Місія Дванаццаці

1 Паклікаўшы Дванаццаць, Езус даў ім сілу і ўладу над усімі злымі духамі, і ўладу лячыць хваробы.
2 Ён паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць хворых.
3 Ён сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ні кія, ні торбы, ні хлеба, ні срэбра, не майце таксама па дзве вопраткі.
4 У які дом увойдзеце, там заставайцеся аж да свайго адыходу.
5 Калі ж вас нехта не прыме, то, выходзячы з горада таго, абтрасіце пыл з ног вашых на сведчанне супраць іх».
6 Пайшоўшы, яны праходзілі па вёсках, абяшчаючы Добрую Навіну і аздараўляючы ўсюды.
Неспакой Ірада

7 Тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што здзяйснялася Езусам, і пачаў сумнявацца, бо адны гаварылі, што Ян паўстаў з памерлых,
8 а другія, што з’явіўся Ілля, іншыя, што ўваскрос нехта з даўніх прарокаў.
9 І казаў Ірад: «Яну я адсек галаву; хто ж той, пра каго я чую такое?» І хацеў убачыць Яго.
Вяртанне Апосталаў і размнажэнне хлеба

10 Вярнуўшыся, Апосталы расказалі Езусу ўсё, што зрабілі. Тады Ён узяў іх з сабой і асобна адышоў да горада, званага Бэтсаіда.
11 А калі людзі даведаліся, пайшлі за Ім. Ён прыняў іх, гаварыў ім пра Валадарства Божае і аздараўляў тых, каму было патрэбнае аздараўленне.
12 Калі дзень пачаў хіліцца да вечара, падышлі да Яго Дванаццаць і сказалі Яму: «Адпусці людзей, каб яны пайшлі ў навакольныя паселішчы і вёскі, дзе знойдуць начлег і ежу, бо мы тут у пустынным месцы».
13 Але Ён сказаў ім: «Вы дайце ім есці». Яны сказалі: «У нас няма больш пяці хлябоў і дзвюх рыбін, хіба што пойдзем купім ежы на ўвесь гэты люд».
14 Было ж каля пяці тысяч чалавек. Але Ён сказаў вучням сваім: «Загадайце ім сесці групамі па пяцьдзясят чалавек».
15 І зрабілі так, і пасадзілі ўсіх.
16 А Ён, узяўшы пяць хлябоў і дзве рыбіны, паглядзеў на неба, благаславіў іх і паламаў, і даваў вучням, каб раздавалі людзям.
17 І елі, і насыціліся ўсе, а рэшты кавалкаў сабрана было дванаццаць кашоў.
Вызнанне Пятра. Першае прадказанне мукі і ўваскрасення

18 Калі Езус маліўся ў самоце, былі разам з Ім вучні. Ён спытаўся ў іх: «Кім лічаць Мяне людзі?»
19 Яны сказалі ў адказ: «Янам Хрысціцелем, іншыя — Іллёю, яшчэ іншыя кажуць, што адзін з даўніх прарокаў уваскрос».
20 Тады Ён спытаўся ў іх: «А вы кім лічыце Мяне?» Пётр, адказваючы, сказаў: «Месіяй Божым».
21 Але Ён, забараніўшы ім, загадаў нікому не казаць пра гэта,
22 кажучы, што Сын Чалавечы павінен шмат выцерпець і быць адкінутым старэйшынамі, першасвятарамі і кніжнікамі, і быць забітым, і на трэці дзень уваскрэснуць.
Наследаванне Езуса

23 А ўсім сказаў: «Калі хто хоча ісці за Мною, няхай адрачэцца ад сябе, штодня бярэ крыж свой і ідзе за Мною.
24 Бо, хто хоча жыццё сваё ўратаваць, загубіць яго. А хто загубіць жыццё сваё дзеля Мяне, той уратуе яго.
25 Бо якая карысць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь свет, а сябе загубіць ці пашкодзіць сабе?
26 Хто ж будзе саромецца Мяне і Маіх словаў, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе сваёй, Айца і святых анёлаў.
27 Праўдзіва кажу вам: некаторыя з тых, хто тут стаіць, не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Валадарства Божага».
Перамяненне Езуса

28 Пасля гэтых словаў дзён праз восем, узяўшы з сабою Пятра, Яна і Якуба, Ён узышоў на гару памаліцца.
29 Калі маліўся, выгляд твару Ягонага перамяніўся, і адзенне Ягонае стала бліскуча-белым.
30 І вось, два мужы размаўлялі з Ім, а былі гэта Майсей і Ілля.
31 Яны з’явіліся ў славе і казалі пра Ягоны адыход, які Ён павінен здзейсніць у Ерузалеме.
32 Пётр і тыя, хто быў разам з ім, былі змораныя сном. Калі ж абудзіліся, убачылі славу Яго і двух мужоў, якія стаялі разам з Ім.
33 А калі яны адыходзілі адтуль, Пётр сказаў Езусу: «Настаўнік, добра нам тут быць. Таму зробім тры шатры: адзін Табе, адзін Майсею і адзін Іллі». Не ведаў ён, што кажа.
34 Калі гаварыў гэта, з’явілася воблака і агарнула іх. І спалохаліся яны, калі тыя ўвайшлі ў воблака.
35 А з воблака пачуўся голас, які казаў: «Гэта Сын Мой выбраны, Яго слухайце».
36 Калі гучаў гэты голас, Езус застаўся адзін. А яны маўчалі і ў тыя дні нікому нічога не казалі пра тое, што бачылі.
Аздараўленне эпілептыка

37 У наступны дзень, калі яны сышлі з гары, вялікі натоўп выйшаў насустрач Яму.
38 І вось, адзін чалавек з натоўпу закрычаў: «Настаўнік, прашу Цябе, паглядзі на майго сына, бо ён у мяне адзін.
39 Хапае яго дух, і ён раптам крычыць, і трасе яго, аж пускае пену. І з цяжкасцю адпускае, змучаўшы яго.
40 Я прасіў Тваіх вучняў выгнаць яго, але яны не змаглі».
41 Адказваючы, Езус сказаў: «О пакаленне нявернае і распуснае, дакуль буду з вамі і дакуль буду цярпець вас? Прывядзі сюды свайго сына».
42 А калі ён падыходзіў, злы дух кінуў яго на зямлю і пачаў трэсці. Але Езус забараніў нячыстаму духу, вылечыў хлопца і аддаў яго бацьку.
43 І ўсе дзівіліся велічы Божай.
Другое прадказанне мукі і ўваскрасення

Калі ўсе здзіўляліся ўсяму, што рабіў Езус, Ён сказаў сваім вучням:
44 «Укладзіце сабе ў вушы словы гэтыя, бо Сын Чалавечы будзе выдадзены ў рукі людзей».
45 Але вучні не зразумелі сказанага, таму што гэта было ўкрыта ад іх, каб яны не зразумелі. А спытацца ў Яго пра сказанае баяліся.
Хто большы?

46 Паўстала між вучняў пытанне: хто з іх быў бы большы?
47 Але Езус, пазнаўшы задуму іх сэрца, узяў дзіця, паставіў яго перад сабою
48 і сказаў ім: «Хто прыме гэтае дзіця ў імя Маё, той Мяне прымае. А хто Мяне прымае, прымае таго, хто паслаў Мяне. Бо, хто меншы сярод усіх вас, той будзе вялікі».
У імя Езуса

49 Ян сказаў у адказ: «Настаўнік, мы бачылі кагосьці, хто ў імя Тваё выганяе злых духаў, і забаранялі яму, бо ён не ходзіць з намі».
50 А Езус сказаў яму: «Не забараняйце; бо хто не супраць вас, той за вас».
ПАДАРОЖЖА ЕЗУСА Ў ЕРУЗАЛЕМ

Негасцінныя самаране

51 Калі надышлі дні Яго ўзнясення, Ён цвёрда вырашыў ісці ў Ерузалем
52 і выслаў пасланцоў перад сабою. Пайшоўшы, яны ўвайшлі ў самаранскую вёску, каб падрыхтаваць Яму побыт.
53 Але там не прынялі Яго, бо Ён накіроўваўся ў Ерузалем.
54 Калі вучні Якуб і Ян убачылі гэта, сказалі: «Пане, хочаш, мы скажам, каб агонь сышоў з неба і знішчыў іх?»
55 Але Ён, абярнуўшыся, забараніў ім.
56 І пайшлі ў іншую вёску.
Следаванне за Хрыстом

57 Калі яны былі ў дарозе, хтосьці сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў».
58 А Езус сказаў яму: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы не мае, дзе схіліць галаву».
59 Тады сказаў другому: «Ідзі за Мною». Але той адказаў: «Пане, дазволь мне спачатку пайсці і пахаваць бацьку майго».
60 А Ён сказаў яму: «Пакінь памерлым хаваць сваіх памерлых, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».
61 Яшчэ іншы сказаў: «Я пайду за Табою, Пане, але спачатку дазволь мне развітацца з хатнімі маімі».
62 А Езус сказаў яму: «Ніхто з тых, хто паклаў руку сваю на плуг і азіраецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Лукі, 9 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукі 9 раздзел в переводах:
Лукі 9 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.