2 Судзьдзя няерны і ўдава. 10 Фарысей і мытнік на малітве. 15 Дзеці. 16 Гэткім Уладарства Божае. 22 Усё прадауь і раздаць убогім. 24 Цяжкі ўваход багатых у Уладарства Божае. 28 Апосталы пакідаюць усё. 31 Ісус прадракае Сваю сьмерць. 35 Сьляпы просіць празрэньня.
1 Сказаў таксама ім і прыпавесьць, што заўсёды трэба маліцца й не падаць духова.
2 Кажучы: быў судзьдзя адзін у пэўным месьце, Бога не баяўся, людзей не саромеўся.
3 У тым-жа месьце была адна ўдава якая прыйходзіла да яго й гаварыла: — абарані мяне ад супраціўніка майго.
4 Але ён доўгі час не згаджаўся; а потым сказаў сам сабе: — хоць я Бога не баюся й людзей не саромеюся,
5 Але калі гэтая ўдава не дае мне супакою, то абараню яе, каб яна не дакучала мне.
6 І сказаў Госпад: — чуеце, што гаворыць судзьдзя няправедны?
7 А ці не абароніць Бог выбраных Сваіх, якія галосяць да Яго й дзень і ноч, і будзе адкладаць іх просьбу?
8 Кажу вам, што хутка падасьць ім успамогу. Аднак, Сын Чалавечы, прыйшоўшы, ці знойдзе веру на зямлі?
9 Сказаў-жа таксама прыпавесьць і тым, якія ўдавалі з сабе праведнікаў, а іншых паніжалі:
10 Двое людзей ўвайшлі ў храм памаліцца: адзін фарысей, а другі мытнік.
11 Фарысей, стоячы, гэтак маліўся сам у сабе: — Божа, дзякую Табе, што я не такі, як іншыя людзі: зьдзірцы, крыўдзіцелі, чужаложцы, ці вось як гэты мытнік.
12 Пашчу двойчы ў тыдні, даю дзесяціну з таго, што прыдбаю.
13 А мытнік, стануўшы здалёк, не пасьмеў і вачэй узьняць да неба, але, б'ючы сябе ў грудзі, гаварыў: — Божа! міласьцівы будзь да мяне грэшнага.
14 Кажу вам: гэты адыйшоў у дом свой апраўданы больш за таго; бо ўсякі, хто ўзносіцца, паніжаны будзе, а хто сябе паніжае, павышаны будзе.
15 Прыносілі да Яго й дзяцей, каб дакрануўся да іх; вучні-ж, бачачы гэтае, забаранялі ім.
16 І, паклікаўшы іх, Ісус сказаў: — пусьцеце дзяцей прыйходзіць да Мяне й не забараняйце ім, бо іх есьць Уладарства Божае.
17 Папраўдзе кажу вам: хто ня прыйме Уладарства Божага, як дзіця, той ня ўвойдзе ў Яго.
18 І спытаўся ў Яго адзін начальнік, кажучы: — Вычыцель добры! што мне зрабіць, каб унасьледаваць жыцьцё вечнае?
19 Ісус сказаў яму: — чаму ты называеш Мяне добрым? ніхто-ж ня добры, як толькі адзін Бог.
20 Ведаеш запаветы: не забівай, ня чужалож, ня сьветчы фальшыва, шануй айца твайго й маці тваю.
21 Ён-жа сказаў: — усяго гэтага я трымаюся ад юнацтва свайго.
22 Пачуўшы гэтае, Ісус сказаў яму: — аднаго яшчэ табе бракуе, — усё, што маеш, прадай і раздай убогім, і будзеш мець скарб у небе; і прыходзь ды йдзі ўсьлед за Мною.
23 Ён-жа, пачуўшы гэтае, зажурыўся, бо быў вельмі багаты.
24 Ісус, ведаючы, чаго ён зажурыўся, сказаў: — як цяжка увайсьці багатаму да Уладарства Божага!
25 Лягчэй вярблюду прайсьці праз вушка іголчына, як багатаму ўвайсьці у Ўладарства Божае!
26 Тыя-ж, якія чулі гэта, сказалі: — хто-ж можа быць збавёны?
27 Ён-жа сказаў: — тое, што немагчыма для людзей, магчымае для Бога.
28 Пётра-ж сказаў: — вось мы пакінулі ўсё й пайшлі за Табою.
29 І Ён сказаў ім: — папраўдзе кажу вам, — няма нікога, хто-б пакінуў дом, ці бацькоў, ці братоў і сёстраў, ці жану й дзяцей, дзеля Уладарства Божага,
30 І не атрымаў-бы шмат больш у гэтым часе, а ў век прышлы — жыцьця вечнага.
31 Адазваўшы-ж дванаццацёх вучняў Сваіх, прамовіў да іх: — вось ўвайходзім у Ерусалім, і збудзецца ўсё, што напісалі прарокі пра Сына Чалавечага.
32 Бо прададуць Яго няверным, і назьдзекуюцца з Яго, і зьняважаць Яго, і аплююць Яго.
33 І, пабіўшы, усьмерцяць Яго, і на трэйці дзень уваскросне.
34 Але яны нічога з гэтага не зразумелі, бо закрытае ад іх было слова гэтае, і яны ня цянілі сказанага.
35 І было-ж, калі збліжаўся да Ерыхону, адзін сьляпы сядзеў пры дарозе, жабруючы.
36 І пачуўшы, што міма яго прайходзяць народ, спытаўся, што гэта ёсьць?
37 Яму сказалі, што Ісус Назаранін прайходзіць.
38 Тады ён голасна ўсклікнуў: — Ісусе, Сыне Давыдаў, зьмілуйся нада мною.
39 Пярэднія з грамады забаранялі яму, каб маўчаў, але ён яшчэ мацней галосіў: — Сыне Давыдаў! зьмілуйся нада мною.
40 Ісус, запыніўшыся, сказаў прывясьці яго да Сябе; калі-ж той сьляпы зблізіўся да Яго, спытаўся ў яго;
41 Кажучы, што хочаш каб учыніў табе? ён-жа адказаў: — Госпадзе! каб мне бачыць.
42 І сказаў яму Ісус: — Глядзі! вера твая ўспамагла табе.
43 І ён ураз-жа стаў бачыць і пайшоў за Ім, славячы Бога; і ўвесь народ, абачыўшы гэта, узьнёс хвалу Богу.
Зноскі:
10 Двое людзей — ці — Два чалавекі.
11 ці вось як — ці — або як.
28 сказаў — ці — прамовіў.
30 прышлы — ці — будучы.
32 няверным — ці — паганам.
41 каб мне бачыць — ці — каб вярнуць зрок.
42 глядзі — ці — дык бач / прымі зрок.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Сьвятое Евангельле Лукаша, 18 раздзел. Пераклад Міхася Міцкевіча.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.