыгнечаных, абвясьціць год Пана прыемны і дзень адплаты» (Із. 61:1-2).
20 І зачыніўшы кнігу, аддаў слузе і сеў. А вочы ўсіх у бажніцы былі зьвернены на яго.
21 Ён-жа пачаў гаварыць да іх: Што сяньня споўнілася гэтае пісаньне ў вушах вашых.
22 І ўсе давалі яму пасьведчаньне і дзівіліся з стройнасьці слоў, якія выходзілі з ягоных вуснаў і казалі: Ці ж ён ня сын Язэпаў?
23 І сказаў ім: Вы пэўне скажаце мне гэтае падабенства: «Лекару, вылячы самога сябе. Якія вялікія рэчы, мы чулі, дакананы ў Капарнауме, зрабі і тут у бацькаўшчыне тваей».
24 І сказаў: Сапраўды кажу вам, што ніякі прарок ня ёсьць прыняты ў бацькаўшчыне сваей.
25 Папраўдзе вам кажу: Многа было ўдоваў у Ізраілю ў дні Гальяша, калі неба было зачынена праз тры гады і шэсьць месяцаў, калі настаў вялікі голад па ўсей зямлі;
26 і да ніводнай з іх ня быў пасланы Гальяш, адно толькі ў Сарэпту сыдонскую, да жанчыны ўдавы.
27 І было многа пракажаных у Ізраілю за Елісея прарока, і ніхто з іх ня быў ачышчаны, апрача Наамана Сырыйца.
28 А чуючы гэтае, усе ў бажніцы былі поўны гневу.
29 І ўсталі, і выкінулі яго за места, і завялі яго аж на верх гары, на каторай было пабудованае іхнае места, каб скінуць яго.
30 Ён-жа, прайшоўшы пасярод іх, адыйшоў.
31 І прыйшоў у Капарнаум, места галілейскае, і там навучаў іх суботамі.
32 І вельмі дзівіліся з навукі ягонай, бо з уладаю была мова яго.
33 А ў бажніцы быў чалавек, маючы нячыстага духа, і закрычаў вялікім голасам,
34 кажучы: Пакінь, што табе да нас, Езусе Назарэнскі? Прыйшоў ты згубіць нас? Знаю цябе, хто ты ёсьць, Сьвяты Божы.
35 І насварыўся на яго Езус, кажучы: Замоўкні і выйдзі з яго. І д’ябал, кінуўшы яго пасярод, выйшаў з яго і нічога яму не пашкодзіў.
36 І агарнуў усіх страх, і гаварылі паміж сабою, кажучы: Што гэта за слова такое, што з уладаю і сілаю загадывае нячыстым духам і выходзяць?
37 І разыходзілася слава аб ім па ўсякім месцы краіны.
38 Езус-жа, устаўшы з бажніцы, увайшоў у дом Сымона. А цешча Сымонава была ў вялікай гарачцы, і прасілі яго за яе.
39 І стаўшы над ёю, загадаў гарачцы, і пакінула яе. І зараз-жа ўстаўшы, паслугавала ім.
40 А калі зайшло сонца, усе, што мелі хварэючых на розныя хваробы, прыводзілі іх да яго. Ён-жа, кладучы на кожнага рукі, аздараўляў іх.
41 А выходзілі з многіх д’яблы, крычачы і кажучы: Што ты ёсьць Сын Божы. І насварыўшыся, не пазваляў ім гаврыць, бо ведалі, што ён ёсьць Хрыстус.
42 А калі настаў дзень, ён, выйшаўшы, пайшоў у пустыннае месца. А грамады шукалі яго, і прыйшлі аж да яго, і затрымоўвалі яго, каб не адыходзіў ад іх.
43 Ён сказаў ім: Што трэба мне і іншым местам абвяшчаць каралеўства Божае, бо на гэта я пасланы.
44 І навучаў па бажніцах Галілеі.
Зноскі:
1 Гл. Мт. 4:1 і наступн.
22 «Давалі пасьведчаньне» г. зн. прызнавалі ў Езусе добрага прамоўцу. Але разам з гэтым назарэтчане не маглі зразумець, каб Езус, на каторага яны прывыклі глядзець, як на сына Язэпа, быў нечым вышэйшым за іх.
26 Гальяш і Елісей былі Ізраэліты, аднак паміма розных бед, якія былі ў Ізраілю, Бог пасылае іх памагаць паганам, а гэта дзеля таго, што Бог у даваньні сваей ласкі ня кіруецца ўзглядамі на народнасьць або паходжаньне чалавека. Назарэтчане былі з роду Абрагама, аднак яны, адкідаючы навуку Хрыста, так як і іншыя жыды, самі былі адкінуты, а на іх месца прыйшлі пагане. Зразумелі гэта назарэтчане і згэтуль іх гнеў.
30 Яшчэ не надыйшла часіна мукі Хрыстуса і ён выходзіць цудоўным спосабам з рук сваіх суродзічаў. Гэтым самым учыніў і тутака Езус цуд, толькі не такі, якога хацелі назарэтчане.
Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 4 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.