Библия Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Лукі, 17 Эвангельле Лукі, 17 глава

1 І сказаў Ісус да вучняў сваіх: спакусы ня могуць ня прыйсьці, але го́ра таму, праз каго яны прыходзяць:
2 ле́пей было-б яму, калі б камень ад жорнаў паве́сілі яму на шыю і кінулі яго ў мора, чымся каб ён спакусіў аднаго з малых гэтых.
3 Глядзіце-ж за сабою. Калі-ж саграшыць проці цябе́ брат твой, дакарай яго і, калі пакаецца, даруй яму;
4 і калі сем разоў у дзе́нь саграшыць проці цябе́ і се́м разоў у дзе́нь зьве́рнецца да цябе́ ды скажа: «каюся», даруй яму.
5 І сказалі апосталы Госпаду: дадай нам ве́ры.
6 Госпад сказаў: калі-б вы ме́лі ве́ру з зе́рне гарчычнае і сказалі смакоўніцы гэтай: вы́караніся і перасадзіся ў мора, то яна паслухала-б вас.
7 А хто з вас, маючы слугу, што гарэ ці пасе́, калі ён прыдзе з поля, скажа яму: ідзі хутчэй, сядай за стол?
8 Дык ці ж ня скажа яму: прырыхтуй мне́ павячэраць і, падпераза́ўшыся, служы мне́, пакуль буду е́сьці ды піць, і пасьля еш і пі сам?
9 Ці дзякуе ён слузе́ гэнаму за тое, што зрабіў загаданае яму? Ня думаю.
10 Так і вы, калі вы́паўніце ўсё, што зага́дана вам, кажы́це: мы слугі нічога ня вартыя, бо зрабілі, што павінны былі зрабіць.
11 І сталася, як ішоў да Ерузаліму, праходзіў між Самарыяй і Галілеяй.
12 І, калі ўваходзіў Ён у адно сяло, спаткалі Яго дзесяцёра пракажоных, якія затрымаліся здалёк.
13 і моцным голасам гаварылі: Ісус Настаўнік! памілуй нас.
14 Убачыўшы іх, Ён сказаў ім: ідзе́це, пакажэцеся сьвяшчэньнікам. І калі яны йшлі, ачысьціліся.
15 Адзін жа з іх, бачучы, што паздараве́ў, вярнуўся, моцным голасам сла́вючы Бога,
16 і паваліўся да ног Яго, дзякуючы Яму, і гэта быў Самаранін.
17 Тады Ісус сказаў: ці ня дзе́сяць ачысьціліся? дзе́-ж дзе́вяць?
18 яны не вярнуліся аддаць славу Богу, апрача гэтага чужынца.
19 І сказаў яму: устань, ідзі; ве́ра твая спасла цябе́.
20 Запытаны-ж фарысэямі, калі прыйдзе Царства Божае, адказаў ім: ня прыйдзе Царства Божае відавочна.
21 і ня скажуць: вось яно тут, ці вось там. Бо вось, Царства Божае ўнутры вас ёсьць.
22 Вучням жа сказаў: прыйдуць дні, калі захо́чаце бачыць хоць адзін дзень Сына Чалаве́чага, і ня ўбачыце;
23 і скажуць вам: »вось тут», ці »вось там», — ды не хадзіце й не ганяйцеся,
24 бо як бліскавіца, мільгануўшы з аднаго краю не́ба, да другога краю не́ба сьве́ціць, так будзе Сын Чалаве́чы ў дзе́нь свой.
25 Але мусіць Ён многа працярпе́ць, і адцураецца яго род гэты.
26 І, як было ў дні Ноя, так будзе ў дні Сына Чалаве́чага:
27 е́лі, пілі, жаніліся, выходзілі замуж да таго дня, як Ной увайшоў у човен, і прыйшоў патоп, і загубіў усіх.
28 Таксама, як было ў дні Лота: е́лі, пілі, куплялі, прадавалі, садзілі, будавалі;
29 але ў дзе́нь, калі Лот выйшаў з Садому, лінуў агонь ды з се́ркаю з не́ба і зьнішчыў усіх.
30 Так будзе і ў той дзе́нь, калі прыйдзе Сын Чалаве́чы.
31 У той дзе́нь, хто будзе на страсе́, а рэчы яго ў доме, няхай ня зыходзе ўзяць іх; і хто будзе ў полі, таксама няхай не варо́чаецца.
32 Спо́мніце жонку Лотаву.
33 Хто будзе старацца захоўваць душу сваю, той загубіць яе́; а хто загубіць яе́, той ажы́віць яе́.
34 Кажу вам: у тую ноч будзе двое на аднэй пасьце́лі: аднаго возьмуць, а другога пакінуць;
35 і дзьве́ будуць малоць разам: адна будзе ўзята, а другая пакінена;
36 і двое будуць у полі; адзін узяты будзе, а другі пакінены.
37 І, пытаючыся, казалі Яму: дзе́, Госпадзе? Ён жа сказаў ім: дзе́ толькі це́ла, там зьбяруцца і арлы.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Эвангельле Лукі, 17 глава. Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.