Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Лукі 10 Лукі 10 раздзел

1 Пасьля гэтага прызначыў Госпад іншых семдзясят і паслаў іх па двое перад абліччам Сваім у кожны горад і месца, куды Сам меўся ісьці.
2 Тады сказаў ім: «Сапраўды, жніво багатае, а работнікаў мала. Дык прасіце Гаспадара жніва, каб выслаў работнікаў на жніво Сваё.
3 Ідзіце! Вось, Я пасылаю вас, як ягнят сярод ваўкоў.
4 Не бярыце ані кайстры, ані торбы, ані сандалаў, і нікога ў дарозе не вітайце.
5 У які ж дом увойдзеце, перш кажыце: “Супакой дому гэтаму!”
6 І калі будзе там сын супакою, то супачыне на ім супакой ваш, а калі не, то да вас вернецца.
7 А ў доме тым заставайцеся, ешце і піце, што ў іх ёсьць; бо работнік варты платы сваёй. Не пераходзьце з дому ў дом.
8 І калі прыйдзеце ў які горад, і прыймуць вас, ешце, што вам дадуць;
9 і аздараўляйце ў іх хворых, і кажыце ім: “Наблізілася да вас Валадарства Божае”.
10 А калі прыйдзеце ў які горад, і ня прыймуць вас, то, выйшаўшы на вуліцу, скажыце:
11 “І пыл, які прыліп да нас ад вашага гораду, абтрасаем вам. Аднак жа ведайце, што наблізілася да вас Валадарства Божае”.
12 Кажу ж вам, што Садому ў дзень той лягчэй будзе, чым гораду гэткаму.
13 Гора табе, Харазін! Гора табе, Бэтсаіда! Бо калі б у Тыры і Сідоне сталіся цуды, якія былі стаўшыся ў вас, яны даўно б навярнуліся, седзячы ў зрэбніцы і попеле.
14 Але Тыру і Сідону лягчэй будзе на судзе, чым вам.
15 І ты, Капэрнаум, які да неба ўзьнёсся, у пекла скінуты будзеш.
16 Хто слухае вас, той Мяне слухае, і хто адкідае вас, той Мяне адкідае. А хто адкідае Мяне, той адкідае і Таго, Хто паслаў Мяне».
17 А семдзясят вярнуліся з радасьцю, кажучы: «Госпадзе! І дэманы падпарадкоўваюцца нам у імя Тваё».
18 Ён жа сказаў ім: «Я бачыў шатана, які ўпаў з неба, як бліскавіца.
19 Вось, Я даю вам уладу наступаць на зьмеяў і скарпіёнаў, і на ўсю сілу варожую, і нішто не пашкодзіць вам.
20 Аднак жа з таго ня радуйцеся, што духі вам падпарадкоўваюцца; але радуйцеся з таго, што імёны вашыя запісаны ў небе».
21 У тую гадзіну ўзрадаваўся Ісус у духу і сказаў: «Вызнаю Цябе, Ойча, Госпадзе неба і зямлі, што Ты схаваў гэтае ад мудрых і разумных, і адкрыў немаўлятам. Так, Айцец, бо гэтак было даспадобы Табе».
22 І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў: «Усё Мне аддадзена Айцом Маім; і Хто ёсьць Сын, ня ведае ніхто, акрамя Айца, і Хто ёсьць Айцец, ня ведае ніхто, акрамя Сына і каму Сын хоча адкрыць».
23 І, павярнуўшыся да вучняў, сказаў ім асобна: «Шчасьлівыя вочы, якія бачаць тое, што вы бачыце!
24 Бо кажу вам, што многія прарокі і валадары хацелі бачыць тое, што вы бачыце, і ня бачылі; і пачуць тое, што вы чуеце, і ня чулі».
25 І вось, нейкі законьнік устаў, спакушаючы Яго і кажучы: «Настаўнік! Што мне рабіць, каб успадкаеміць жыцьцё вечнае?»
26 Ён жа сказаў яму: «У Законе што напісана? Як чытаеш?»
27 Ён жа, адказваючы, сказаў: «Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсёю моцаю тваёю, і ўсім разуменьнем тваім, і бліжняга твайго, як самога сябе».
28 [Ісус] сказаў яму: «Слушна ты адказаў. Рабі гэтак, і будзеш жыць»
29 Але ён, хочучы апраўдацца, сказаў Ісусу: «А хто мой бліжні?»
30 На гэтае сказаў Ісус: «Нейкі чалавек зыходзіў з Ерусаліму ў Ерыхон і натрапіў на разбойнікаў, якія зьнялі з яго вопратку, зьбілі яго і пайшлі, пакінуўшы яго ледзь жывога.
31 Здарылася, што нейкі сьвятар зыходзіў гэтай дарогаю і, убачыўшы яго, прамінуў яго.
32 Таксама і лявіт, апынуўшыся на тым месцы, падыйшоўшы і ўбачыўшы, прамінуў яго.
33 А Самаранін нейкі, ідучы, падыйшоў да яго і, убачыўшы яго, зьлітаваўся.
34 І, падыйшоўшы, перавязаў яму раны, паліўшы алеем і віном; і, пасадзіўшы яго на свайго асла, прывёз яго ў карчму, і паклапаціўся пра яго.
35 А на другі дзень, адыходзячы, дастаў два дынары, даў карчмару і сказаў яму: “Паклапаціся пра яго і, калі выдасі што болей, я, вярнуўшыся, аддам табе”.
36 Хто з гэтых трох, ты думаеш, стаўся бліжнім таму, які натрапіў на разбойнікаў?»
37 Ён сказаў: «Той, які зьлітаваўся над ім». Тады Ісус сказаў яму: «Ідзі і ты рабі гэтак».
38 І сталася, як яны ішлі, прыйшоў Ён у нейкае мястэчка; а адна жанчына, на імя Марта, прыняла Яго ў дом свой.
39 І ў яе была сястра, якую звалі Марыя, якая, сеўшы ля ног Ісуса, слухала слова Ягонае.
40 А Марта завіхалася ва ўсякай паслузе і, стаўшы, сказала: «Госпадзе! Ці ж Цябе не клапоціць, што сястра мая пакінула мяне адну паслугаваць? Скажы ёй, каб дапамагла мне».
41 Адказваючы, Ісус сказаў ёй: «Марта, Марта! Ты клапоцішся і турбуешся пра многае,
42 а адно толькі патрэбна. Марыя ж выбрала добрую частку, якая ня будзе забраная ў яе».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Лукі, 10 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Лукі 10 раздзел в переводах:
Лукі 10 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.