1 Надыходзіла-ж сьвята праснакоў, званае Пасха.
2 І шукалі архірэі і кніжнікі, як бы загубіць Яго, бо баяліся народу.
3 Увайшоў жа шата́н у Юду, празванага Іскарыётам, аднаго з дванаццацёх;
4 і той пайшоў і гаварыў з архірэямі й начальнікамі, як Яго прадаць ім.
5 Яны-ж узрадаваліся і згодзіліся даць яму грошай;
6 і ён абяцаў і шукаў нагоды, каб выдаць Яго ім і не пры народзе.
7 Прыйшоў жа дзе́нь праснакоў, калі нале́жала рэзаць вялікоднае ягня.
8 І паслаў Ісус Пятра і Іоана, сказаўшы: пайдзе́це, прыгатуйце нам е́сьці пасху.
9 Яны-ж сказалі Яму: дзе́ скажаш нам прыгатава́ць?
10 Ён жа сказаў ім: вось, пры ўваходзе вашым у ме́ста, спаткаецца з вамі чалаве́к, нясучы́ збанок вады; пайдзе́це за ім у дом, у які ўвойдзе ён,
11 і скажэце гаспадару дому: Вучыцель кажа табе́: дзе́ пакой, у якім бы Мне́ е́сьці пасху з вучнямі Маімі?
12 І ён пакажа вам сьвятліцу вялікую, засланую; там прыгатуйце.
13 Яны пайшлі і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
14 І, як прыйшла гадзіна, Ён се́ў за стол, і дванаццаць апосталаў з Ім,
15 і сказаў ім: крэпка зажадалася Мне́ е́сьці з вамі гэтую пасху пе́рш, чым ма́ю цярпе́ць му́кі.
16 Бо кажу вам, што ўжо ня буду е́сьці яе́, пакуль ня споўніцца ў Царстве Божым.
17 І, узяўшы ча́ру й аддаўшы хвалу́, сказаў: вазьме́це гэтае і падзяліце між сабою,
18 бо кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Царства Божае.
19 І, узяўшы хле́б і аддаўшы хвалу́, паламаў і падаў ім, кажучы: гэта ёсьць Це́ла Маё, што за вас дае́цца; рабе́це гэта на ўспамін аба Мне́.
20 Такжа і ча́ру пасьля вячэры, кажучы: гэтая ча́ра ёсьць новы тэстамант у Маёй крыві, што за вас праліва́ецца.
21 Ды вось, рука выдаючага Мяне́ са Мною за сталом;
22 Сын жа Чалаве́чы йдзе́ паводле таго, што напе́рад су́джана; але го́ра таму чалаве́ку, што Яго прадае́ць.
23 І яны пачалі пытацца адзін у аднаго: хто гэта з іх ме́ўся ўчыніць гэтае?
24 Узьнялася-ж і спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
25 Ён жа сказаў ім: цары народаў пануюць над імі, і валадары іх дабрадзеямі называюцца,
26 вы-ж ня гэтак: але большы сярод вас станься як ме́ншы, і правадыр — як слуга.
27 Бо хто большы: той, што сядзіць за сталом, ці той, што паслугуе? Ці не́ супачыва́ючы? А я сярод вас, як паслугуючы.
28 Але вы вы́трывалі са Мною ў спакушэньнях Маіх,
29 і Я адказваю вам Царства, як Мне́ адказа́ў Аце́ц Мой,
30 каб вы е́лі й пілі за сталом Маім у царстве Маім; і пася́дзеце на пасадах судзіць дванаццаць кале́н Ізраілявых.
31 І сказаў Госпад: Сымо́н, Сымо́н! вось шата́н пажадаў вас, каб прасе́іваць, як пшаніцу;
32 але Я маліўся за цябе́, каб не паме́ншала ве́ра твая; і ты не́калі, навярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
33 Той жа адказаў Яму: Госпадзе! з Табою я гатоў ісьці і ў вязьніцу і на сьме́рць!
34 Але Ён сказаў: кажу табе́, Пётр, не прапяе́ пе́вень сягоньня, як ты тройчы адрачэшся, што зна́еш Мяне́.
35 І сказаў ім: калі пасылаў Я вас без мяшка й бяз торбы і без абутку, ці ме́лі вы ў чым недаста́так? Яны адказалі: ні ў чым.
36 Тады Ён сказаў ім: але цяпе́р, хто ма́е мяшок, той вазьмі яго, таксама й торбу; а ў каго няма, прадай во́пратку сваю і купі ме́ч;
37 бо кажу вам, што павінна вы́паўніцца на Мне́ тое, што напісана: і да злачынцаў залічаны. Бо ўсё аба Мне́ спаўня́ецца (Ісая 53:12).
38 Яны сказалі: Госпадзе! вось тут два мячы! Ён сказаў ім: даволі!
39 І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; за Ім пайшлі і вучні Яго.
40 Прыйшоўшы-ж на ме́сца, сказаў ім: маліцеся, каб не папа́сьці ў спакушэньне.
41 І Сам адыйшоў ад іх, як кінуць ка́мень, і, укле́нчыўшы, маліўся,
42 кажучы: Аце́ц, калі Твая воля, пранясі ча́ру гэтую міма Мяне́, але не́ Мая воля, але Твая няхай ста́нецца.
43 Зьявіўся-ж Яму ангел з не́ба, узмацоўваючы Яго,
44 і ў барацьбе сьмяротнай пільне́й маліўся, і быў пот Яго, як каплі крыві, па́даючы на зямлю.
45 Устаўшы ад малітвы, Ён прыйшоў да вучняў сваіх і знайшоў іх сьпячымі ад го́ра,
46 і сказаў ім: што вы сьпіцё? Устаньце і маліцеся, каб не папасьці ў спакушэньне.
47 Яшчэ Ён гаварыў, аж вось народ, а напе́радзе ішоў адзін з дванаццацёх, званы Юда, і ён падыйшоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго.
48 Ісус жа сказаў яму: Юда! пацалункам Сына Чалаве́чага прадае́ш?
49 Быўшыя-ж з Ім, ба́чучы, да чаго даходзе, сказалі: Госпадзе! ці ня ўдэрыць нам мячом?
50 І адзін з іх удэрыў слугу архірэйскага і адсе́к яму правае вуха.
51 Тады Ісус сказаў: пакіньце, даволі. І, дакрануўшыся да вуха яго, аздаравіў яго.
52 Архірэям жа і начальнікам царквы́ і старшы́нам, сабраўшымся проці Яго, сказаў Ісус: быццам на разбойніка выйшлі вы з мячамі ды каламі, каб узяць Мяне́.
53 Кожны дзе́нь бываў Я з вамі ў царкве́, і вы не падымалі на Мяне́ рук; але цяпе́р ваш час і ўлада це́мры.
54 І, узяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом архірэя. Пётр жа ішоў здалёк.
55 Калі-ж распалілі агонь сярод двара́ ды пасе́лі разам, се́ў і Пётр між імі.
56 Адна служанка, убачыўшы яго се́дзячы ля вагня і паўглядаўшыся на яго, сказала: і гэты быў з Ім.
57 Але ён адрокся ад Яго, сказаўшы: Жанчына! я ня ве́даю Яго.
58 І неўзабаве другі, убачыўшы яго, сказаў: і ты з іх. Але Пётр сказаў: не, чалаве́ча!
59 І, як прайшла з гадзіна часу, яшчэ не́хта настайваў: запраўды́, і гэты быў з Ім, бо ён Галіле́янін.
60 Але Пётр сказаў: Чалаве́ча, ня ве́даю, што ты гаворыш. І ў той жа час, калі ён яшчэ гаварыў, прапяяў пе́вень.
61 Тады Госпад, азірнуўшыся, паглядзе́ў на Пятра, і ўспомніў Пётр слова Госпада, як Ён сказаў яму: пе́рш, чым прапяе́ пе́вень, тройчы адрачэшся ад Мяне́.
62 І, выйшаўшы вон, горка заплакаў.
63 І людзі, трымаўшыя Ісуса, зьдзе́каваліся над Ім і білі Яго;
64 і, накрыўшы Яго, білі Яго па абліччу і пыталіся ў Яго: прароч, хто ўдэрыў Цябе́?
65 І шмат другога, ла́ючы, гаварылі на Яго.
66 Калі-ж настаў дзе́нь, сабраліся старшы́ны народу і архірэі і кніжнікі і ўвялі Яго ў свой сынэдрыон,
67 кажучы: ці Ты Хрыстос? скажы нам. Ён сказаў ім: калі скажу вам, вы не паве́рыце;
68 калі-ж і Я спытаюся ў вас, ня будзеце адказваць Мне́ і ня звольніце Мяне́.
69 Адгэтуль Сын Чалаве́чы сядзе праваруч сілы Божай.
70 І сказалі ўсе́: дык Ты — Сын Божы? Ён адказаў ім: вы ка́жаце, што Я.
71 Яны-ж сказалі: яко́е яшчэ трэба нам сьвядо́цтва? бо-ж мы самы чулі з вуснаў Яго.
Паводле Лукі Сьвятое Эвангельле, 22 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.