Місія сямідзесяці двух

1 Пасля гэтага Пан вызначыў іншых семдзесят двух і паслаў іх па двое перад сабою ў кожны горад і месца, куды сам меўся пайсці.
2 І сказаў ім: «Жніво сапраўды вялікае, ды работнікаў мала; таму прасіце Гаспадара жніва, каб работнікаў паслаў на жніво сваё.
3 Ідзіце, вось Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
4 Не бярыце ні каліты, ні торбы, ні сандаляў і ў дарозе нікога не вітайце.
5 У які б дом ні ўвайшлі, спачатку кажыце: “Спакой гэтаму дому!”
6 Калі будзе там сын спакою, то на ім спачне спакой ваш. Калі ж не, то вернецца да вас.
7 Заставайцеся ў тым доме, ешце і піце, што ёсць у іх, бо работнік заслугоўвае платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
8 Калі прыйдзеце ў які горад, і прымуць вас, ешце, што вам пададуць.
9 Аздараўляйце ў ім хворых і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
10 Калі прыйдзеце ў які горад і не прымуць вас, то выйдзіце на яго вуліцы і скажыце:
11 “Нават пыл горада вашага, які прыліп да ног нашых, атрасаем; аднак ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.
12 Кажу вам, што Садоме ў дзень той будзе лягчэй, чым гораду таму.
Гора галілейскім гарадам

13 Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо, калі б у Тыры і Сідоне былі цуды, што сталіся сярод вас, яны б даўно, седзячы ў мешкавіне і ў попеле, пакаяліся.
14 Але Тыру і Сідону лепш будзе на судзе, чым вам.
15 І ты, Кафарнаум, ці аж да неба будзеш узвышаны? Аж да адхлані нізрынешся!
16 Хто слухае вас, Мяне слухае, і хто вас адкідае, Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, адкідае таго, хто паслаў Мяне».
Вяртанне сямідзесяці двух

17 Вярнуліся семдзесят два з радасцю і казалі: «Пане, нават злыя духі слухаюцца нас у імя Тваё!»
18 А Ён сказаў ім: «Я бачыў сатану, які падаў з неба, як маланка.
19 Вось Я даў вам уладу наступаць на змеяў і скарпіёнаў і на ўсю варожую сілу, і нішто не пашкодзіць вам.
20 Аднак не радуйцеся таму, што духі слухаюцца вас, а радуйцеся таму, што імёны вашыя запісаны ў нябёсах».
Езус праслаўляе Айца

21 У тую гадзіну Ён узрадаваўся ў Духу Святым і сказаў: «Праслаўляю Цябе, Ойча, Пане неба і зямлі, што Ты закрыў гэта ад мудрых і разумных і адкрыў гэта дзецям. Так, Ойча, бо так было Табе даспадобы.
22 Усё перададзена Мне Айцом Маім, і ніхто не ведае кім ёсць Сын, апроч Айца, і кім ёсць Айцец, апроч Сына і таго, каму Сын захоча адкрыць».
Прывілея вучняў

23 І, звярнуўшыся асобна да вучняў, сказаў: «Шчаслівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце.
24 Бо кажу вам, што многія прарокі і каралі хацелі бачыць, што вы бачылі, і не ўбачылі, і чуць, што вы чуеце, і не пачулі».
Найбольшая запаведзь

25 Адзін кніжнік устаў і, выпрабоўваючы Яго, сказаў: «Настаўнік, што мне рабіць, каб атрымаць у спадчыну жыццё вечнае?»
26 Ён адказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»
27 Той адказаў: «Любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсёй моцаю тваёй, і ўсім розумам тваім, а бліжняга свайго, як самога сябе».
28 Езус сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Так рабі, і будзеш жыць».
29 Але той, жадаючы апраўдацца, сказаў Езусу: «А хто мой бліжні?»
Прыпавесць пра міласэрнага самараніна

30 На гэта Езус адказаў: «Адзін чалавек ішоў з Ерузалема ў Ерыхон і трапіў у рукі разбойнікаў, якія знялі з яго адзенне, пабілі яго і пайшлі, пакінуўшы ледзь жывога.
31 Выпадкова нейкі святар ішоў той дарогай і, убачыўшы яго, прайшоў міма.
32 Таксама і левіт, будучы на тым месцы, падышоў, паглядзеў і прайшоў міма.
33 А нейкі самаранін, падарожны, натрапіў на яго і, убачыўшы, злітаваўся.
34 Падышоў, перавязаў яму раны, паліваючы алеем і віном. І, пасадзіўшы яго на сваю жывёліну, прывёз у заезд і паклапаціўся аб ім.
35 А на другі дзень, ад’язджаючы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся аб ім. А калі патраціш больш, я аддам табе, калі вярнуся”.
36 Як здаецца табе, хто з гэтых трох быў бліжнім таму, хто трапіў у рукі разбойнікаў?»
37 Ён сказаў: «Той, хто паступіў з ім міласэрна». Тады Езус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі так».
Марыя і Марта

38 Калі былі ў дарозе, Ён зайшоў у адно паселішча. Нейкая жанчына, якую звалі Марта, прыняла Яго.
39 У яе была сястра імем Марыя, якая села каля ног Пана і слухала Ягоныя словы.
40 Марта ж, занятая многімі паслугамі, падышоўшы, сказала: «Пане, ці Табе ўсё адно, што сястра мая пакінула мяне адну прыслугоўваць? Таму скажы ёй, каб дапамагла мне».
41 Але Пан сказаў ёй у адказ: «Марта, Марта, ты турбуешся і клапоцішся пра многае,
42 а патрэбна толькі адно. Марыя ж выбрала добрую частку, якая не адымецца ў яе».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Лукі, 10 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Лукі 10 раздзел в переводах:
Лукі 10 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.