1 Калі-ж стаялі навакол вялікія грамады, так што адны другіх тапталі, пачаў гаварыць да сваіх вучняў: Сьцеражэцеся фарызэйскае кісьлі, якою ёсьць крывадушнасьць.
2 А няма нічога скрытага, што-б ня выявілася, ані таёмнага, што-б ня сталася ведамым.
3 Бо што вы гаварылі ў цемры, будзе гаворана пры сьвятле, а што гаварылі на вуха ў сьвятліцах, будзе абвешчана на дахах.
4 Кажу-ж вам, прыяцелям маім, каторыя забіваюць цела, а пасьля гэтага ня маюць болей чаго рабіць.
5 Але я вам пакажу, каго маеце баяцца: бойцеся таго, каторы, потым як заб’е, мае ўладу кінуць у пекла. Так, кажу вам, гэтага бойцеся.
6 Ці-ж не прадаюць пяці вераб’ёў за два медзякі? А ніводзен з іх ня ёсьць забыты ў Бога.
7 Але і валасы на галаве вашай усе палічаны. Дык ня бойцеся, вы болей варты за многа вераб’ёў.
8 А кажу вам: кожны, хто-толькі прызнае мяне перад людзьмі, таго прызнае і Сын чалавечы перад анёламі Божымі.
9 А хто адрачэцца ад мяне перад людзьмі, будзе адрачоны перад анёламі Божымі.
10 І кожны, хто кжа слова проціў Сына чалавечага, будзе яму адпушчана, а таму, хто блюзьніць проціў Духа сьвятога, ня будзе адпушчана.
11 А калі вас будуць вадзіць да бажніцаў, і да ўрадаў, і да ўладаў, не клапацецеся, як або што маеце адказаць.
12 Бо Дух Сьвяты навучыць вас у тую гадзіну, што вам трэба гаварыць.
13 І сказаў яму нехта з грамады: Вучыцель, скажы майму брату, каб падзяліўся са мною спадчынай.
14 А ён сказаў яму: Чалавеча, хто мяне паставіў судзьдзёю або дзяльніком над вамі?
15 І сказаў да іх: Глядзеце і сьцеражэцеся ўсякай прагавітасьці, бо жыцьцё каго-небудзь залежыць не ад ягоных дастаткаў, якія мае.
16 А сказаў падабенства да іх, кажучы: У аднаго багатага чалавека поле дало буйны ўраджай.
17 І разважаў сам у сабе: Што мне рабіць, бо ня маю дзе злажыць майго ўраджаю?
18 І сказаў: Гэтае зраблю: развалю мае гумны і пабудую большыя, і туды зьбяру ўсё, што мне ўрадзіла, і маё дабро;
19 і скажу душы маей: Душа, мае многа дабра, зложанага на доўгія гады; адпачывай, еш, пі, банкетуй.
20 І сказаў яму Бог: Безразумны, у гэту ноч зажадаюць ад цябе душы тваей, а тое, што ты прыгатовіў, чыё будзе?
21 гэтак бывае з тым, каторы зьбірае скарбы для сябе, а перад Богам ня ёсьць багаты.
22 І сказаў да сваіх вучняў: Дзеля гэтага кажу вам: Не клапацецеся аб жыцьці сваім, што будзеце есьці; ані аб целе, у што будзеце адзявацца.
23 Жыцьцё ёсьць важней чым ежа, а цела важней чым адзеньне.
24 Паглядзеце на крумкачоў, што ня сеюць ані жнуць, у каторых няма кладоўкі ані гумна, і Бог корміць іх. Наколькі болей вы даражэйшыя за іх!
25 Хто-ж вас клапацячыся можа дадаць да свайго ўзросту адзін локаць?
26 Дык калі таго, што найменшае, ня можаце, то нашто клапаціцёся аб іншым?
27 Паглядзеце на лілеі, як яны растуць: не працуюць, ані прадуць; а я вам кажу, ані Саламон ва ўсей сваей славе не адзяваўся як адна з іх.
28 Калі-ж траву, каторая сягоньня на полі, а заўтра ў печ кідаецца, Бог так адзяе, насколькі болей вас, малаверных!
29 І вы ня пытайцеся, што будзе есьці або што будзеце піць, і ня ўзносьцеся высока.
30 Бо гэтага ўсяго народы сьвету шукаюць, а Айцец ваш ведае, што гэтага патрабуеце.
31 Але шукайце перш каралеўства Божага і справядлівасьці яго, а гэтае ўсё будзе вам дадзена.
32 Ня бойцеся, малая стада, бо спадабалася Айцу вашаму даць вам каралеўства.
33 Прадайце, што маеце, і дайце дарэньне. Рабеце для сябе мяшкі, якія не стрэюць, скарб, які ня ўбывае ў небе, куды злодзей не дабярэцца і моль ня псуе.
34 Бо дзе ваш скарб, там будзе і сэрца вашае.
35 Няхай будуць апаясаны паясьніцы вашыя і сьветачы гаручыя ў руках вашых;
36 а вы падобныя да людзей, якія чакаюць на пана свайго, калі будзе варочацца з вясельля, каб, калі прыйдзе і застукае, зараз-жа адчыніць яму.
37 Багаслаўленыя тыя слугі, каторых прыйшоўшы пан знойдзе чуючых. Сапраўды кажу вам, што ён апаяша сябе, і пасадзіць іх за стол, і абходзячы будзе служыць ім.
38 І калі-б прыйшоў у другую варту, і калі-б у трэцюю варту прыйшоў і так-бы знайшоў, багаслаўленыя тыя слугі.
39 Ведайце-ж гэта, што калі-б гаспадар ведаў, у якой гадзіне злодзей прыйдзе, чуў-бы пэўне і не дапусьціў-бы падкапаць дому свайго.
40 І вы будзьце гатовы, бо ў якой гадзіне ня думаеце, Сын чалавечы прыйдзе.
41 І сказаў яму Пётр: Пане, ты да нас кажаш гэтую прыповесьць, ці і да ўсіх?
42 А Пан сказаў: Хто, думаеш, ёсьць верным і разумным эканомам, каторага паставіў пан над сваею чэлядзьдзю, каб даваў ім у час меру пшаніцы?
43 Багаслаўлены той слуга, каторага пан прыйшоўшы, знойдзе гэтак чынячага.
44 Сапраўды кажу вам, што над усім, што мае, паставіць яго.
45 А калі-б той слуга сказаў у сэрцы сваім: «Пан мой пазьніцца прыйсьці», і пачаў-бы біць слугаў і служак, і есьці і піць і ўпівацца,
46 прыйдзе пан слугі таго ў дзень, у каторы ён не спадзяецца, і ў гадзіне, каторай ня ведае; і аддзеліць яго, і часьць ягону паложыць з нявернымі.
47 Той-жа слуга, каторы пазнаў волю пана свайго, і не прыгатовіў, не зрабіў паводле волі ягонай, будзе моцна караны;
48 а каторы ня ведаў і зрабіў нешта годнае кары, будзе мала караны. Ад кожнага-ж, каму многа дадзена, ад таго будуць многа вымагаць; а каму многа даручылі, болей будуць хацець ад яго.
49 Я прыйшоў кінуць агонь на зямлю, і чаго хачу, адно каб ён загарэўшыся?
50 Але я маю быць ахрышчаны хростам, і як-жа я сьціснуты, аж пакуль не даканаецца!
51 Вы думаеце, што я прыйшоў даць супакой на зямлю? Не, кажу вам, але разлучэньне.
52 Бо адгэтуль будуць пяцёх у вадным доме разьдзяліўшыся, трох проціў двух, і двух проціў трох.
53 Разьдзеляцца бацька проціў сына, а сын проціў свайго бацькі; матка проціў дачкі, а дачка проціў маткі; сьвёкра проціў сваей нявесткі, а нявестка проціў сваей сьвёкры.
54 Казаў-жа і да грамадаў: Калі бачыце хмару, якая падымаецца з захаду, зараз кажаце: «Будзе дождж» — і гэтак бывае;
55 а калі дзьме паўдзённы вецер, кажаце: што «будзе гарачыня» — і бывае.
56 Крывадушнікі, воблік неба і зямлі вы ўмееце пазнаваць, а як-жа вы не пазнаецё гэтага часу?
57 Чаму-ж вы і самі з сябе ня судзіце, што справядлівае?
58 Калі-ж ты ідзеш з сваім праціўнікам да начальніка, у дарозе старайся звольніцца ад яго, каб часам не пацягнуў цябе да судзьдзі; а судзьдзя не аддаў цябе выканаўцы; а выканаўца ня кінуў цябе ў вастрог.
59 Кажу табе, ня выйдзеш адтуль, пакуль не аддасі нават апошняга грошыка.