Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Лукі 18 Паводле Лукі 18 раздзел

1 Сказаў жа Ён ім і прытчу пра тое, што трэба заўсёды маліцца і не па́даць духам,
2 ка́жучы: у адным горадзе быў нейкі суддзя́, які Бога не баяўся і людзей не саро́меўся.
3 І была́ ў тым горадзе адна ўдава́; і яна прыхо́дзіла да яго і казала: абаранí мяне ад працíўніка майго.
4 А ён доўга не хацеў. Потым жа сказаў сам сабе: хоць я і Бога не баюся, і людзей не саро́меюся,
5 але паколькі ро́біць мне кло́пат гэтая ўдава́, абараню́ яе, каб яна не прыхо́дзіла бяско́нца і не дакуча́ла мне.
6 І сказаў Гасподзь: чуеце, што гаво́рыць суддзя́ няпра́ведны?
7 А хіба́ Бог не ста́не на абарону абра́ннікаў Сваіх, якія клíчуць Яго дзень і ноч, і будзе мару́дзіць у дачыне́нні да іх?
8 Кажу вам, што Ён хутка ста́не на абаро́ну іх. Аднак, Сын Чалавечы, прыйшо́ўшы, ці зно́йдзе веру на зямлі?
9 Сказаў жа і да некато́рых, што былí ўпэ́ўнены ў сабе, бы́ццам яны пра́веднікі, а іншых прыніжа́лі, такую прытчу:
10 два чалавекі ўвайшлі ў храм памалíцца: адзін фарысей, а другі мы́тнік.
11 Фарысей, стаўшы, маліўся сам у сабе так: Божа! дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі — рабаўнікí, няпра́ведныя, распу́снікі, або як гэты мы́тнік:
12 пашчу́ два разы на тыдзень, даю́ дзесяцíну з усяго, што набыва́ю.
13 Мы́тнік жа, сто́ячы во́ддаль, не смеў і вачэй узня́ць да неба, а біў сябе ў грудзі, ка́жучы: Божа! будзь мíласцівы да мяне, грэшнага.
14 Кажу вам, што гэты пайшоў у дом свой больш апраўда́ны, чым той: бо кожны, хто ўзвыша́е сябе, будзе прынíжаны, а хто прыніжа́е сябе, будзе ўзвы́шаны.
15 Прыно́сілі да Яго і малы́х дзяцей, каб Ён дакрану́ўся да іх; убачыўшы гэта, вучні забараня́лі ім.
16 Іісус жа, паклікаўшы іх, сказаў: пусцíце дзяцей прыхо́дзіць да Мяне і не перашкаджа́йце ім, бо такім нале́жыць Царства Божае;
17 праўду кажу вам: хто не пры́ме Царства Божага, як дзіця́, той не ўвойдзе ў яго.
18 І спытаўся ў Яго нейкі начальнік, ка́жучы: Настаўнік Добры! што мне рабіць, каб унасле́даваць жыццё вечнае?
19 Сказаў жа яму Іісус: чаму ты называеш Мяне добрым? ніхто не добры, толькі адзін Бог;
20 ведаеш за́паведзі: «не пралюбадзе́йнічай, не забіва́й, не крадзь, не све́дчы лжы́ва, шануй бацьку твайго і маці тваю».
21 Ён жа сказаў: усё гэта захава́ў я з юна́цтва майго.
22 Пачуўшы гэта, Іісус сказаў яму: яшчэ аднаго табе не хапа́е: усё, што маеш, прада́й і разда́й убогім, і будзеш мець скарб на небе, і прыходзь, і ідзі за Мною.
23 Ён жа, пачуўшы гэта, моцна засмуцíўся, таму што быў вельмі багаты.
24 Убачыўшы, што той моцна засмуцíўся, Іісус сказаў: як цяжка тым, хто ма́е багацце, увайсцí ў Царства Божае!
25 Бо лягчэ́й вярблюду прайсцí праз іго́льнае ву́шка, чым багатаму ўвайсцí ў Царства Божае.
26 І сказалі тыя, што чулі: хто ж тады можа спасцíся?
27 Ён жа сказаў: немагчы́мае лю́дзям магчы́ма Богу.
28 І сказаў Пётр: вось, мы ўсё пакíнулі і пайшлі ўслед за Табою.
29 Ён жа сказаў ім: праўду кажу вам: няма нікога, хто пакíнуў дом, ці бацькоў, ці братоў, ці сясцёр, ці жонку, ці дзяцей дзеля Царства Божага,
30 і не атрымае ў шмат разоў больш у час гэты, а ў веку будучым жыцця́ вечнага.
31 І, узяўшы дванаццаць вучняў, сказаў ім: вось, мы ўзыхо́дзім у Іерусалім, і збу́дзецца ўсё напíсанае прарокамі пра Сына Чалавечага:
32 бо Ён вы́дадзены будзе язычнікам і абсмяя́ны, і знява́жаны, і аплява́ны,
33 і пасля бічава́ння заб’юць Яго; і на трэці дзень уваскрэ́сне.
34 Але яны нічога з гэтага не зразумелі; і было́ слова гэтае скры́та ад іх, і яны не ўсведамля́лі ска́занага.
35 І ста́лася: калі Ён набліжа́ўся да Іерыхо́на, нейкі сляпы́ сядзеў пры дарозе, жабру́ючы;
36 і пачуўшы, што міма прахо́дзіць натоўп, пытаўся: што гэта такое?
37 Паве́дамілі яму, што Іісус Назаранíн прахо́дзіць.
38 І закрычаў ён, ка́жучы: Іісусе, Сыне Давідаў, памíлуй мяне!
39 І тыя, што ішлі спе́раду, патрабава́лі ад яго, каб замоўк, але ён яшчэ мацне́й крычаў: Сыне Давідаў, памілуй мяне!
40 Спынíўшыся, Іісус загадаў прыве́сці яго да Сябе. Калі ж той наблíзіўся да Яго, спытаў яго,
41 ка́жучы: што хочаш, каб Я зрабіў табе? Ён жа сказаў: Госпадзі! каб я стаў бачыць.
42 Іісус сказаў яму: стань віду́шчым! вера твая ўратава́ла цябе.
43 І ён адразу стаў бачыць і пайшоў услед за Ім, сла́вячы Бога. І ўсе людзі, пабачыўшы гэта, узне́слі хвалу́ Богу.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Лукі, 18 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Лукі 18 раздзел в переводах:
Лукі 18 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.