Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Лукаша 6 Паводле Лукаша 6 раздзел

1 І сталася ў друга-першую суботу, калі ён ішоў паміж збожа, вучні ягоны зрывалі каласы і елі, расьціраючы рукамі.
2 Некаторыя-ж з фарызэяў казалі ім: Што вы робіце, чаго ня можна ў суботу?
3 А Езус адказваючы сказаў ім: Ці вы і гэтага ня чыталі, што зрабіў Давід, калі быў галодны сам і тыя, што з ім былі?
4 Як увайшоў у дом Божы і ўзяў ахвярныя хлябы, і еў, і даў тым, што з ім былі; каторых ня можна есьці, апроч толькі сьвятарам?
5 І казаў ім: Што Сын чалавечы ёсьць панам нават суботы.
6 А сталася і ў другую суботу, што ўвайшоў у бажніцу і вучыў. І быў там чалавек, і правая рука ў яго была сухая.
7 А кніжнікі і фарызэі наглядалі, ці будзе аздараўляць у суботу, каб знайсьці, за што-б яго абвінаваціць.
8 Ён-жа ведаў думкі іх; і сказаў чалавеку, які меў сухую руку: Устань і стань пасярэдзіне. І ўстаўшы стаў.
9 Езус-жа сказаў ім: Пытаюся ў вас, ці можна ў суботу рабіць дабро ці зло; жыцьцё ратаваць ці загубіць?
10 І паглядзеўшы на ўсіх навакол, сказаў чалавеку: Выцягні руку тваю. І выцягнуў і вернена была рука яго.
11 Яны-ж парабіліся як шалёныя і гаварылі паміж сабою, што-б зрабіць Езусу.
12 І сталася ў тыя дні, выйшаў на гару маліцца і быў праз ноч на малітве Божай.
13 І калі настаў дзень, паклікаў вучняў сваіх і выбраў з іх дванаццацёх, каторых і назваў апосталамі,
14 Сымона, каторага назваў Пятром, і Андрэя, ягонага брата, Якуба і Яна, Філіпа і Баўтрамея.
15 Матэуша і Тамаша, Якуба Альфэявага і Сымона, каторы завецца Зэлот,
16 і Юду Якубавага, і Юду Іскарыёта, каторы быў здраднікам.
17 І зыйшоўшы з імі, стаў у полі, і грамада вучняў ягоных, і вялікае мноства народу з усяе Юдэі і Ерузаліму, і з-над мора і Тыру і Сыноду,
18 якія прыйшлі, каб слухаць яго і быць аздароўленымі ад хворасьцяў сваіх. І каторыя былі мучаны праз духаў нячыстых, здаравелі.
19 І ўся грамада старалася дакрануцца да яго, бо сіла выходзіла ад яго і аздараўляла ўсіх.
20 І ён, падняўшы вочы на вучняў сваіх, сказаў: Багаслаўлены ўбогія, бо вашае ёсьць каралеўства Божае.
21 Багаслаўлены, каторыя цяпер галадаеце, бо будзеце насычаны. Багаслаўлены, каторыя цяпер плачаце, бо будзеце сьмяяцца.
22 Багаслаўлены будзеце, калі будуць вас ненавідзець людзі, і калі вылучаць вас і будуць зьдзекавацца, і будуць выкідаць імя вашае як злое, дзеля Сына чалавечага.
23 Цешцеся ў той дзень і весялецеся, бо вось нагарода вашая вялікая ў небе. Бо гэтаксама айцы іх рабілі прарокам.
24 Але гора вам багатым, бо вы маеце пацеху вашую.
25 Гора вам, каторыя насычаны, бо будзеце галадаць. Гора вам, каторыя сьмяецёся цяпер, бо будзеце галасіць і плакаць.
26 Гора, калі людзі аб вас будуць добра гаварыць, бо гэтаксама рабілі фальшывым прарокам айцы іх.
27 Але я кажу вам, каторыя слухаеце: любеце ворагаў вашых, дабро рабеце тым, каторыя вас ненавідзяць;
28 багаслаўляйце тых, каторыя вас праклінаюць і малецеся за тых, каторыя вас чэрняць.
29 І таму, каторы б’е цябе па шчацэ, настаў і другую; а таму, каторы забірае ад цябе адзежу, не забараняй нават сарочкі.
30 А кожнаму, каторы просіць у цябе, дай, а ад таго, каторы забірае ад цябе, што тваё, не спаганяй.
31 І як вы хочаце, каб вам рабілі людзі, таксама і вы ім рабеце.
32 І калі вы любіце тых, каторыя вас любяць, якая ў вас заслуга? Бо і грэшнікі гэта робяць.
33 І калі добра робіце тым, каторыя вам добра робяць, якая ў вас заслуга? Бо і грэшнікі гэта робяць.
34 І калі пазычаеце тым, ад каторых спадзяецёся атрымаць назад, якая ў вас заслуга? Бо і грэшнікі грэшнікам пазычаюць, каб атрымаць назад столькі-ж.
35 Але вы любеце ворагаў вашых, дабро чынеце, і пазычайце, нічога адтуль не спадзяючыся, і будзе вялікая нагарода вашая, і будзеце сынамі Найвышэйшага, бо ён добры ёсьць да няўдзячных і злых.
36 Дык будзьце міласэрны, як і Айцец ваш міласэрны ёсьць.
37 Ня судзеце, і ня будзеце суджаны; не асуджайце, і ня будзеце асуджаны, адпушчайце, і будзе вам адпушчана.
38 Давайце, і будзе вам дадзена: меру добрую, націсьненую, і ўтрэсеную, і з вярхом дадуць на ўлоньне вашае. Бо якою мераю вы будзеце мерыць, такою-ж і вам адмерыцца.
39 Казаў-жа да іх і падабенства: Ці можа сьляпы вясьці сьляпога? Ці-ж абодва не ўпадуць у яму?
40 Вучань ня ёсьць вышэй за вучыцеля, але кожны будзе дасканальны, калі будзе як яго вучыцель.
41 Што-ж ты бачыш трэсачку ў воку брата твайго, а палена, каторае ёсьць у воку тваім, не спасьцерагаеш?
42 Або як можаш сказаць брату твайму: «Браце, дай я выкіну трэсачку з вока твайго», сам ня бачачы палена ў воку сваім? Крывадушнік, выкінь перш палена з вока твайго, і тады праглянеш, каб выняць трэсачку з вока брата твайго.
43 Бо ня ёсьць дрэва добрае, якое прыносіць благія плады; ані дрэва благое, якое прыносіць добры плод.
44 Бо кожнае дрэва пазнаецца па сваім плодзе; бо ані з церняў ня зьбіраюць фігаў, ані з шыпшыньніка ня зьбіраюць вінаграду.
45 Добры чалавек з добрага скарбу свайго сэрца выносіць добрае, а благі чалавек з благога скарбу выносіць благое. Бо з поўнаты сэрца вусны гавораць.
46 Чаму-ж вы завецё мяне: «Пане, Пане», а ня робіце, што я кажу?
47 Кожны, хто прыходзіць да мяне, і слухае моваў маіх, і спаўняе іх, пакажу вам, да каго ён падобны:
48 Падобны ён да чалавека, каторы будуе дом: каторы выкапаў глыбока і залажыў фундамэнт на скале. Калі-ж настала паводка, рака рынула на той дом, і не магла яго зрушыць, бо быў заложаны на скале.
49 А хто слухае і не спаўняе, падобны да чалавека, каторы будуе дом свой на зямлі без фундамэнту; на каторы рынула рака, і зараз-жа ўпаў, і сталася руіна дому гэтага вялікая.

Зноскі:

1 Гл. Мт. 12-1 і наступныя. «Друга-першая» субота — гэта была субота пасьля Пасхі.

13 «Апостал» — слова грэцкае, па-нашаму значыць «пасол», «пасланец».

20 Гл. Мт. 5:3.

24 Хрыстус ганіць тут багачоў, якія за ўсё сваё шчасьце на гэтым сьвеце ўважаюць багацьце, забываючыся аб вышэйшых справах, асабліва аб справах рэлігіі.

25 Будуць цярпець голад г. зн. у будучым жыцьці будуць жадаць таго шчасьця, якое беспаваротна страцілі.

26 Ня трэба разумець, што сюды адносіцца кожная людзкая пахвала або добрая гутарка аб нас, але толькі тая, якую мы здабываем сабе праз крывадушныя свае стараньні.

29 Гл. Мт. 5:39.

35 Спагаднасьць і дабрата, якая нясе дабро людзям і за якую чалавек не спадзяецца для сябе ніякай нагароды, найбольш варта нагароды ў Бога. Праз такую дабрату чалавек прыбліжаецца да Бога («будзеце сынамі Найвышэйшага»), такіх людзей нагароджвае сам Бог.

37 Гл. Мт. 7:1.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 6 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Лукаша 6 раздзел в переводах:
Лукаша 6 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.