Библия Гадлеўскі Пераклад В. Гадлеўскага

Марка, 6 Паводле Марка, 6 глава

1 І выйшаўшы адтуль, пайшоў у сваю бацькаўшчыну, і ішлі за ім ягоныя вучні.
2 І калі настала субота, пачаў вучыць у бажніцы, многія-ж, слухаючы, дзівіліся з ягонай навкі, кажучы: Адкуль у яго ўсё гэтае? І што гэта за мудрасьць, якая яму дадзена, і такія цуды, якія дзеюцца праз ягоны рукі?
3 Ціж ён не рамесьнік, сын Марыі, брат Якуба, і Язэпа, і Юды, і Сымона? Ці-ж ня тут між намі і сёстры ягоныя? І горшыліся з яго.
4 І казаў ім Езус: Што прарок ня бывае без пашаны, апрача ў бацькаўшчыне сваей, і ўдоме сваім, і ў радні сваей.
5 І ня мог там учыніць ніводнага цуду, толькі аздаравіў некалькіх хворых, узлажыўшы рукі.
6 І дзівіўся з недаверства іх. І хадзіў навакол па сёлах, навучаючы.
7 І паклікаў дванаццацёх і пачаў іх разсылаць па двух і даў ім уладу над нячыстымі духамі.
8 І загадаў ім, каб нічога не бралі ў дарогу, апрача толькі кія: ані торбы, ані хлеба, ані грошай у паясе,
9 але каб былі абуўшыся ў сандалы, і каб не адзяваліся ў дзьве вопраткі.
10 І казаў ім: Дзе-колечы ўвойдзеце ў дом, там аставайцеся, пакуль ня выйдзяце адтуль.
11 І каторыя-б вас не прынялі, і ня слухалі вас, вы, выходзячы адтуль, абтрасеце пыл з вашых ног на пасьведчаньне ім.
12 І выйшаўшы, абвяшчалі, каб пакутавалі;
13 і выганялі многа д’яблаў, і многіх хворых памазвалі аліваю і аздараўлялі.
14 І пачуў кароль Гэрад — бо імя ягонае сталася ведамае — і казаў: Што Ян Хрысьціцель устаў з умерлых і дзеля гэтага ў ім дзеюцца цуды.
15 Другія-ж казалі: Што гэта Гальяш. А іншыя казалі: Што гэта прарок, як-бы адзін з прарокаў.
16 Гэрад, пачуўшы аб гэтым, сказаў: Гэта Ян, катораму я адсек галаву, ён устаў з умерлых.
17 Бо гэты Гэрад паслаў і ўзяў Яна і зьвязаў яго ў вастрозе дзеля Гэрадыяды, жонкі свайго брата Філіпа, таму што быў узяўшы яе за жонку.
18 Бо Ян казаў Гэраду: Ня можна табе мець жонку брата твайго.
19 А Гэрадыяда рабіла подступы проціў яго і хацела яго забіць, але не магла,
20 бо Гэрад баяўся Яна, знаючы яго, як чалавека справядлівага і сьвятога, і сьцярог яго, дый слухаючы яго, шмат рабіў, і ахвотна слухаў яго.
21 І калі надарыўся адпаведны дзень, Гэрад з прычыны сваіх нарадзін справіў банкет вяльможам, тысячнікам і паном Галілеі.
22 І калі ўвайшла дачка гэнай Гэрадыяды і танцавала, і спадабалася Гэраду і тым, што разам сядзелі, кароль сказаў дзяўчыне: Прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе.
23 І прысягнуў ей: Што чаго-толькі папросіш, дам табе, хоць-бы палавіну каралеўства майго.
24 Тая, выйшаўшы, сказала матцы сваей: Чаго мне прасіць? А яна сказала: Галаву Яна Хрысьціцеля.
25 І калі зараз-жа ўвайшла з пасьпехам да караля, прасіла, кажучы: Хачу, каб ты мне зараз даў на талерцы галаву Яна Хрысьціцеля.
26 І засмуціўся кароль; дзеля прысягі і дзеля тых, што разам сядзелі, не хацеў яе засмуціць,
27 але паслаўшы ката, загадаў прынясьці галаву яго на талерцы.
28 І сьцяў яго ў вастрозе, і прынёс галаву яго на талерцы, і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала сваей матцы.
29 Пачуўшы аб гэтым, вучні ягоны прыйшлі і ўзялі цела ягона і палажылі яго ў гробе.
30 І апосталы, зыйшоўшыся да Езуса, расказалі яму ўсё, што яны рабілі і чаго навучалі.
31 І сказаў ім: ідзеце асобна ў пустыннае месца і адпачыньце крыху. Бо многа было, што прыходзілі і адыходзілі, і ня мелі часу зьесьці.
32 І ўвайшоўшы ў лодку, адплылі асобна ў пустыннае месца.
33 І бачылі іх адплываючых і пазналі многія, і зьбегліся туды пехатою з усіх гарадоў і апярэдзілі іх.
34 І выйшаўшы, Езус убачыў вялікую грамаду і зжаліўся над імі, бо былі як авечкі, ня маючыя пастыра. І пачаў іх навучаць многага.
35 І калі была ўжо позная гадзіна, падыйшлі вучні ягоны, кажучы: Пустыннае гэта месца і час ужо сходзіць,
36 пусьці іх, каб пайшоўшы ў найбліжэйшыя сялібы і вёскі, купілі сабе ежы, каб зьесьці.
37 І адказваючы, сказаў ім: Дайце вы ім есьці. І сказалі яму: Пайшоўшы купім за дзьвесьце дынараў хлеба і дамо ім есьці.
38 І сказаў ім: Сколькі маеце хлябоў? Ідзеце і паглядзеце. І калі даведаліся, сказалі: Пяць і дзьве рыбы.
39 І загадаў ім, каб разсадзілі ўсіх грамадамі на зялёнай траве.
40 І паселі радамі па сто і па пяцьдзесят.
41 І ўзяўшы пяць хлябоў і дзьве рыбы, узглянуўшы ў неба, багаславіў і ламаў хлябы і даваў вучням сваім, каб клалі перад імі; і дзьве рыбы падзяліў усім.
42 І елі ўсе і наеліся.
43 І набралі, што асталося ад кускоў і ад рыб дванаццаць поўных кашоў.
44 А тых, што елі, было пяць тысяч мужчын.
45 І зараз прымусіў вучняў сваіх увайсьці ў лодку, каб паплыць перад ім на той бераг да Бэтсайды, пакуль ён адправіць народ.
46 І калі адправіў іх, пайшоў на гару маліцца.
47 І калі было позна, была лодка пасярэдзіне мора, а ён адзін на зямлі.
48 І бачачы іх, як яны працавалі вёсламі, (бо быў ім праціўны вецер), каля чацьвертай начной варты прыйшрў да іх, ідучы па моры — і хацеў іх мінуць.
49 Яны-ж, як убачылі яго ідучага па моры, думалі, што гэта здань, і закрычалі.
50 Бо ўсе бачылі яго і стрывожыліся. І зараз-жа загаварыў да іх і сказаў ім: Будзьце адважны, гэта я, ня бойцеся.
51 І ўвайшоў да іх у лодку, і перастаў вецер. І яшчэ болей дзівіліся ў сабе,
52 бо не зарзумелі аб хлябох, затым што сэрца іх было закамянелае.
53 І калі пераплылі, прыбылі ў зямлю Гэнэзарэцкую і прысталі да берагу.
54 Калі-ж выйшлі з лодкі, зараз-жа пазналі яго;
55 і абягаючы ўсю тую краіну, пачалі зносіць на ложах тых, што дрэнна меліся, туды, дзе чулі, што ён ёсьць.
56 І куды-толькі ўваходзіў, у сёлы, ці ў мястэчкі, ці ў гарады, клалі хворых на вуліцах і прасілі яго, каб дакрануцца хоць краю адзежы ягонай. І сколькі дакранулася да яго, былі здаровы.

Примечания к тексту

1 «У сваю бацькаўшчыну» — г. зн. у Назарэт.

3 Гл. Мт. 13:56.

5 «Ня мог» — гэта значыць не знайшоў там патрэбных варункаў у людзей, а перш за ўсё веры.

8 Кій на ўсходзе ёсьць заўсёдным таварышам у падарожы. Бяз кія ў даўжэйшую дарогу там ня выходзяць.

9 Сандалы былі абуткам людзей небагатых.

11 Што ласкай Бога і навукай яго ўзгардзілі.

20 Гэрад, будучы слабавольным, сам ад сябе не хацеў нічога дрэннага зрабіць Яну Хрысьціцелю, а нават яго паважаў.

26 Гл. Мт. 14:9.

33 Пазналі па кірунку лодкі, куды Езус паплыў. Па сушы маглі скарэй дайсьці — «апярэдзіць», калі на возеры быў праціўны вецер.

37 Хрыстус хоча выпрабаваць веру апосталаў. 200 дынараў — гэта каля 400 зл.

48 «Каля чацьвертай начной варты» — г. зн. каля чацьвертай гадзіны нараніцы. Гл. Мт. 14:25.

52 Апосталы не зарзумелі цудоўнага размнажэньня хлеба, як прыгатаваньня да ўстанаўленьня сьв. Эўхарыстыі. Яны хоць і глядзелі на цуды, але не разумелі іх значэньня.

Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Марка, 6 глава. Пераклад В. Гадлеўскага

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.