Прыпавесць пра несправядлівага эканома

1 Казаў таксама вучням сваім: «Адзін багаты чалавек меў эканома, на якога данеслі яму, што растрачвае маёмасць яго.
2 Той, паклікаўшы яго, сказаў яму: “Што гэта я чую пра цябе? Зрабі справаздачу пра кіраванне сваё, бо ўжо не можаш быць эканомам”.
3 Тады эканом сказаў сам сабе: “Што мне рабіць, бо гаспадар мой адбірае ў мяне кіраўніцтва домам? Капаць не маю сілаў, жабраваць саромеюся.
4 Ведаю, што зрабіць, каб людзі прынялі мяне ў дамы свае, калі адхілены буду ад кіраўніцтва домам”.
5 Паклікаўшы асобна кожнага з даўжнікоў свайго гаспадара, ён сказаў першаму: “Колькі ты павінен гаспадару майму?”
6 Той сказаў: “Сто кадзяў алею”. Тады сказаў яму: “Вазьмі сваю распіску, сядай хутчэй і напішы пяцьдзясят”.
7 Потым другому сказаў: “А ты колькі павінен?” Той сказаў: “Сто кор пшаніцы”. І яму сказаў: “Вазьмі сваю распіску і напішы восемдзесят”.
8 І пахваліў гаспадар несправядлівага эканома, што ён разумна ўчыніў. Бо сыны гэтага веку мудрэйшыя за сыноў святла ў адносінах да свайго пакалення.
Належнае карыстанне зямнымі дабротамі

9 І Я кажу вам: здабывайце сяброў сабе несправядлівай мамонай, каб, калі яна праміне, прынялі вас у вечныя шатры.
10 Верны ў малым і ў вялікім верны, а несправядлівы ў малым несправядлівы і ў вялікім.
11 Таму, калі вы ў несправядлівай мамоне не былі верныя, хто даручыць вам сапраўднае?
12 І калі ў чужым не былі верныя, хто дасць вам вашае?
13 Ніякі слуга не можа служыць двум гаспадарам, бо ці аднаго будзе ненавідзець, а другога любіць, ці аднаго будзе трымацца, а другім пагарджаць. Не можаце служыць Богу і мамоне».
Езус дакарае фарысеяў

14 Чулі ўсё гэта і фарысеі, якія любілі грошы, і насміхаліся з Яго.
15 І сказаў ім: «Вы паказваеце сябе праведнымі перад людзьмі, але Бог ведае сэрцы вашыя. Бо што вялікае ў людзей, тое брыдкае перад Богам.
Закон і Божае Валадарства

16 Закон і Прарокі былі да Яна. З таго часу абвяшчаецца Валадарства Божае, і кожны стараецца сілком уваходзіць у яго.
17 Але хутчэй неба і зямля мінуць, чым знікне адна рыска Закону.
18 Кожны, хто разводзіцца з жонкаю сваёй і жэніцца з іншай, чужаложыць. І хто жэніцца з разведзенай, чужаложыць.
Прыпавесць пра багацея і Лазара

19 Быў адзін багаты чалавек, які апранаўся ў парфіру і вісон і кожны дзень цудоўна баляваў.
20 А нейкі жабрак, імем Лазар, ляжаў каля ягонай брамы ў струпах
21 і хацеў насыціцца тым, што падала са стала багацея. Сабакі прыходзілі і лізалі ягоныя струпы.
22 Памёр жабрак і ўзнесены быў анёламі на ўлонне Абрагама. Памёр і багаты, і быў пахаваны.
23 У адхлані, будучы ў пакутах, ён узняў вочы свае і ўбачыў здалёк Абрагама і Лазара на ўлонні ягоным.
24 Усклікнуўшы, ён сказаў: “Ойча Абрагаме, змілуйся нада мною і пашлі Лазара, каб абмакнуў канец пальца свайго ў ваду і ахаладзіў мой язык, бо я пакутую ў полымі гэтым”.
25 Але Абрагам сказаў: “Дзіця, успомні, што ты атрымаў ужо сваё дабро пры жыцці сваім, падобным чынам і Лазар — ліха. Цяпер жа ён тут суцяшаецца, а ты пакутуеш.
26 І да ўсяго гэтага паміж намі і вамі вялізная прорва, так што тыя, хто хоча, не могуць перайсці адсюль да вас, ні адтуль да нас не могуць перайсці”.
27 Тады сказаў ён: “Дык прашу цябе, ойча, пашлі яго ў дом бацькі майго,
28 бо ў мяне пяць братоў. Няхай засведчыць ім, каб і яны не прыйшлі ў гэтае месца пакуты”.
29 Абрагам адказаў: “У іх ёсць Майсей і Прарокі, няхай слухаюцца іх”.
30 А той сказаў: “Не, ойча Абрагаме, толькі калі хтосьці з мёртвых прыйдзе да іх, пакаюцца”.
31 Тады Абрагам сказаў яму: “Калі Майсея і Прарокаў не слухаюцца, то, калі хто і ўваскрэсне з мёртвых, не павераць”».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Лукі, 16 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Лукі 16 раздзел в переводах:
Лукі 16 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.