1 І сталася: неўзабаве пасля гэтага Ён праходзіў па гарадах і сёлах, абвяшчаючы і добравесцячы Царства Божае, і з Ім дванаццаць,
2 і некаторыя жанчыны, што былі вылечаны ад ліхіх духаў і немачаў: Марыя, званая Магдалінаю, з якой выйшла сем дэманаў,
3 і Іаанна, жонка Худзы, Ірадавага аканома, і Сусанна, і многія іншыя, што служылі ім13 сваёю маёмасцю.
4 Калі ж сабраўся вялікі натоўп і папрыходзілі да Яго з усіх гарадоў, Ён выказаўся прыпавесцю:
5 Выйшаў сейбіт пасеяць сваё насенне. І калі сеяў, адно ўпала край дарогі і было патаптана, і нябесныя птушкі падзяўблі яго.
6 А другое ўпала на скалу і, узышоўшы, засохла, бо не мела вільгаці.
7 А іншае ўпала між церняў, ды церні, вырасшы разам з ім, заглушылі яго.
8 А іншае ўпала ў добрую зямлю і, калі вырасла, дало стакротны плён. — Сказаўшы гэта, Ён усклікнуў: Хто мае вушы, каб чуць, няхай чуе!
9 І Яго вучні пыталіся ў Яго: Што б значыла гэтая прыпавесць?
10 Ён жа сказаў: Вам дадзена пазнаць таямніцы Царства Божага, а астатнім — у прыпавесцях, каб яны бачачы не бачылі і чуючы не разумелі.
11 Вось што азначае гэтая прыпавесць: насенне — гэта слова Божае.
12 І якое край дарогі — гэта тыя, што пачулі, пасля прыходзіць д’ябал і забірае слова з іх сэрца, каб яны не ўверавалі і не былі ўратаваны.
13 А на скале — гэта тыя, што пачуўшы, з радасцю прымаюць слова, ды не маюць кораня, яны вераць да часу і ў часе выпрабавання адступаюць.
14 А ўпалае між церняў — гэта тыя, што пачулі, але, жывучы, душацца турботамі, багаццем і жыццёвымі раскошамі і плёну не даюць.
15 А на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, берагуць у добрым і шчырым сэрцы і ў стойкасці даюць плод.
16 І ніхто, запаліўшы светач, не накрывае яго пасудзінаю ці не ставіць пад ложак, а ставіць яго на падстаўку, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
17 Бо няма нічога таемнага, што не зробіцца яўным, ні схаванага, што не будзе вядомым і не выявіцца.
18 Дык глядзіце, як вы слухаеце; бо хто мае, таму дасца; а хто не мае, у таго забярэцца і тое, што, яму здаецца, ён мае.
19 І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго і не маглі падступіцца да Яго з-за натоўпу.
20 І паведамілі Яму: Твая Маці і Твае браты стаяць знадворку і хочуць убачыць Цябе.
21 Ён да ў адказ сказаў ім: Мая Маці і Мае браты — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выконваюць яго.
22 І сталася: аднаго дня Ён і Яго вучні ўвайшлі ў лодку, і Ён сказаў ім: Пераплывем на другі бок возера. — І яны ад’ехалі.
23 А калі плылі, Ён заснуў. І наляцеў бурны вецер на возера, і іх пачало заліваць, і яны былі ў небяспецы.
24 І, падышоўшы, яны разбудзілі Яго, кажучы: Настаўніку, Настаўніку, гінем! — І Ён, устаўшы, забараніў ветру і хваляванню вады; і яны супакоіліся, і настала ціша.
25 І Ён сказаў ім: Дзе ваша вера? — Яны ж, перапалоханыя, здзівілся, кажучы адзін аднаму: Хто ж Гэты, што загадвае нават вятрам і вадзе, і яны слухаюцца Яго?
26 І прыплылі ў краіну герасінцаў14, што насупроць Галілеі.
27 Калі ж Ён выйшаў на зямлю, перастрэў Яго адзін чалавек з горада, апантаны дэманамі; і даволі доўгі час ён не надзяваў вопраткі і жыў не ў доме, а ў магільных пячорах.
28 Убачыўшы ж Ісуса, ён закрычаў, упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Усявышняга Бога? Малю Цябе, не муч мяне.
29 Бо Ён загадаў нячыстаму духу выйсці з гэтага чалавека. Бо доўгі час ён хапаў яго і звязалі таго ланцугамі і кайданамі і сцераглі, ды ён разрываў аковы, і дэман гнаў яго ў пустэльні.
30 І Ісус спытаўся ў яго: Як тваё імя? — Ён да сказаў: Легіён, — таму што шмат дэманаў увайшло ў яго.
31 І яны прасілі Яго, каб не загадаў ім ісці ў бяздонне.
32 А там быў вялікі гурт свіней, якія пасвіліся на гары; і папрасілі Яго, каб дазволіў ім увайсці ў тых. І Ён дазволіў ім.
33 І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіней, і рынуўся гурт са стромы ў возера і ўтапіўся.
34 Пастухі ж, убачыўшы, што зрабілася, паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках.
35 І тыя выйшлі паглядзець, што здарылася, і прыйшлі да Ісуса і знайшлі, што чалавек, з якога выйшлі дэманы, сядзіць у нагах Ісуса апрануты і ў здаровым розуме, і перапалохаліся.
36 Відавочцы ж расказалі ім, як быў уратаваны апантаны дэманамі.
37 І ўвесь народ Герасінскай ваколіцы папрасіў Яго адысці ад іх, бо вялікі страх ахапіў іх; і Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
38 А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім; Ён жа адпусціў яго, кажучы:
39 Вяртайся ў свой дом і расказвай, як шмат зрабіў табе Бог. — І той пайшоў, абвяшчаючы па ўсім горадзе, як шмат зрабіў яму Ісус.
40 І калі Ісус вяртаўся, яго прымаў натоўп; бо ўсе чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў чалавек імем Іяір, які быў начальнікам сінагогі, і, упаўшы да ног Ісуса, прасіў Яго ўвайсці ў яго дом,
42 бо ў яго была адзіная дачка гадоў каля дванаццаці, і яна памірала. І калі Ён ішоў, натоўпы напіралі на Яго.
43 І жанчына, што цярпела на крывацёк дванаццаць гадоў і выдала на дактароў усю маёмасць, і ніхто не мог яе вылечыць, —
44 падышоўшы ззаду, дакранулася да краю Яго вопраткі, і адразу спыніўся ў яе крывацёк.
45 І Ісус спытаўся: Хто дакрануўся да Мяне? — Калі ж усе адмаўляліся, Пётр сказаў [і тыя, што з ім]: Настаўніку, натоўпы абступілі Цябе і сціскаюць, [а Ты пытаешся: «Хто дакрануўся да Мяне?»]
46 Ісус жа сказаў: Хтосьці дакрануўся да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
47 Жанчына ж, убачыўшы, што не ўтаілася, падышла дрыжучы і, упаўшы перад Ім, аб’явіла [Яму] перад усім народам, з якое прычыны дакранулася да Яго, і як адразу вылечылася.
48 Ён жа сказаў ёй: [Мацуйся], дачка, твая вера ўратавала цябе; ідзі з мірам.
49 Калі яшчэ Ён гаварыў, прыходзіць адзін з дому начлаьнікам сінагогі, кажучы: Памерла твая дачка; не турбуй больш Настаўніка.
50 Але Ісус, пачуўшы гэта, адказаў яму: Не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратавана.
51 І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці з Ім нікому, акрамя Пятра, Іаана і Іякава, і бацькі дзяўчынкі, і маці.
52 А ўсе плакалі па ёй і білі сябе ў грудзі. Ён жа сказаў: Не плачце, бо яна не памерла, а спіць.
53 І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна памерла.
54 Ён жа, узяўшы яе за руку, усклікнуў, кажучы: Дзяўчынка, устань!
55 І вярнуўся дух яе, і яна зараз жа ўстала, і Ён распарадзіўся, каб далі ёй есці.
56 І ўразіліся яе бацькі; Ён жа загадаў ім нікому не расказваць пра тое, што адбылося.

Зноскі:

3 13: У некат. рукар.: Яму.
26 14: У некат. рукап.: гадарынаў.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Лукі, 8 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Лукі 8 раздзел в переводах:
Лукі 8 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.