Біблія » Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Лукаша 5 Паводле Лукаша 5 раздзел

1 І сталася, калі грамады напіралі на яго, каб паслухаць слова Божага, а ён стаяў каля возера Гэнэзарэт.
2 І ўбачыў дзьве лодкі, стаячыя на возеры, а рыбакі былі выйшаўшы і паласкалі сеці.
3 І ўвайшоўшы ў вадну лодку, што была Сымонава, прасіў яго ад’ехаць трохі ад зямлі. І сеўшы, вучыў грамады з лодкі.
4 Калі-ж перастаў гаварыць, сказаў да Сымона: Едзь на глыбіню і закіньце сеці вашыя на лоў.
5 І адказваючы Сымон сказаў яму: Вучыцель, праз усю ноч працуючы, мы нічога не злавілі, але на слова тваё закіну сець.
6 І калі гэта зрабілі, загарнулі вялікае мноства рыб, і рвалася іх сець.
7 І далі знак таварышам, каторыя былі ў другой лодцы, каб прыбылі і памаглі ім. І прыбылі, і напоўнілі абедзьве лодкі, так што ледзь не танулі.
8 Бачачы гэтае, Сымон Пётр упаў да кален Езуса, кажучы: Выйдзі ад мяне, Пане, бо я чалавек грэшны.
9 Бо агарнула яго вялікае зьдзіўленьне і ўсіх, што з ім былі, з ўлову рыб, які злавілі;
10 а так-жа Якуба і Яна, сыноў Зэбэдэявых, каторыя былі таварышамі Сымона. І сказаў Езус да Сымона: Ня бойся, адгэтуль ужо людзей лавіць будзеш.
11 І выцягнуўшы лодкі на зямлю, пакінуўшы ўсё, пайшлі за ім.
12 І сталася, калі быў у вадным месьце, і вось чалавек поўны праказы; і ўбачыўшы Езуса і ўпаўшы на твар, прасіў яго, кажучы: Пане калі хочаш можаш мяне ачысьціць.
13 І працягнуўшы руку, дакрануўся да яго, кажучы: Хачу, будзь ачышчаны. І зараз-жа праказа адыйшла ад яго.
14 А ён загадаў яму, каб нікому не казаў, але: Ідзі, пакажыся сьвятару і ахвяруй за ачышчэньне тваё, як загадаў Майсей, на пасьведчаньне ім.
15 І болей разыходзілася гутарка аб ім; і зыходзіліся вялікія грамады, каб паслухаць і быць аздароўленымі ад сваіх немачаў.
16 Ён-жа адыходзіў на пустыню і маліўся.
17 І сталася аднаго дня, і ён сядзеў навучаючы, і сядзелі фарызэі і вучыцялі закону, якія былі прыйшоўшы з усіх мястэчак Галілеі і Юдэі і з Ерузаліму. А моц Пана была да аздараўленьня іх.
18 І вось людзі, што нясьлі на пасьцелі чалавека, які быў спаралізаваны, і стараліся ўнясьці яго і палажыць перад ім.
19 І дзеля народу, не знайшоўшы, кудою-б яго ўнясьці, узыйшлі на дах і праз сталаваньне спусьцілі яго з пасьцеллю ў сярэдзіну, перад Езусам.
20 Ён, бачачы іх веру, сказаў: Чалавеча, адпушчаюцца табе грахі твае.
21 І пачалі думаць кніжнікі і фарызэі, кажучы: Хто ён такі, што гаворыць блюзьнерствы? Хто можа адпушчаць грахі, апроч аднаго Бога?
22 А Езус, пазнаўшы думкі іх, адказваючы сказаў ім: Што вы думаеце ў сэрцах вашых?
23 Што лягчэй: сказаць «Адпушчаюцца табе грахі», ці сказаць «Устань і хадзі»?
24 Але каб вы ведалі, што Сын чалавечы мае ўладу на зямлі адпушчаць грахі — сказаў спаралізаванаму: Табе кажу, устань, вазьмі тваю пасьцель і ідзі ў дом твой.
25 І ён, зараз-жа ўстаўшы перад імі, узяў пасьцель, на каторай ляжаў, і пайшоў у свой дом, славячы Бога.
26 І агарнула ўсіх вялікае зьдзіўленьне, і славілі Бога, і напоўнены былі страхам, кажучы: Што мы відзелі сяньня дзіўныя рэчы.
27 І пасьля гэтага выйшаў і ўбачыў мытніка, на імя Левія, сядзячага пры мытніцы, і сказаў яму: Ідзі за мною.
28 І ён пакінуўшы ўсё, устаўшы, пайшоў за ім.
29 І зрабіў яму Левій вялікі пачастунак у сваім доме; і была вялікая грамада мытнікаў і іншых, якія з імі сядзелі.
30 І наракалі фарызэі і кніжнікі іх, кажучы да вучняў ягоных: Чаму вы з мытнікамі ясьцё і п’яцё?
31 І адказваючы Езус сказаў да іх: Не патрабуюць лекара здаровыя, але тыя, што дрэнна маюцца.
32 Ня прыйшоў я клікаць справядлівых, але грэшных да пакуты.
33 А яны сказалі яму: Чаму вучні Янавы часта посьцяць і адпраўляюць малітвы, таксама і фарызэявы, а твае ядуць і п’юць?
34 Ён сказаў ім: Ці можаце зрабіць, каб госьці маладога пасьцілі, пакуль з імі ёсьць малады?
35 Але прыйдуць дні, калі забяруць ад іх маладога, тады будуць пасьціць у тыя дні.
36 А казаў да іх і падабенства: Што ніхто не кладзе латы ад новае вопраткі да старое вопраткі, бо інакш і новае рве, і да старога не падходзіць лата з новага.
37 І ніхто ня лье новага віна ў старыя мяхі, бо інакш новае віно разарве мяхі, і віно разальецца, і мяхі прападуць.
38 Але новае віно трэба ліць у новыя мяхі, і адно і другое астаюцца цэлымі:
39 і ніхто, п’ючы старое, не адразу хоча новага, бо кажа: Старое лепшае.

Зноскі:

3 Сьвятыя Айцы Касьцёла зварочваюць тут увагу, што не ў чыю іншую лодку ўвайшоў Езус, а ў лодку Сымона-Пятра, хочучы гэтым паказаць, што лодка духовая Пятра будзе лодкай усяго Касьцёла.

8 Пётр, сам будучы рыбаком, адразу зразумеў, што стаўся цуд і ў гарачыні сваей душы прасіць Езуса, каб выйшаў і пакінуў яго грэшнага, бо ён ня варты быць блізка Езуса.

10 Езус на просьбу Пятра адказвае, што ён, Пётр, будзе лавіць г. зн. наварочваць людзей да Хрыста і валадарства Божага.

14 Гл. Мт. 8:4.

17 Моц Божая была гатова навярнуць нават іх сэрцы, калі-б яны гэтага хацелі.

19 Гл. Мк. 2:4.

23 Гл. Мк. 2:9.

27 Зваўся ён так-жа Матэуш. У жыдоў два імёны здараліся даволі часта.

37 Гл. Мт. 9:17.

39 Гэтай прыказкай Езус хоча павучыць, што людзі часам так прывыкаюць да сваіх старадаўных практык і спосабу жыцьця, што ім трудна ацаніць новую навуку, якую вясьціў Хрыстус. Яны так прывыклі да старога, што ня хочуць нават папробаваць новага.


Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Сьвятая Эванэлія Езуса Хрыста паводле Лукаша, 5 раздзел. Пераклад В. Гадлеўскага.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Лукаша 5 раздзел в переводах:
Лукаша 5 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.