МУКА, СМЕРЦЬ І ЎВАСКРАСЕННЕ ЕЗУСА

Змова супраць Езуса і здрада Юды

1 Набліжалася свята Праснакоў, якое называецца Пасхай.
2 Першасвятары з кніжнікамі шукалі, як забіць Езуса, бо баяліся народу.
3 А сатана ўвайшоў у Юду, аднаго з Дванаццаці, якога звалі Іскарыётам.
4 Ён пайшоў і дамовіўся з першасвятарамі і дазорцамі святыні, як ён ім выдасць Езуса.
5 Тыя ж узрадаваліся і згадзіліся даць яму срэбранікаў.
6 І ён абяцаў, і шукаў нагоды выдаць ім Яго здалёк ад народу.
Прыгатаванне пасхальнай вячэры

7 Настаў дзень Праснакоў, калі трэба было прыносіць пасхальную ахвяру.
8 Тады Езус паслаў Пятра і Яна, кажучы: «Пайдзіце і прыгатуйце нам з’есці пасху».
9 Тыя спыталіся: «Дзе хочаш, каб мы прыгатавалі?»
10 Ён адказаў ім: «Калі будзеце ўваходзіць у горад, сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім у дом, у які ўвойдзе.
11 І скажыце гаспадару дома: “Настаўнік пытаецца ў цябе: дзе святліца, у якой Я магу з’есці пасху з вучнямі Маімі?”
12 Ён пакажа вам вялікі засланы верхні пакой; там прыгатуеце».
13 Яны пайшлі і знайшлі так, як сказаў ім, і прыгатавалі пасху.
Апошняя Вячэра

14 Калі настала гадзіна, Езус заняў месца за сталом, і Апосталы разам з Ім.
15 І сказаў ім: «Я вельмі хацеў спажыць гэтую пасху з вамі, перш чым буду цярпець,
16 бо кажу вам, што ўжо не буду есці яе, аж пакуль яна не здзейсніцца ў Божым Валадарстве».
17 І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і сказаў: «Вазьміце гэта і падзяліце паміж сабою,
18 бо кажу вам, што адгэтуль не буду піць ад вінаграднага плоду, пакуль не прыйдзе Божае Валадарства».
19 І, узяўшы хлеб, узнёс падзяку, паламаў і даў ім, кажучы: «Гэта ёсць Цела Маё, якое за вас будзе выдана. Гэта чыніце на Маю памяць».
20 Таксама ўзяў і келіх пасля вячэры, кажучы: «Гэты келіх ёсць новым запаветам у Крыві Маёй, якая за вас будзе праліта.
21 Аднак вось рука таго, хто выдасць Мяне, на стале са Мною.
22 Бо сапраўды, Сын Чалавечы ідзе як вызначана, але гора таму чалавеку, які выдае Яго!»
23 І яны пачалі пытацца адзін у аднаго, хто з іх збіраецца ўчыніць гэта.
Веліч — у служэнні

24 Узнялася спрэчка паміж імі, хто з іх павінен лічыцца большым.
25 А Езус адказаў ім: «Каралі народаў пануюць над імі, і валадары іх называюцца дабрадзеямі.
26 У вас жа няхай будзе не так, але большы сярод вас няхай будзе як меншы, а правадыр — як слуга.
27 Бо хто большы? Той, хто сядзіць за сталом, ці той, хто служыць? Ці ж не той, хто сядзіць за сталом? Я сярод вас як той, хто служыць.
28 Вы тыя, хто вытрываў са Мною ў Маіх выпрабаваннях.
29 Я перадаю вам у спадчыну Валадарства, як Мне перадаў яго Айцец Мой,
30 каб вы елі і пілі за Маім сталом у Валадарстве Маім, і каб сядзелі на тронах, судзячы дванаццаць пакаленняў Ізраэля.
Прадказанне адрачэння Пятра

31 Сымоне, Сымоне, вось сатана дамагаўся прасеяць вас, як пшаніцу,
32 але Я папрасіў за цябе, каб не знікла твая вера. І ты, калі вернешся, умацуй братоў сваіх».
33 Той адказаў Яму: «Пане, я гатовы ісці з Табою і ў вязніцу, і на смерць».
34 Але Ён сказаў: «Кажу табе, Пётр, не заспявае сёння певень, як ты тройчы адрачэшся, кажучы, што не ведаеш Мяне».
Час выпрабавання і барацьбы

35 І сказаў ім: «Калі Я пасылаў вас без каліты і торбы, і абутку, ці неставала вам чаго-небудзь?» Яны адказалі: «Нічога».
36 Тады сказаў ім: «Але цяпер, хто мае каліту, няхай яе возьме, таксама і торбу, а хто не мае, няхай прадасць адзенне сваё і купіць меч.
37 Бо кажу вам: тое, што напісана пра Мяне: “І да злачынцаў быў залічаны”, павінна збыцца. Бо ўсё, што датычыць Мяне, спаўняецца».
38 Яны сказалі: «Пане, вось тут два мячы». А Ён адказаў ім: «Дастаткова».
Малітва Езуса на Аліўнай гары

39 Выйшаўшы, Ён пайшоў, як звычайна, на Аліўную гару. За Ім пайшлі таксама вучні.
40 Калі прыйшоў на месца, сказаў ім: «Маліцеся, каб не паддацца спакусе».
41 А сам адышоў ад іх, як кінуць камень, укленчыў і маліўся,
42 кажучы: «Ойча, калі Ты жадаеш, адхілі ад Мяне гэты келіх. Але не Мая воля, а Твая няхай станецца».
43 З’явіўся Яму анёл з неба, суцяшаючы Яго.
44 І, моцна пакутуючы, Ён маліўся яшчэ больш. А пот Ягоны быў, быццам кроплі крыві, што падалі на зямлю.
45 Калі ўстаў пасля малітвы і прыйшоў да вучняў, убачыў, што яны заснулі, змучаныя тугою.
46 І сказаў ім: «Чаму вы спіце? Устаньце і маліцеся, каб не паддацца спакусе».
Арышт Езуса

47 Калі Ён яшчэ гаварыў, з’явіўся натоўп, а наперадзе ішоў адзін з Дванаццаці, якога звалі Юда. Ён падышоў да Езуса, каб пацалаваць Яго.
48 А Езус сказаў яму: «Юда, пацалункам выдаеш Сына Чалавечага?»
49 Тыя, хто быў з Езусам, убачылі, што можа стацца, і сказалі: «Пане, ці не ўдарыць нам мячом?»
50 Адзін з іх ударыў слугу першасвятара і адсек яму правае вуха.
51 Тады Езус сказаў: «Пакіньце, даволі!» І, дакрануўшыся да вуха, вылечыў яго.
52 А першасвятарам, дазорцам святыні і старэйшынам, якія выйшлі супраць Яго, Езус сказаў: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі.
53 Кожны дзень, калі Я быў з вамі ў святыні, вы не падымалі рук на Мяне, але цяпер — ваша гадзіна і ўлада цемры».
Адрачэнне Пятра

54 Схапіўшы, павялі Яго і прывялі ў дом першасвятара. А Пётр ішоў следам за Ім зводдаль.
55 Калі яны распалілі агонь сярод дзядзінца і селі разам, Пётр сеў паміж імі.
56 Адна служанка ўбачыла, што ён сядзеў каля агня, прыгледзелася да яго і сказала: «І гэты быў з Ім!»
57 Але ён адрокся, кажучы: «Жанчына, я не ведаю Яго!»
58 Неўзабаве другі ўбачыў яго і сказаў: «І ты з іх!» Але Пётр адказаў: «Чалавеча, гэта не я!»
59 Мінула каля адной гадзіны часу, і яшчэ нехта пачаў казаць: «Сапраўды, і гэты быў з Ім, бо ён галілеец!»
60 Але Пётр адказаў: «Чалавеча, не ведаю, што ты кажаш!» І адразу, калі ён яшчэ гаварыў, заспяваў певень.
61 А Пан абярнуўся і паглядзеў на Пятра. І ўспомніў Пётр слова Пана, калі сказаў яму: «Перш чым сёння заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
62 І, выйшаўшы вонкі, горка заплакаў.
Высмейванне Езуса

63 А людзі, якія трымалі Езуса, насміхаліся над Ім і білі Яго.
64 І, закрываючы Яго, пыталіся: «Прароч, хто ўдарыў Цябе?»
65 І шмат іншых блюзнерстваў казалі супраць Яго.
Езус перад Сінэдрыёнам

66 А калі настаў дзень, сабраліся старэйшыны народу, першасвятары і кніжнікі і павялі Яго на месца сваіх пасяджэнняў,
67 кажучы: «Калі Ты Хрыстус, скажы нам». Ён сказаў ім: «Калі вам скажу, не паверыце,
68 а калі спытаюся ў вас, вы не адкажаце.
69 Адгэтуль Сын Чалавечы будзе сядзець праваруч моцы Божай».
70 І ўсе сказалі: «Дык Ты Сын Божы?» Ён жа адказаў ім: «Вы кажаце, што Я».
71 А яны сказалі: «Навошта яшчэ нам сведчанне? Самі пачулі з вуснаў Ягоных!»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Лукі, 22 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Лукі 22 раздзел в переводах:
Лукі 22 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.