1 Юда Хрыстапрадаўца. 7 Вучні прыгатоўваюць Пасху. 19 Сьвятая Вячэра Гасподняя. 24 Разважаньні вучняў, хто з іх важнейшы. 31 Жаданьне шатана прасяваць вучняў. 35 Ня мелі вучні недастатку ніўчым. 39 Ісус прыйходзіць на гару Аліўную. 44 Пот Яго, як кропкі крыві. 47 Юдава цалаваньне. 50 Вуха Малхава. 57,58,60 Пятровае адрачэньне. 63 Зьдзекуюцца з Ісуса. 70 Божы Сын моліцца.
1 Набліжалася сьвята Прэсьнікаў, званае Пасха.
2 Ахісьвятары і кніжнікі выглядалі, як-бы загубіць Яго, бо прад народам баяліся.
3 І ўвайшоў шатан у Юду, званага Іскарыёт, аднаго з ліку дванаццацёх.
4 І той пайшоў і змаўляўся з архісьвятарамі і начальнікамі, каб выдаць Яго ім.
5 Яны-ж узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбнікаў.
6 І ён згадзіўся і шукаў зручнага моманту, каб выдаць Яго ім не пры народзе.
7 І вось надыйшоў дзень Прэсьнікаў у які належала ахвяроўваць Пасху.
8 І паслаў Ісус Пятра і Яна, сказаўшы: — пайдзеце і прыгатуйце нам Пасху да спажываньня.
9 Яны-ж сказалі Яму: — дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?
10 Ён-жа сказаў ім: — вось як будзеце ўвайходзець у места, напаткаецца вам чалавек, які будзе нясьці збан вады; ідзце за ім у дом, у які ён увойдзе.
11 І скажэце гаспадару дому: — Вучыцель гаворыць да цябе: дзе гаспода, у якой-бы Мне спажыць Пасху з вучнямі Маімі.
12 І ён пакажа вам сьвятліцу прасторную, прыбраную; там і прыгатуйце.
13 І яны пайшлі і знайшлі, як і казаў ім, і прыгатавалі Пасху.
14 І як надыйшоў час, сеў за стол, і дванаццаць апосталаз з Ім.
15 І прамовіў да іх: — вялікім жаданьнем Маім была спажываць гэтую Пасху з вамі, перш чым прыняць пакуту.
16 Бо, кажу вам, што ад гэтага часу ня буду спажываць яе, пакуль ня споўніцца у Ўладарстве Божым.
17 І, узяўшы чашу узьнёс падзяку і сказаў: — вазьмеце яе і разьдзялеце між сабою.
18 Бо, кажу вам, што ня буду піць ад плоду вінаграднага, пакуль ня прыйдзе Ўладарства Божае.
19 І, узяўшы хлеб, узьнёс падзяку, і паламаўшы, падау ім, кажучы: — гэта ёсьць Цела Мае, за вас аддаванае; гэтае рабеце на ўспамін Мяне.
20 Таксама і чашу пасьля вячэры ўзяў, кажучы: — гэтая чаша — новы запавет у кпыві Маёй, якая за вас праліваецца.
21 А то-ж, вось рука таго, хто прадае Мяне, са мною за сталом.
22 Але Сын Чалавечы йдзе, як гэта прызначана было; аднак-жа, гора чалавеку таму, праз якога Ён прадаецца.
23 І яны пачалі дапытвацца спаміж самых, хто-б гэта з іх мог учыніць такое?
24 Пачалася-ж і спрэчка між імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
25 Ён-жа сказаў ім: — Ўладары народаў камандуюць імі, і, ўладарачы імі, дабрадзеямі завуцца.
26 З вамі-ж ня гэтак, але большы з вас няхай станецца найменшым, а старшы, як слуга.
27 Бо хто большы? ці той, хто за сталом, ці той, хто прыслугоўвае? ці-ж ня той, хто за сталом? Я-ж пасярод вас, як паслужнік.
28 Але вы тыя, якія ператрывалі пры Мне ў выпрабаваньнях Маіх.
29 І Я запавядаю вам уладарства, як запавядаў Мне Айцец Мой.
30 Каб вы елі і пілі за сталом Маім у Ўладарстве Маім і селі на пасадах судзіць дванаццаць кален Ізраілевых.
31 І сказаў-жа Госпад: Сымане, Сымане! вось шатан пажадаў вас, каб прасяваць, як пшаніцу.
32 Але Я маліўся за цябе, каб не аслабла вера твая; і ты некалі, прывярнуўшыся, умацуй братоў тваіх.
33 Ён-жа адказаў Яму: — Госпадзе! з Табою я гатоў ісьці і ў вязьніцу і на сьмерць.
34 Ён-жа сказаў яму: — кажу табе Пётра, не прапяе яшчэ певень сёньня, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што ня ведаеш Мяне.
35 І сказаў ім: — калі Я пасылаў вас без кашалька і бяз торбы і без сандаляў, ці мелі вы ў чым недахоп? яны-ж адказалі: ні ў чым.
36 Тады сказаў ім: — цяпер-жа, хто мае кашалёк, няхай возьме, таксама і торбу; а каторы ня мае, няхай прадасьць адзежыну сваю і купіць меч.
37 Бо, кажу вам, што павінна выпаўніцца на Мне тое, што напісана: «і да злачынцаў прылічаны», бо тое, што пра Мяне, да выканчэньня дайходзіць.
38 Яны-ж сказалі: — Госпадзе! вось тут два мячы; Ён сказаў ім: — даволі.
39 І, выйшаўшы, пайшоў, як звычайна, на гару Аліўную; за Ім пайшлі вучні Ягоныя.
40 Прыйшоўшы на месца, сказаў ім: — малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
41 А Сам аддаліўся ад іх на пошыб каменя і, укленчыўшы, маліўся;
42 Прамаўляючы: Ойча, калі-б воля Твая, пранясі чашу гэтую па-за Мною, але не Мая, а Твая воля няхай станецца.
43 Зьявіўся-ж Яму ангел з неба і ўзмацоўваў Яго.
44 І ўпаўшы ў сьмяротную агонію найшчырэй маліўся; і быў пот Яго, як кропкі крыві, сплываючы на зямлю.
45 І ўстаўшы з малітвы і прыйшоўшы да вучняў, застаў іх соннымі ад смутку.
46 І прамоўвіў да іх: — чаму вы сьпіцё? устаньце і малецеся, каб ня ўпасьці ў спакусу.
47 Калі Ён яшчэ гаварыў гэта, паказалася грамада народу, а наперадзе йшоў адзін з дванаццацёх названы Юда; і падыйшоў да Ісуса, каб пацалаваць Яго, бо гэткі знак даў ім: — каго пацалую, Той ёсьць.
48 Ісус-жа сказаў яму: — Юда! ці пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?
49 Тыя-ж, якія былі пры Ім, бачачы, да чаго ўсё схіляецца, сказалі Яму: — Госпадзе! ці ня ўдарыць нам мечам.
50 І адзін з іх ударыў архісьвятаровага слугу і адсек яму правае вуха.
51 Але Ісус, адазваўшыся, сказаў: — пакіньце з гэтым, і дакрануўшыся да вуха таго, ацаліў яго.
52 І сказаў Ісус прыйшоўшым па Яго архісьвятарам, начальнікам сынагогаў і старшыням: — нібы на разбойніка выйшлі вы з мячамі і з кіямі.
53 Кажны дзень быў Я з вамі ў сьвятыні, і вы ня выцягвалі рук на Мяне; але цяпер ваш час, і ўлада цемры.
54 І ўзяўшы Яго, павялі і прывялі ў дом архісьвятара; Петра-ж усьлед ішоў здалёк.
55 Калі-ж разлажылі агонь пасярод двора і паселі навокал, сеў і Пётра між імі.
56 І вось адна служанка, якая сядзела пры агні, і ўглядаючыся ў яго, сказала: — і гэты таксама быў з Ім.
57 Ён-жа адрокся ад Яго, сказаўшы: — жанчына! я ня знаю Яго.
58 Неўзабаве іншы, убачыўшы яго, сказаў: — і ты з іх; Петра-ж сказаў: — чалавеча! ды не!
59 А праз гадзіну часу яшчэ хтось упэўнена сказаў: — запраўды і гэты быу з Ім, бо ён-жа і галілянін.
60 Але Пётра сказаў: — чалавеча! ня ведаю, што ты гаворыш; і яшчэ ня скончыў гаварыць, як прапяяў певень.
61 І, абярнуўшыся, Госпад узглянуў на Пятра; тады ўспомніў Пётра слова Гасподняе, сказанае яму: — перш чым прапяе певень, тройчы адрачэшся ад Мяне.
62 І выйшаў вон і горка заплакаў.
63 Людзі-ж, якія дзяржалі Ісуса, зьдзекаваліся з Яго і білі Яго.
64 І закрыўшы Яго, білі Яго па твары і пыталіся ў Яго, кажучы: — спраракуй, хто Цябе ўдарыў.
65 І шмат іншых зьнявагаў і крыўдаў кідалі на Яго.
66 А калі настаў дзень, зыйшліся старшыні народныя, і архісьвятары і кніжнікі, і прывялі Яго ў свой сынедрыён.
67 І сказалі: — калі Ты Хрыстос, скажы нам. Ён-жа сказаў ім: — калі вам скажу, не паверыце;
68 А калі папытаю і вас, не адкажаце Мне і не адпусьціце Мяне.
69 Але ад гэтага часу Сын Чалавечы сядзе праваруч Сілы Божае.
70 І сказалі ўсе: — дык Ты Сын Божы? — Ён адказаў ім: — вы самі кажаце, што Я.
71 Яны-ж сказалі: — якое яшчэ сьвядоцтва патрэбна нам? бо мы самі чулі з вуснаў Ягоных.
Зноскі:
20 у крыві Маёй, якая — ці — Маею кроўю, якая.
27 паслужнік — ці — паслугаючы.
28 ў выпрабаваньнях — ці — у спакушэньнях.
34 Ён-жа — ці — Ісус.
42 па-за Мною — ці — міма Мяне.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятое Евангельле Лукаша, 22 раздзел. Пераклад Міхася Міцкевіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.