Жанчыны, якія служылі Пану

1 Пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і паселішчах, прапаведуючы і абвяшчаючы Добрую Навіну пра Валадарства Божае. Былі з Ім Дванаццаць,
2 а таксама некаторыя жанчыны, аздароўленыя ад злых духаў і хвароб: Марыя, называная Магдаленай, з якой выйшла сем злых духаў;
3 Яна, жонка Хузы, чыноўніка Ірада; Зузана і шмат іншых, якія дапамагалі ім маёмасцю сваёй.
Прыпавесць пра сейбіта

4 Калі сабраўся вялікі натоўп і людзі з розных гарадоў прыходзілі да Яго, Ён расказаў прыпавесць:
5 «Выйшаў сейбіт сеяць зерне сваё. Калі сеяў, адно ўпала пры дарозе, і было патаптана, і птушкі нябесныя падзяўблі яго.
6 Другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
7 Іншае ўпала між церняў, і разам вырасла, але церні заглушылі яго.
8 Іншае ўпала на добрую зямлю і, калі ўзышло, прынесла плён у сто разоў большы». Кажучы гэта, заклікаў: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
Чаму Езус навучае ў прыпавесцях?

9 Пыталіся ў Яго вучні Ягоныя, што значыць гэтая прыпавесць.
10 А Ён сказаў: «Вам дадзена пазнаць таямніцу Валадарства Божага, а да астатніх гавару ў прыпавесцях, каб, гледзячы, не бачылі і, слухаючы, не разумелі.
Тлумачэнне прыпавесці пра сейбіта

11 Вось што азначае гэтая прыпавесць: зерне — гэта слова Божае.
12 Што пры дарозе — гэта тыя, хто слухае, але потым прыходзіць д’ябал і забірае слова з іхняга сэрца, каб не паверылі і не збавіліся.
13 Што на скале — гэта тыя, хто пачуе і з радасцю прымае слова, але не мае кораня. Яны вераць часова, а ў пару выпрабавання адыходзяць.
14 Што ўпала ў церні — гэта тыя, хто чуе, аднак турботы, багацце і ўцехі жыцця паглынаюць іх, і яны не прыносяць плёну.
15 А што на добрай зямлі — гэта тыя, хто, пачуўшы слова, захоўвае яго ў добрым і чыстым сэрцы і прыносіць у цярплівасці плён.
Прыпавесць пра светач

16 Ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінай і не ставіць пад ложак, але ставіць яго на свечніку, каб тыя, хто ўваходзіць, бачылі святло.
17 Бо няма нічога схаванага, што б не стала яўным, і нічога таемнага, пра што б не стала вядома і што б не выявілася.
18 Таму зважайце, як слухаеце. Бо хто мае, таму дадзена будзе, а хто не мае, у таго адымецца і тое, што, як здаецца яму, ён мае».
Маці і браты Езуса

19 Прыйшлі да Яго Маці Ягоная і браты Ягоныя. І не маглі наблізіцца да Яго з-за натоўпу.
20 Тады паведамілі Яму: «Маці Твая і браты Твае стаяць звонку, жадаючы ўбачыць Цябе».
21 Ён сказаў ім у адказ: «Маці Мая і браты Мае — гэта тыя, хто слухае слова Божае і выконвае яго».
Суцішэнне буры

22 У адзін з тых дзён Ён увайшоў у човен, а за Ім вучні Яго. І сказаў ім: «Пераправімся на другі бок возера». І адплылі.
23 Пакуль плылі, Ён заснуў. І паднялася на возеры бура ад ветру, і човен стаў залівацца вадой, і яны апынуліся ў небяспецы.
24 Тады вучні падышлі да Езуса, абудзілі Яго і сказалі: «Настаўнік, Настаўнік, мы гінем!» Ён падняўся і загадаў ветру і хвалям — і яны спыніліся, і настала ціша.
25 Тады сказаў ім: «Дзе ваша вера?» Яны, спалоханыя, дзівіліся, кажучы адзін аднаму: «Хто ж Ён такі, што загадвае вятрам і вадзе, і яны Яго слухаюцца?»
Выгнанне злых духаў

26 І прыплылі яны ў край геразенаў, што насупраць Галілеі.
27 Калі ж Ён выйшаў на сушу, сустрэў Яго адзін чалавек з горада, які быў апанаваны злым духам, з даўняга часу не апранаў адзенне і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
28 Убачыўшы Езуса, ён упаў перад Ім і гучна закрычаў: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Прашу Цябе, не муч мяне».
29 Бо Езус загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека, таму што той доўгі час мучыў яго, так што звязвалі ланцугамі і трымалі ў кайданах яго, але ён разрываў путы і злы дух гнаў яго на пустынныя месцы.
30 Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Легіён», бо шмат злых духаў увайшло ў яго.
31 І малілі Езуса, каб Ён не загадаў ім пайсці ў бездань.
32 А быў там вялікі статак свіней, якія пасвіліся на гары. І злыя духі малілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
33 Тады злыя духі выйшлі з чалавека і ўвайшлі ў свіней. І кінуўся статак з кручы ў возера, і патануў.
34 Пастухі, убачыўшы тое, што здарылася, уцяклі і расказалі ў горадзе і вёсках.
35 А людзі выйшлі паглядзець, што адбылося. Прыйшлі да Езуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі злыя духі, сядзеў апрануты і ў розуме каля ног Езуса, і спалохаліся.
36 Бо відавочцы расказалі ім, як быў аздароўлены апанаваны злымі духамі.
37 Увесь люд краю геразенаў прасіў Яго пайсці ад іх, бо іх ахапіў вялікі страх. Езус увайшоў у човен і вярнуўся.
38 А той чалавек, з якога выйшлі злыя духі, стаў прасіць Езуса застацца з Ім. Але Ён адпусціў яго, кажучы:
39 «Вярніся да дому свайго і раскажы ўсё, што ўчыніў табе Бог». Той пайшоў і распавёў па ўсім горадзе ўсё, што ўчыніў яму Езус.
Аздараўленне жанчыны і ўваскрашэнне дачкі Яіра

40 Калі Езус вярнуўся, натоўп прывітаў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў чалавек, па імені Яір, які быў кіраўніком сінагогі. Ён прыпаў да ног Езуса і стаў упрошваць Яго зайсці да дому ягонага,
42 таму што яго адзіная дачка, узростам каля дванаццаці гадоў, памірала. Калі Езус пайшоў, натоўп ціснуўся да Яго.
43 І была адна жанчына, якая дванаццаць гадоў цярпела на крывацёк і растраціла ўсю маёмасць сваю на лекараў, але ніхто не мог вылечыць яе.
44 Яна, падышоўшы ззаду да Езуса, дакранулася да краю плашча Ягонага, і адразу ж спыніўся крывацёк у яе.
45 А Езус спытаўся: «Хто дакрануўся да Мяне?» Калі ж усе адмаўлялі, Пётр сказаў: «Настаўнік, народ тоўпіцца вакол Цябе і цісне».
46 Але Езус сказаў: «Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў, як сіла выйшла з Мяне».
47 Тады жанчына, убачыўшы, што яна не ўтаілася, з трымценнем падышла і, упаўшы перад Ім, прызналася перад усімі людзьмі, чаму дакранулася да Яго і як адразу выздаравела.
48 Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе, ідзі ў спакоі».
49 Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў нехта з дому ад кіраўніка сінагогі і сказаў: «Твая дачка памерла, больш не турбуй Настаўніка».
50 Але Езус, пачуўшы гэта, адказаў яму: «Не бойся, толькі вер — і яна будзе ўратаваная».
51 Прыйшоўшы ў дом, Ён не пусціў з сабой нікога, акрамя Пятра, Яна і Якуба, бацькі і маці дзяўчынкі.
52 І ўсе галасілі і смуткавалі па ёй. Але Ён сказаў: «Не плачце, яна не памерла, а спіць».
53 Насміхаліся з Яго, бо ведалі, што яна памерла.
54 Тады Ён, узяўшы яе за руку, паклікаў яе: «Дзяўчынка, устань!»
55 І вярнуўся дух яе. Яна адразу паднялася, а Ён загадаў даць ёй паесці.
56 Здзівіліся бацькі яе. А Езус наказаў ім нікому не расказваць, што адбылося.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Лукі, 8 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Лукі 8 раздзел в переводах:
Лукі 8 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда
  14. Ветхий Завет в Новом


2007–2025. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.