Езус у доме Закхея

1 Увайшоўшы, Ён праходзіў праз Ерыхон.
2 І вось, чалавек па імені Закхей, кіраўнік мытнікаў і багаты,
3 стараўся ўбачыць Езуса, хто Ён такі, але не мог з-за натоўпу, таму што быў малога росту.
4 Забегшы наперад, ён залез на смакоўніцу, каб убачыць Яго, бо Ён павінен быў там праходзіць.
5 А калі Езус прыйшоў на гэтае месца, паглядзеў уверх і сказаў яму: «Закхей, хутчэй спускайся, бо сёння Мне трэба быць у тваім доме».
6 Той хутка спусціўся і прыняў Яго з радасцю.
7 А ўсе, убачыўшы гэта, пачалі наракаць і казалі: «Ён зайшоў пагасціць да грэшнага чалавека».
8 Закхей жа ўстаў і сказаў Пану: «Вось, палову маёмасці сваёй, Пане, я аддам убогім і, калі каго ў чым ашукаў, аддам у чатыры разы больш».
9 Езус сказаў яму: «Сёння прыйшло збаўленне ў дом гэты, таму што і ён сын Абрагама.
10 Бо Сын Чалавечы прыйшоў знайсці і выратаваць тое, што загінула».
Прыпавесць пра міны

11 Калі ж яны слухалі гэта, Ён расказаў прыпавесць, бо блізка быў да Ерузалема, а яны думалі, што зараз з’явіцца Божае Валадарства.
12 Таму сказаў: «Пэўны чалавек шляхетнага паходжання адпраўляўся ў далёкую краіну, каб здабыць сабе каралеўства і вярнуцца.
13 Паклікаўшы дзесяць сваіх слугаў, даў ім дзесяць мін і сказаў ім: “Зарабляйце, пакуль не вярнуся”.
14 Але суайчыннікі ненавідзелі яго і адправілі следам за ім пасланцоў, сказаўшы: “Не хочам, каб валадарыў над намі!”
15 Калі ж ён, здабыўшы каралеўства, вярнуўся, загадаў паклікаць да сябе тых слуг, якім даў срэбра, каб даведацца, што яны зарабілі.
16 Прыйшоў першы і сказаў: “Гаспадару, твая міна прынесла дзесяць мін”.
17 Той адказаў яму: “Добра, слуга добры; за тое, што ты ў малым быў верны, валадар над дзесяццю гарадамі”.
18 Прыйшоў і другі, кажучы: “Гаспадару, твая міна прынесла пяць мін”.
19 Таксама сказаў гэтаму: “І ты валадар над пяццю гарадамі”.
20 Прыйшоў і іншы, кажучы: “Гаспадару, вось твая міна, якую я трымаў у хустцы,
21 бо баяўся цябе, таму што ты чалавек жорсткі: бярэш чаго не клаў, і жнеш, чаго не сеяў”.
22 Той сказаў яму: “Паводле вуснаў тваіх суджу цябе, нягодны слуга! Ты ведаў, што я чалавек жорсткі, бяру чаго не клаў, і жну, чаго не сеяў.
23 Чаму ж ты не пусціў срэбра майго ў абарот, каб я, прыйшоўшы, забраў яго з прыбыткам?”
24 Пасля сказаў тым, хто стаяў побач: “Забярыце ў яго міну і аддайце таму, хто мае дзесяць мін”.
25 І сказалі яму: “Гаспадару, ён ужо мае дзесяць мін!”
26 Кажу вам, што кожнаму, хто мае, дадзена будзе; а ў таго, хто не мае, адымецца і тое, што мае.
27 А тых ворагаў маіх, якія не хацелі, каб я валадарыў над імі, прывядзіце сюды і забіце іх перада мною!»
28 Сказаўшы гэта, Езус пайшоў далей, узыходзячы ў Ерузалем.
ДЗЕЙНАСЦЬ ЕЗУСА Ў ЕРУЗАЛЕМЕ

Урачысты ўезд у Ерузалем

29 Калі Ён наблізіўся да Бэтфагіі і Бэтаніі, да гары, называнай Аліўнай, паслаў двух вучняў сваіх,
30 кажучы: «Ідзіце ў паселішча, што перад вамі. Калі ўвойдзеце ў яго, знойдзеце прывязанае асляня, на якое ніхто з людзей ніколі яшчэ не сядаў. Адвяжыце яго і прывядзіце.
31 А калі нехта спытаецца ў вас: “Навошта адвязваеце?”, адкажыце яму так: “Яно патрэбна Пану”».
32 Пасланцы пайшлі і знайшлі ўсё так, як сказаў ім.
33 А калі яны адвязвалі асляня, яго гаспадары спыталіся ў іх: «Навошта адвязваеце асляня?»
34 Яны адказалі: «Яно патрэбна Пану».
35 Прывялі яго да Езуса і, накінуўшы на асляня свае плашчы, пасадзілі Езуса.
36 А калі Ён ехаў, рассцілалі свае плашчы на дарозе.
37 Калі ж Ён наблізіўся да падножжа гары Аліўнай, усё мноства вучняў Ягоных пачало ў радасці гучным голасам праслаўляць Бога за ўсе цуды, якія яны бачылі,
38 кажучы:

«Благаслаўлёны Кароль, які прыходзіць у імя Пана!
Спакой у небе і хвала на вышынях!»

39 Некаторыя фарысеі з натоўпу сказалі Яму: «Настаўнік, забарані вучням Тваім!»
40 А Ён адказаў: «Кажу вам, калі яны змоўкнуць, дык камяні закрычаць!»
Плач над Ерузалемам

41 Калі Ён наблізіўся і ўбачыў горад, заплакаў над ім
42 і сказаў: «Калі б і ты ў гэты дзень пазнаў, што служыць для спакою твайго! Аднак цяпер гэта схавана ад вачэй тваіх.
43 Бо прыйдуць да цябе такія дні, калі ворагі твае абкапаюць цябе валам, і акружаць цябе, і сціснуць з кожнага боку,
44 зраўнаюць з зямлёю цябе і дзяцей тваіх у табе, і не пакінуць каменя на камені за тое, што ты не пазнаў часу сваіх адведзінаў ».
Ачышчэнне святыні

45 Увайшоўшы ў святыню, Ён пачаў выганяць гандляроў,
46 кажучы ім: «Напісана: “Дом Мой — гэта дом малітвы”, а вы зрабілі з яго пячору разбойнікаў».
47 І штодня вучыў Ён у святыні. Але першасвятары, кніжнікі і старэйшыны народу шукалі, як забіць Яго.
48 І не знаходзілі, што зрабіць з Ім, бо ўвесь народ абступаў Яго, каб слухаць.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Лукі, 19 глава. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.