Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Лукі 8 Паводле Лукі 8 раздзел

1 І ста́лася пасля гэтага: Ён праходзіў па гарадах і вёсках, прапаве́дуючы і дабраве́сцячы Царства Божае, і дванаццаць з Ім,
2 і некато́рыя жанчыны, што былí ацалёныя ад духаў злых і не́мачаў: Марыя, зва́ная Магдалíнаю, з якой выйшла сем дэманаў,
3 Іаанна, жонка Хузы́, домаўпра́ўніка Ірадавага, і Суса́нна, і многія іншыя, што служы́лі Яму маёмасцю сваёй.
4 Калі ж сабра́лася мноства народу і з усіх гарадоў папрыхо́дзілі да Яго, Ён сказаў прытчай:
5 выйшаў се́йбіт сеяць насе́нне сваё; і калі сеяў, адно ўпала пры дарозе і было́ патапта́на, і птушкі нябесныя падзяўблí яго;
6 а іншае ўпала на ка́мень і, узышоўшы, засохла, бо не ме́ла вíльгаці;
7 а іншае ўпала ў це́рні, і вы́раслі це́рні і заглушы́лі яго;
8 а іншае ўпала на добрую зямлю і, узышоўшы, урадзíла плод у сто крат. Сказаўшы гэта, Іісус заклíкаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
9 Вучні ж Яго пыталіся ў Яго, ка́жучы: што б зна́чыла прытча гэтая?
10 Ён жа сказаў: вам да́дзена ведаць тайны Царства Божага, а аста́тнім — у прытчах, каб яны ба́чачы не бачылі і чу́ючы не разумелі.
11 Вось што значыць прытча гэтая: насе́нне ёсць сло́ва Божае;
12 і якое пры дарозе — гэта тыя, што слухаюць, але потым прыхо́дзіць дыявал і забірае сло́ва з сэ́рцаў іх, каб не ўве́равалі яны і не спаслíся;
13 а якое на ка́мень ўпа́ла — гэта тыя, што, пачуўшы, з радасцю прыма́юць сло́ва, але яны не ма́юць ко́раня і да часу веруюць, а ў час выпрабава́ння адпада́юць;
14 а што ўпала ў це́рні — гэта тыя, што пачулі, але турботамі, багаццем і ўце́хамі жыццёвымі на шляху́ сваім заглуша́юцца і не даюць плёну;
15 а што на добрай зямлі — гэта тыя, што, пачуўшы слова, захоўваюць яго ў шчы́рым і добрым сэрцы і даюць плод у цярплíвасці. Сказаўшы гэта, Іісус заклíкаў: хто ма́е вушы, каб чуць, няхай чуе!
16 Ніхто, запалíўшы свечку, не пакрыва́е яе пасу́дзінай або не ставіць пад ложак, а ставіць яе на падсве́чнік, каб тыя, што ўваходзяць, бачылі святло.
17 Бо няма нічога тае́мнага, што́ не стала б я́ўным, ні схава́нага, што не стала б вядомым і не вы́явілася.
18 Так што сачы́це, як вы слухаеце; бо хто ма́е, таму да́дзена будзе, а хто не ма́е, ады́мецца ў таго і тое, што ён думае, нíбы ма́е.
19 І прыйшлі да Яго Маці і браты Яго, і не маглі даступíцца да Яго з-за натоўпу.
20 І паве́дамілі Яму, ка́жучы: Маці Твая і браты Твае стаяць на дварэ і хочуць Цябе ўбачыць.
21 Ён жа сказаў ім у адказ: Маці Мая? і браты Мае? — гэта тыя, што слухаюць слова Божае і выко́нваюць яго.
22 І ста́лася ў адзін з тых дзён: увайшоў Ён у лодку з вучнямі Сваімі і сказаў ім: перапра́вімся на той бок возера. І яны адплылí.
23 Калі ж плылí, Ён заснуў. І наляцеў бу́рны вецер на возера, і пачало́ заліваць іх, і былí яны ў небяспе́цы.
24 І, падышоўшы, разбудзілі Яго і сказалі: Настаўнік! Настаўнік! мы гінем! Ён жа, устаўшы, забаранíў ветру і хва́лям вады, і яны супако́іліся і настала цíша.
25 Тады Ён сказаў ім: дзе вера ваша? Яны ж, спало́ханыя, дзівíліся і казалі адзін аднаму: хто ж гэта Ён, што і вятра́м загадвае і вадзе, і слухаюцца Яго?
26 І прыплылí ў зямлю Гадары́нскую, што насу́праць Галілеі.
27 Калі ж Ён выйшаў на зямлю, сустрэў Яго нейкі чалавек з горада, апанта́ны дэманамі з даўняга часу, і адзе́ння не насіў ён, і ў доме не жыў, а ў магíльных пячорах.
28 Убачыўшы Іісуса і закрычаўшы, ён упаў перад Ім і моцным голасам сказаў: што́ Табе да мяне, Іісусе, Сы́не Бога Усявышняга? малю́ Цябе, не муч мяне.
29 Таму што загадаў Іісус духу нячыстаму вы́йсці з чалавека; бо доўгі час той хапа́ў яго, і звя́звалі яго ланцуга́мі і ако́вамі, і сцераглí; але ён разрыва́ў пу́ты, і дэман гнаў яго ў пусты́ні.
30 І спытаўся ў яго Іісус, ка́жучы: як імя́ тваё? Той адказаў: легіён; бо многа дэманаў увайшло ў яго.
31 І яны прасілі Іісуса, каб не загадаў ім ісці ў бе́здань.
32 Пасвіўся ж там вялікі ста́так свіне́й на гары; і папрасілі Яго дэманы, каб дазволіў ім увайсці ў іх. І дазволіў ім.
33 І дэманы, выйшаўшы з чалавека, увайшлі ў свіне́й; і ры́нуўся ста́так з кру́чы ў возера і патану́ў.
34 Пастухі ж, убачыўшы, што зда́рылася, пабе́глі ды абвясцíлі ў горадзе і ў вёсках.
35 І людзі выйшлі пабачыць, што зда́рылася; і прыйшлі да Іісуса і знайшлі, што чалавек, з якога вы́йшлі дэманы, сядзíць каля ног Іісуса адзе́ты і пры розуме; і спало́халіся.
36 А тыя, хто бачыў, расказалі ім, як быў вы́ратаваны апанта́ны.
37 І прасіў Яго ўвесь люд кра́ю Гадары́нскага адысцí ад іх, бо стра́хам вялікім былí яны ахо́плены. І Ён, увайшоўшы ў лодку, вярнуўся.
38 А чалавек, з якога выйшлі дэманы, прасіў Яго, каб быць з Ім. Але Іісус адпусціў яго, ка́жучы:
39 вяртайся ў дом твой і расказвай, што́ зрабіў табе Бог. І ён пайшоў, абвяшча́ючы па ўсім горадзе, што́ зрабіў яму Іісус.
40 І ста́лася: калі вярнуўся Іісус, народ прыня́ў Яго, бо ўсе чакалі Яго.
41 І вось прыйшоў чалавек, íмем Іаíр, які быў старэйшынам сінагогі; і, упаўшы да ног Іісуса, ён прасіў Яго ўвайсці ў дом яго,
42 бо ў яго была́ адзіная дачка́, гадоў двана́ццаці, і яна паміра́ла. Калі ж Ён ішоў, народ напіра́ў на Яго.
43 І жанчына, якая ме́ла кровацячэ́нне ўжо дванаццаць гадоў, і патра́ціла на ле́караў усю маёмасць ды ні ў аднаго не магла вы́лечыцца,
44 падышоўшы ззаду, дакрану́лася да кра́ю вопраткі Яго; і адразу спынíлася кровацячэ́нне ў яе.
45 І сказаў Іісус: хто дакрану́ўся да Мяне? Калі ж адмаўляліся ўсе, казаў Пётр і тыя, што з ім: Настаўнік! народ абступіў Цябе і напіра́е, а Ты гаворыш: хто дакрану́ўся да Мяне?
46 Але Іісус сказаў: дакрану́ўся нехта да Мяне, бо Я адчуў сілу, што выйшла з Мяне.
47 Жанчына, убачыўшы, што не ўтаíлася, дрыжучы́, падышла і, упаўшы перад Ім, паве́даміла Яму перад усім народам, з якой прычыны дакрану́лася да Яго і як ацалíлася адразу.
48 Ён жа сказаў ёй: мацу́йся, дачка́! вера твая ўратава́ла цябе; ідзі з мірам.
49 Яшчэ калі Ён гаварыў, прыходзіць нехта з дому старэ́йшыны сінагогі і кажа яму: паме́рла дачка́ твая, не турбуй ужо Настаўніка.
50 Іісус жа, пачуўшы гэта, сказаў, звярта́ючыся да яго: не бойся, толькі веруй, і яна будзе ўратава́на.
51 І, прыйшоўшы ў дом, Ён не дазволіў увайсці нікому, апрача́ Пятра, Іаана і Іакава, і ба́цькі дзяўчынкі і маці.
52 Усе пла́калі і рыда́лі па ёй. Ён жа сказаў: не пла́чце, яна не паме́рла, а спіць.
53 І насміхаліся з Яго, ведаючы, што яна паме́рла.
54 Ён жа, вы́правадзіўшы ўсіх прэч і ўзяўшы яе за руку́, усклікнуў, ка́жучы: дзяўчынка! устань.
55 І вярнуўся дух яе, і падняла́ся адразу; і Ён загадаў даць ёй есці.
56 І моцна ўра́зіліся бацькí яе. Ён жа загадаў ім не расказваць нікому пра тое, што адбыло́ся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Лукі, 8 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукі 8 раздзел в переводах:
Лукі 8 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.