1 І прыбліжаўся дзень сьвяточны Праснакоў, які завецца Пасха.
2 І шукалі архісьвятары і кніжнікі, як-бы Езуса забіць, але баяліся народу.
3 І ўвайшоў д’ябал у Юдаша, называнага Іскарыётам, аднаго з дванаццацёх.
4 І пайшоў ён і гаварыў з архісьвятарамі і ўладамі, як-бы яго ім выдаць.
5 І ўзрадаваліся, і ўмовіліся даць яму грошай.
6 І абяцаўся, і шукаў зручнае часіны, каб выдаць яго без грамадаў.
7 І надыйшоў дзень Праснакоў, у каторы трэба было забіць Пасху.
8 І паслаў Пятра і Яна, кажучы: Пайшоўшы, прыгатуйце нам есьці Пасху.
9 А яны сказалі: Дзе хочаш, каб мы прыгатовілі?
10 І сказаў да іх: Вось, калі вы ўвойдзеце ў горад, спаткае вас адзін чалавек, нясучы збан вады; ідзеце за ім у дом, у каторы ён увойдзе,
11 і скажаце гаспадару дому: Вучыцель кажа табе: Дзе ёсьць сьвятліца, дзе-б мне есьці Пасху з вучнямі маімі»?
12 І ён пакажа вам вялікі пакой, засланы, і там прыгатуеце.
13 І пайшоўшы, знайшлі так, як ім сказаў, і прыгатовілі Пасху.
14 Калі-ж надыйшла часіна, сеў за стол, і з ім дванаццацёх апосталаў.
15 І сказаў ім: Вельмі-ж я жадаў есьці з вамі гэтую Пасху, перад тым як цярпець.
16 Бо кажу вам, што адгэтуль ня буду есьці яе, пакуль ня споўніцца ў кралеўстве Божым.
17 І ўзяўшы келіх, учыніў падзяку і сказаў: Вазьмеце, і падзялеце паміж сабою.
18 Бо кажу вам, што ня буду піць з плоду вінаграднага ўшчэпу, пакуль ня прыйдзе каралеўства Божае.
19 І ўзяўшы хлеб, учыніў падзяку, і ламаў, і даў ім, кажучы: Гэтае ёсьць цела маё, каторае за вас даецца; гэта чынеце на мой успамін.
20 Таксама і келіх, пасьля вячэры, кажучы: Гэты келіх ёсьць новым тэстамэнтам у крыві маей, каторая за вас будзе праліта.
21 Аднак-жа вось рука таго, што выдае мяне, ёсьць са мною на стале.
22 Яно-ж Сын чалавечы ідзе паводле таго, што пастаноўлена, аднак-жа гора таму чалавеку, праз якога ён будзе выданы.
23 А яны пачалі паміж сабою пытацца, хто гэта з іх, што гэтае меўся зрабіць.
24 А ўзьнялася і спрэчка паміж імі, хто-б з іх выдаваўся большым.
25 Ён-жа сказаў ім: Каралі народаў пануюць над імі, а каторыя маюць уладу над імі, завуцца дабрадзеямі.
26 Але вы ня так. Але хто паміж вамі большы, няхай будзе як меншы, а хто павадыр, як слуга.
27 Бо хто большы: той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто паслугуе? Ці ня той, хто сядзіць? Я-ж пасярод вас як той, хто паслугуе.
28 А вы ёсьць тыя, хто каторыя вытрывалі са мною ў спакушэньнях маіх.
29 І я вам перадаю каралеўства, як перадаў мне Айцец мой,
30 каб вы елі і пілі за сталом маім ў каралеўстве маім, і сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленьняў Ізраіля.
31 І сказаў Пан: Сымон, Сымон, вось д’ябал дамагаўся вас, каб прасеяць як пшаніцу.
32 Але я прасіў за цябе, каб не пераставала вера твая, а ты некалі навярнуўшыся, уцьвярдзіў братоў тваіх.
33 Ён сказаў ім: Пане, з табою я гатоў ісьці і ў вастрог і на сьмерць.
34 Але Ён сказаў: Кажу табе, Пётр, не запяе сягоньня певень, пакуль ты тры разы не адрачэсься, што знаеш мяне.
35 І сказаў ім: Калі я вас паслаў без мяшка і торбы і абутку, ці-ж вам чаго неставала?
36 А яны сказалі: Нічога. Дык сказаў ім: Але цяпер хто мае мяшок, няхай бярэ так-жа і торбу; а хто ня мае, няхай прадасьць сваю вопратку і купіць меч.
37 Бо кажу вам, што яшчэ трэба, каб споўнілася на мне тое, што напісана: «І з злачынцамі ён палічаны» (Із. 53:12). Бо тое, што датычыць мяне, прыходзіць да канца.
38 А яны сказалі: Пане, вось тут два мячы. А ён сказаў ім: Даволі.
39 І выйшаўшы, ішоў паводле звычаю на гару Аліўную; а за ім ішлі і вучні.
40 І калі прыйшоў на месца, сказаў ім: Малецеся, каб не ўвайсьці ў спакушэньне.
41 А сам адыйшоў ад іх, як кінуць камень, і ўпаўшы на калені, маліўся,
42 кажучы: Ойча, калі хочаш, аднясі ад мяне гэты келіх; аднак-жа не мая воля, але твая няхай станецца.
43 І зьявіўся яму анёл з неба, узмацняючы яго. А будучы ў сьмяротным змаганьні, даўжэй маліўся;
44 і стаўся пот ягоны як каплі крыві, зьбягаючай на зямлю.
45 А калі ўстаў ад малітвы і прыйшоў да сваіх вучняў, знайшоў іх сплючымі ад смутку.
46 І сказаў ім: Чаму вы сьпіцё? Устаньце, малецеся, каб не ўвайсьці ў спакушэньне.
47 Калі ён яшчэ гаварыў, вось грамада, і той, што называўся Юдаш, адзін з дванаццацёх, ішоў наперадзе іх. І прыбліжыўся да Езуса, каб пацалаваць яго.
48 Езус-жа сказаў яму: Юда, ты цалункам выдае Сына чалавечага?
49 А тыя, што пры ім былі, бачачы, што мае быць, сказалі яму: Пане, ці ня ўдарыць нам мячом?
50 І ўдарыў адзін з іх слугу архісьвятара і адсек яму правае вуха.
51 А Езус адказваючы, сказаў: Пакіньце, даволі. І дакрануўшыся да вуха ягонага, аздаравіў яго.
52 І сказаў Езус да тых, што прыйшлі да яго, да архісьвятараў і ўладаў над сьвятыняй і старшых: Вы як на разбойніка выйшлі з мячамі і кіямі?
53 Калі я штодня быў з вамі ў сьвятыні, вы не паднялі рук на мяне; але гэта ёсьць вашая часіна і ўлада цемры.
54 І ўзяўшы яго, павялі ў дом архісьвятара. Пётр-жа ішоў ўсьлед здалёку.
55 І калі яны, распаліўшы агонь пасярод сяней, паселі навакол, быў Пётр паміж імі.
56 Адна служка, убачыўшы яго, сядзячага пры сьвятле, і прыгледзеўшыся да яго, сказала: І гэты быў з ім.
57 Але ён адрокся ад яго, кажучы: Жанчына, я ня знаю яго.
58 І зараз потым другі, убачыўшы яго, сказаў: І ты з іх. А Пётр сказаў: А чалавеча, я не.
59 І калі прайшло з гадзіну часу, нехта іншы цьвярдзіў, кажучы: Сапраўды і гэты быў з ім, бо ён і галілеянін.
60 І сказаў Пётр: Чалавеча, я ня ведаю, што ты гаворыш. І зараз-жа, калі ён яшчэ гаварыў, запяяў певень.
61 І абярнуўшыся Пан, узглянуў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, як быў сказаўшы: Што перш чым певень запяе, ты трэйчы ад мяне адрачэсься.
62 І выйшаўшы проч, Пётр горка заплакаў.
63 А мужы, каторыя яго трымалі, зьдзекаваліся над ім, б’ючы.
64 І накрылі яго, і білі па твару ягоным, і пыталіся ў яго, кажучы: Прароч, хто гэта, што цябе ўдарыў?
65 І многа чаго іншага, блюзьнячы, гаварылі на яго.
66 А калі настаў дзень, зыйшліся старшыя з народу і архісьвятары і кніжнікі, і прывялі яго ў сваю Раду, кажучы: Калі ты ёсьць Хрыстус, скажы нам.
67 І сказаў ім: Калі я вам скажу, не паверыце мне;
68 а калі і спытаюся, не адкажаце мне і ня пусьціце.
69 Але адгэтуль Сын чалавечы будзе сядзець праваруч сілы Божай.
70 І сказалі ўсе: Дык ты ёсьць Сын Божы? Ён сказаў: Вы кажаце, што я ёсьць.
71 А яны сказалі: Нашто яшчэ нам патрэбнае сьведчаньне? То-ж мы самі чулі з вуснаў ягоных.