1 Паклікаўшы ж дванаццаць вучняў Сваіх, Ён даў ім моц і ўладу над усімі дэманамі і аздараўляць хваробы.
2 І паслаў іх абвяшчаць Валадарства Божае і аздараўляць нядужых.
3 І сказаў ім: «Нічога не бярыце ў дарогу: ані кія, ані торбы, ані хлеба, ані срэбра, і каб двух вопратак ня мелі.
4 І ў які дом увойдзеце, там заставайцеся, і адтуль выпраўляйцеся;
5 і калі дзе ня прыймуць вас, то, выходзячы з таго гораду, абтрасіце і пыл з ног вашых у сьведчаньне супраць іх».
6 Пайшоўшы, яны праходзілі праз мястэчкі, дабравесьцячы і аздараўляючы паўсюль.
7 А тэтрарх Ірад пачуў пра ўсё, што дзеялася праз Яго, і быў зьбянтэжаны, бо адны казалі, што гэта Ян устаў з мёртвых;
8 а другія — што Ільля зьявіўся, а іншыя — што адзін са старадаўніх прарокаў уваскрос.
9 І сказаў Ірад: «Яна я сьцяў. А хто Гэты, пра Якога я чую такое?» І шукаў убачыць Яго.
10 І вярнуўшыся, апосталы расказалі Яму, што яны зрабілі, і Ён, узяўшы іх, пайшоў асобна ў пустыннае месца каля гораду, называнага Бэтсаіда.
11 Але народ, даведаўшыся, пайшоў за Ім; і Ён, прыняўшы іх, гаварыў з імі пра Валадарства Божае, і тых, якія мелі патрэбу ў аздараўленьні, аздараўляў.
12 Калі ж дзень пачаў зыходзіць, прыступіўшы да Яго, Дванаццаць сказалі Яму: «Адпусьці натоўп, каб яны, пайшоўшы ў навакольныя мястэчкі і вёскі, пераначавалі і знайшлі ежу, бо мы тут у пустынным месцы».
13 Ён жа сказаў ім: «Вы дайце ім есьці». А яны сказалі: «У нас няма больш за пяць хлябоў і дзьве рыбы. Хіба што мы, пайшоўшы, купім ежы для ўсіх гэтых людзей?»
14 Бо іх было пяць тысячаў чалавек. Але Ён сказаў вучням Сваім: «Рассадзіце іх шэрагамі па пяцьдзясят».
15 І зрабілі так, і рассадзілі ўсіх.
16 Ён жа, узяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы і зірнуўшы ў неба, дабраславіў іх, паламаў і даў вучням, каб раздалі натоўпу.
17 І елі, і насыціліся ўсе; і назьбіралі пазасталых кавалкаў дванаццаць кашоў.
18 І сталася, калі Ён маліўся асобна, вучні былі з Ім, і Ён спытаўся ў іх, кажучы: «Кім называе Мяне натоўп?»
19 Яны, адказваючы, сказалі: «Янам Хрысьціцелем, а іншыя — Ільлём; а іншыя — што адзін са старадаўных прарокаў уваскрос».
20 Ён жа сказаў ім: «А вы кім называеце Мяне?» Адказваючы, Пётар сказаў: «Хрыстом Божым».
21 Але Ён строга загадаў ім нікому не гаварыць пра гэта,
22 сказаўшы, што Сын Чалавечы мусіць шмат перацярпець, і быць адкінутым старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і будзе забіты, і на трэці дзень уваскрэсьне.
23 Да ўсіх жа сказаў: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца ад самога сябе, і бярэ крыж свой штодзень, і ідзе за Мною.
24 Бо хто хоча збавіць душу сваю, загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне, той збавіць яе.
25 Бо якая карысьць чалавеку здабыць увесь сьвет, а сябе самога загубіць, ці пашкодзіць сабе?
26 Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх, таго Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Сваёй, і Айца, і сьвятых анёлаў.
27 Кажу вам праўдзіва, ёсьць некаторыя з тых, што тут стаяць, якія не пакаштуюць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Божага».
28 І сталася праз восем дзён пасьля словаў гэтых, узяўшы Пятра, Яна і Якуба, Ён узыйшоў на гару маліцца.
29 І калі Ён маліўся, стаўся выгляд аблічча Ягонага іншым, і адзеньне Ягонае сталася белым, бліскучым.
30 І вось, два мужы гутарылі з Ім, а былі гэта Майсей і Ільля,
31 якія, зьявіўшыся ў славе, гаварылі пра зыход Ягоны, што Ён меўся споўніць у Ерусаліме.
32 Пётар жа і тыя, што з ім, былі ахопленыя сном; а прачнуўшыся, убачылі славу Ягоную і двух мужоў, якія стаялі з Ім.
33 І сталася, калі тыя адыходзілі ад Яго, сказаў Пётар Ісусу: «Настаўнік! Добра нам тут быць. Зробім тры намёты: адзін — Табе, адзін — Майсею, і адзін — Ільлі», — ня ведаючы, што кажа.
34 Калі ж ён гаварыў гэтае, зьявілася воблака і агарнула іх; і яны перепалохаліся, калі ўвайшлі ў воблака.
35 І стаўся голас з воблака, які казаў: «Гэта ёсьць Сын Мой улюбёны; Яго слухайце».
36 І калі быў голас гэты, застаўся Ісус адзін. І яны замаўчалі, і нікому не абвясьцілі ў тыя дні, што бачылі.
37 І сталася на наступны дзень, як яны зыйшлі з гары, сустрэў Яго вялікі натоўп.
38 І вось нейкі чалавек з натоўпу крыкнуў, кажучы: «Настаўнік! Малю Цябе, глянь на сына майго, бо ён адзінародны ў мяне.
39 І вось дух бярэ яго, і ён неспадзявана крычыць, і тузае яго з пенай; і ледзь адступае ад яго, разьбіўшы яго.
40 І я прасіў вучняў Тваіх выгнаць яго, і яны не змаглі».
41 Ісус жа, адказваючы, сказаў: «О, пакаленьне бязьвернае і сапсаванае! Дакуль буду з вамі і буду цярпець вас? Прывядзі сюды сына твайго».
42 Калі ж той падыходзіў, дэман кінуў яго і затрос; але Ісус забараніў духу нячыстаму, і аздаравіў хлопца, і аддаў яго бацьку ягонаму.
43 І ўсе дзівіліся велічы Божай. Калі ж усе дзівіліся ўсяму, што ўчыніў Ісус, Ён сказаў вучням Сваім:
44 «Палажыце ў вушы свае словы гэтыя: Сын Чалавечы мае быць выдадзены ў рукі чалавечыя».
45 Але яны не зразумелі слова гэтага, і яно было закрытае ад іх, каб ўцяміць яго; а спытацца ў Яго пра слова гэтае яны баяліся.
46 Прыйшла ж ім думка, хто з іх быў бы большы?
47 А Ісус, убачыўшы думкі сэрца іхняга, узяўшы дзіця, паставіў яго перад Сабою
48 і сказаў ім: «Хто прыйме гэтае дзіця ў імя Маё, Мяне прыймае, а хто Мяне прыйме, прыймае Таго, Які паслаў Мяне. Бо хто з вас меншы за ўсіх, той будзе вялікі».
49 Адказваючы, Ян сказаў: «Настаўнік! Мы бачылі [чалавека], які ў імя Тваё выганяў дэманаў, і забаранілі яму, бо ён ня ходзіць з намі».
50 І сказаў яму Ісус: «Не забараняйце, бо хто ня супраць вас, той за вас».
51 І сталася, калі набліжаліся дні ўзяцьця Яго, Ён зьвярнуў аблічча Сваё ісьці ў Ерусалім
52 і паслаў весьнікаў перад абліччам Сваім. І яны, пайшоўшы, увайшлі ў мястэчка Самаранскае, каб падрыхтаваць [месца] для Яго,
53 але там не прынялі Яго, бо аблічча Ягонае было скіраванае ў Ерусалім.
54 Убачыўшы гэта, вучні Ягоныя Якуб і Ян сказалі: «Госпадзе! Ці хочаш, мы скажам, каб агонь зыйшоў з неба і зьнішчыў іх, як і Ільля зрабіў?»
55 Але Ён, павярнуўшыся да іх, забараніў ім і сказаў: «Ня ведаеце, якога вы духа,
56 бо Сын Чалавечы прыйшоў не загубіць душы чалавечыя, але збавіць». І пайшлі ў другое мястэчка.
57 І сталася, калі яны былі ў дарозе, нехта сказаў Яму: «Я пайду за Табою, куды б Ты ні пайшоў, Госпадзе!»
58 І сказаў яму Ісус: «Лісы маюць норы, і птушкі нябесныя — гнёзды, а Сын Чалавечы ня мае, дзе галаву прыхіліць».
59 А другому сказаў: «Ідзі за Мною». Той сказаў: «Госпадзе! Дазволь мне, адыйшоўшы, перш пахаваць бацьку майго».
60 Але Ісус сказаў яму: «Пакінь мёртвым хаваць мёртвых сваіх, а ты ідзі і абвяшчай Валадарства Божае».
61 І другі сказаў: «Я пайду за Табою, Госпадзе! Але перш дазволь мне разьвітацца з хатнімі маімі».
62 Але Ісус сказаў яму: «Той, хто ўзлажыў руку сваю на плуг і аглядаецца назад, не надаецца да Валадарства Божага».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Лукі, 9 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Лукі 9 раздзел в переводах:
Лукі 9 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.