Сапраўднае значэнне шабату

1 У шабат Езус праходзіў праз збожжа, а вучні Ягоныя зрывалі каласы і елі, расціраючы рукамі.
2 Некаторыя ж з фарысеяў казалі: «Чаму вы робіце тое, што не дазволена ў шабат?»
3 Тады Езус сказаў ім у адказ: «Хіба не чыталі вы, што зрабіў Давід, калі згаладаўся сам і тыя, хто быў з ім?
4 Як увайшоў у дом Божы, узяў ахвярныя хлябы, якіх нельга было есці нікому, акрамя святароў, з’еў сам і даў тым, хто быў з ім».
5 І сказаў ім: «Сын Чалавечы — гаспадар шабату».
Аздараўленне хворага ў шабат

6 У іншы шабат Ён увайшоў у сінагогу і навучаў. А быў там чалавек з усохлай правай рукой.
7 А кніжнікі і фарысеі сачылі за Езусам, ці Ён лечыць у шабат, каб знайсці, у чым абвінаваціць Яго.
8 Ён жа, ведаючы думкі іхнія, сказаў чалавеку з усохлай рукой: «Падыміся і стань пасярэдзіне». Той падняўся і стаў.
9 Тады Езус сказаў ім: «Я пытаюся ў вас, ці дазволена ў шабат рабіць дабро або рабіць зло; уратаваць жыццё ці загубіць?»
10 І, паглядзеўшы на іх усіх, сказаў таму: «Працягні руку сваю». Той так і зрабіў; і выздаравела рука ягоная.
11 А яны напоўніліся лютасцю і гаварылі між сабою, што б зрабіць з Езусам.
Імёны Апосталаў

12 У тыя дні Ён узышоў на гару памаліцца і правёў усю ноч у малітве да Бога.
13 Калі настаў дзень, паклікаў сваіх вучняў і выбраў з іх дванаццаць, якіх і назваў Апосталамі:
14 Сымона, якога назваў Пятром, Андрэя, брата ягонага, Якуба і Яна, Філіпа і Барталамея,
15 Мацвея і Тамаша, Якуба Алфеевага і Сымона, якога называлі Зелотам,
16 Юду Якубавага і Юду Іскарыёта, які стаў здраднікам.
Натоўп ідзе за Езусам

17 Калі сышоў з імі ўніз і стаў на раўніне, вялікі натоўп вучняў Ягоных і вялікае мноства людзей з Юдэі і Ерузалема, з узбярэжжа Тыра і Сідона
18 прыйшлі паслухаць Яго і аздаравіцца ад сваіх хваробаў. І тыя, хто цярпеў ад нячыстых духаў, вылечваліся.
19 Усе людзі імкнуліся дакрануцца да Яго, таму што сіла сыходзіла ад Яго і вылечвала ўсіх.
Благаслаўленні

20 А Ён, узняўшы вочы свае на вучняў сваіх, сказаў:
«Шчаслівыя ўбогія, бо ваша ёсць Валадарства Божае.
21 Шчаслівыя, якія цяпер галадаеце, бо насычаны будзеце.
Шчаслівыя, якія цяпер плачаце, бо смяяцца будзеце.
22 Шчаслівыя вы, калі ўзненавідзяць вас людзі і калі адрынуць вас, будуць зневажаць і адкінуць імя вашае як зло з-за Сына Чалавечага.
23 Радуйцеся ў той дзень і весяліцеся, бо вялікая ўзнагарода вашая ў небе. Бо так паступалі з прарокамі айцы іхнія.
Гора вам

24 Але гора вам, багатыя, бо вы ўжо атрымалі сваё суцяшэнне!
25 Гора вам, хто цяпер сыты, бо галадаць будзеце!
Гора вам, хто цяпер смяецца, бо смуткаваць і плакаць будзеце!
26 Гора вам, калі ўсе людзі будуць добра казаць пра вас! Бо так паступалі з фальшывымі прарокамі айцы іхнія.
Любоў да ворагаў

27 Але кажу вам, хто слухае: любіце ворагаў вашых, дабро рабіце тым, хто вас ненавідзіць.
28 Благаслаўляйце тых, хто вас праклінае, маліцеся за тых, хто вас крыўдзіць.
29 Таму, хто ўдарыў цябе па шчацэ, падстаў і другую; і таму, хто адбірае ў цябе плашч, не забараняй узяць і кашулю.
30 Кожнаму, хто просіць у цябе, давай, і ад таго, хто ўзяў тваё, не дамагайся звароту.
31 Як хочаце, каб рабілі вам людзі, так вы ім рабіце.
32 Калі любіце тых, хто любіць вас, якая вам за гэта падзяка? Бо грэшнікі таксама любяць тых, хто іх любіць.
33 Калі чыніце дабро тым, хто вам чыніць дабро, якая вам за тое падзяка? І грэшнікі робяць тое самае.
34 Калі пазычаеце тым, ад каго спадзяецеся атрымаць назад, якая вам за тое падзяка? Бо і грэшнікі пазычаюць грэшнікам, каб атрымаць столькі ж.
35 Але вы любіце ворагаў вашых, рабіце дабро і пазычайце, не чакаючы нічога ўзамен, а ўзнагарода вашая будзе вялікая, і будзеце вы сынамі Найвышэйшага, бо Ён ласкавы да няўдзячных і да злых.
36 Будзьце міласэрнымі, як і Айцец ваш міласэрны.
Не судзіце

37 Не судзіце, і не будуць судзіць вас; не асуджайце, і не будуць асуджаць вас; прабачайце, і прабачаць вам.
38 Давайце, і будзе дадзена вам: меру добрую, уціснутую, утрэсеную і з верхам адсыплюць вам у падол ваш. Бо якой мераю мераеце, такой і вам будзе адмерана».
39 І расказаў ім такую прыпавесць: «Хіба можа сляпы вадзіць сляпога? Ці ж не зваляцца абодва ў яму?
40 Вучань не большы за настаўніка. Але кожны добра падрыхтаваны стане такім, як яго настаўнік.
41 Чаму бачыш шчэпку ў воку брата свайго, а бервяна ў сваім воку не заўважаеш?
42 Як ты можаш казаць брату свайму: “Браце, дай, я выму шчэпку з вока твайго”, калі сам не бачыш бервяна ў сваім воку? Крывадушнік, спачатку вымі бервяно са свайго вока, і тады ўбачыш, як выняць шчэпку з вока твайго брата.
Дрэва і яго плады

43 Няма добрага дрэва, якое б прыносіла дрэнны плод, ці дрэннага дрэва, якое б прыносіла добры плод.
44 Бо кожнае дрэва пазнаецца па ягоным плодзе; не збіраюць з церняў смоквы, а з куста ажын не збіраюць вінаграду.
45 Добры чалавек выносіць з добрага скарбу сэрца дабро, а дрэнны чалавек з дрэннага сэрца выносіць зло, бо пра тое, чым напоўнена сэрца, гавораць вусны ягоныя.
Будаванне на скале

46 Што вы клічаце Мяне: “Пане, Пане”, а не выконваеце таго, што Я кажу?
47 Я пакажу вам, да каго падобны кожны, хто прыходзіць да Мяне, слухае Маё слова і выконвае яго.
48 Ён падобны да чалавека, які, будуючы дом, глыбока выкапаў і заклаў падмурак на скале. Калі здарылася паводка, паток хлынуў на гэты дом, аднак не змог пахіснуць яго, таму што ён быў добра збудаваны.
49 А той, хто слухае і не выконвае, падобны да чалавека, які збудаваў дом на зямлі без падмурка. Паток хлынуў на яго, і ён адразу абваліўся, і вялікае было падзенне гэтага дому».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Лукі, 6 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукі 6 раздзел в переводах:
Лукі 6 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.