Библия БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Лукі, 17 Паводле Лукі, 17 глава

1 Сказаў жа Ён вучням Сваім: немагчы́ма, каб не прыйшлí спаку́сы, але гора таму, праз каго яны прыхо́дзяць;
2 лепш было б яму́, калі б жаро́н млынавы́ павесілі на шы́ю яму́ ды ўкíнулі ў мора, чым каб ён спакусíў аднаго з малы́х гэтых.
3 Будзьце ўва́жлівымі да сябе. Калі саграшы́ць су́праць цябе брат твой, вы́гавары яму, і калі пака́ецца, дару́й яму;
4 і калі сем разоў на дзень саграшы́ць су́праць цябе, і сем разоў на дзень зве́рнецца, ка́жучы: ка́юся, — дару́й яму.
5 І сказалі Апосталы Госпаду: прымно́ж нам веру.
6 Гасподзь жа сказаў: калі б вы ме́лі веру з гарчы́чнае зе́рне і сказалі шаўко́ўніцы гэтай: вы́рвіся з ко́ранем і перасадзíся ў мора, — і яна паслу́халася б вас.
7 Хто з вас, ма́ючы раба́, які арэ́ ці пасе́, пасля вярта́ння яго з поля, скажа яму: адразу ж ідзі за стол?
8 А хіба́ не скажа яму: прыгату́й мне павячэ́раць і, падпераза́ўшыся, служы́ мне, паку́ль буду есці і піць, а потым еж і пі сам?
9 Ці падзякуе ён рабу гэтаму, што зрабіў зага́данае? Не думаю.
10 Так і вы, калі зробіце ўсё зага́данае вам, кажыце: мы нічога не ва́ртыя рабы, бо зрабілі тое, што павінны зрабіць.
11 І ста́лася: ідучы́ ў Іерусалім, Ён прахо́дзіў паміж Самары́яй і Галіле́яй.
12 І калі ўваходзіў Ён у нейкае паселішча, сустрэлі Яго дзесяць чалавек пракажоных, якія спыніліся воддаль;
13 і яны голасна казалі: Іісусе Настаўнік, памілуй нас.
14 І, убачыўшы, Ён сказаў ім: ідзіце, пакажыцеся святарам. І сталася: калі яны ішлі — ачы́сціліся.
15 Адзін жа з іх, убачыўшы, што ацаліўся, вярнуўся, голасна славячы Бога,
16 і ўпаў ніц да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранíн.
17 І ў адказ Іісус сказаў: ці не дзесяць ачысціліся? а дзе ж дзевяць?
18 хіба́ не знайшлося з іх нікога, хто б вярнуўся аддаць хвалу Богу, акрамя гэтага іншародца?
19 І сказаў яму: устань і ідзі, вера твая ўратавала цябе.
20 А як спыталіся фарысеі, калі пры́йдзе Царства Божае, Ён, адка́зваючы ім, сказаў: не пры́йдзе Царства Божае прыкме́тна,
21 і не скажуць: «вось, яно тут», ці: «вось, там». Бо вось, Царства Божае ўнутры́ вас.
22 Сказаў жа вучням Сваім: пры́йдуць дні, калі пажада́еце ўба́чыць хоць бы адзін з дзён Сына Чалавечага, і не ўбачыце;
23 і скажуць вам: «вось, тут», ці: «вось, там», — не выходзьце і не ганяйцеся;
24 бо як маланка, блíскаючы, ад аднаго краю нябёс да другога свеціць, так будзе Сын Чалавечы ў дзень Свой.
25 Але перш нале́жыць Яму многа адпаку́таваць і быць адры́нутым родам гэтым.
26 І як было́ ў дні Ноя, так будзе і ў дні Сы́на Чалавечага:
27 елі, пілí, жаніліся, выхо́дзілі за́муж да таго дня, як увайшоў Ной у каўчэг; і прыйшоў патоп і вы́нішчыў усіх.
28 Таксама, як было і ў дні Лота: елі, пілí, купля́лі, прадава́лі, садзíлі, будава́лі;
29 а ў той дзень, калі вы́йшаў Лот з Садо́ма, пралілíся дажджом з неба агонь і се́ра і вы́нішчылі ўсіх;
30 так будзе і ў той дзень, калі Сын Чалавечы я́віцца.
31 У той дзень хто будзе на да́ху, а рэ́чы яго ў доме, няхай не сыхо́дзіць узяць іх; і хто будзе на полі, таксама няхай не вярта́ецца назад.
32 Па́мятайце пра жонку Лотаву.
33 Хто будзе старацца ўратава́ць душу́ сваю, той загу́біць яе, а хто загу́біць яе, той ажы́віць яе.
34 Кажу вам: у тую ноч будуць двое на адной пасцелі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты;
35 будуць дзве разам малоць: адна будзе ўзя́та, а другая пакíнута;
36 двое будуць на полі: адзін будзе ўзя́ты, а другі пакíнуты.
37 І ў адказ сказалі яму: дзе, Госпадзí Ён жа сказаў ім: дзе це́ла, там збяру́цца і арлы.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Лукі, 17 глава. Пераклад праваслаўнай царквы

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейская камісія БПЦ
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.