8 Пахваліў пан несправядлівага гаспадара не за яго несправядлівасьць, на каторай многа страціў, але за ягоную хітрасьць і спрыт. І хоць з такіх «спрытных» зладзеяў людзі часам дзівяцца, што хітра ўкралі, але за іхную хітрасьць караюць іх яшчэ мацней.
«Сыны гэтага сьвету» (людзі грэшныя, якія жывуць паводле правіл сьвету) ёсьць наагул болей дагадлівыя і старанлівыя ў сваіх справах, чым «сыны сьвятла» (людзі справядлівыя ў справах збаўленьня).
9 Хрыстус заахвочвае тут рабіць сабе прыяцеляў з анёлаў і сьвятых, каб яны прынялі нас у вечныя сялібы, калі скончыцца жыцьцё. Гэта зразумела. Але чаму маем рабіць іх «з мамоны несправядлівасьці»?
Мамона ў арамайскай мове азначае багацьце, грошы і ўсякае дабро. Вось-жа мамона часта здабываецца несправядліва, з крыўдаю другіх, а так-жа дае аказію да грэху, затым і завецца тут «мамона несправядлівасьці». Мамона наагул ня прыводзіць чалавека да справядлівасьці, але скарэй да несправядлівасьці. Аднак і з гэтай мамоны можна карыстацца для добрых мэтаў, як дарэньне ўбогіх, успамога для рэлігійных выдавецтваў і каталіцкіх місыяў, дабрадзейная грамадзкая акцыя і г. д., гэтакім парадкам можна здабыць пры помачы мамоны прыязьнь сьвятых у небе, каб яны прынялі ў вечныя сялібы.
13 Гэтакім двум супярэчным паном, як Богу і мамоне, адначасна служыць немагчыма, бо загады іх і мэты зусім праціўныя. Гл. Мт. 6:24.
15 Дзейнасьць чалавека часам выглядае перад людзьмі высокая і добрая, а перад Богам яна агідная, бо мэта і інтэнцыя дзеючага благія.
16 Стары Закон і прарокі трывалі аж да Яна Хрысьціцеля, далей гл. Мт. 11:12.
18 Гл. Мт. 19:5 і наст.
22 Сьмерць у пракананьні жыдоў — гэта быў пераход да сваіх прабацькоў, а як прабацькам жыдоў быў Абрагам, то гаварылася «на лона Абрагама». «Лона» (тут у значэньні «блізкасьці» да Абрагама) ужвалася на азначэньне загробнага шчасьця.
31 Прыповесьць гэтая ганіць раскошнае жыцьцё фарызэяў і багачоў і гразіць ім карай па сьмерці. Такія людзі, якія выракліся Бога і сумленьня, не павераць і ня зьменяць свайго жыцьця, калі-б да іх прыйшоў нават умерлы.