Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Марка 6 Паводле Марка 6 раздзел

1 І выйшаў Ён адтуль і прыйшоў на ба́цькаўшчыну Сваю, і за Ім ішлі вучні Яго.
2 І калі настала субота, пачаў Ён вучы́ць у сінагозе, і многія слухачы́ дзівіліся, ка́жучы: адкуль у Яго гэта? і што за мудрасць да́дзена Яму, і як такія цуды тво́рацца рукамі Яго?
3 Ці не цясля́р гэта, сын Марыі і брат Іакава, Іасíі, Іуды і Сíмана? і ці не сёстры Яго тут сярод нас? І сумнява́ліся ў Ім.
4 Іісус жа казаў ім: не бывае прарок без паша́ны, хіба́ толькі на ба́цькаўшчыне сваёй, і ў родных сваіх, і ў доме сваім.
5 І не мог там ніякага цу́ду ствары́ць, толькі нямногіх хворых, усклаўшы на іх ру́кі, ацалíў.
6 І дзівіўся нявер’ю іх. І хадзіў па навакольных се́лішчах, навучаючы.
7 І, паклíкаўшы дванаццаць, пачаў іх пасылаць па двое і даў ім ула́ду над нячыстымі ду́хамі.
8 І наказа́ў ім нічога не браць у дарогу, акрамя аднаго посаха: ні торбы, ні хле́ба, ні медзі ў поясе;
9 але абува́цца ў санда́лі і не насіць дзвюх адзе́жын.
10 І казаў ім: калі дзе ўво́йдзеце ў дом, застава́йцеся ў ім, пакуль не по́йдзеце адтуль;
11 і калі хто не пры́ме вас і не паслухаецца вас, то выхо́дзячы адтуль, абтрасíце пыл з ног вашых у све́дчанне ім. Праўду кажу вам: лягчэй будзе Садо́му і Гамо́ры ў дзень су́дны, чым гораду таму.
12 І, пайшоўшы, яны прапаве́давалі пакая́нне,
13 і дэманаў многіх выганя́лі, і пама́звалі алеем многіх хворых, і ацаля́лі.
14 І дачу́ўся пра Іісуса цар Ірад, бо вядомым стала імя́ Яго, і казаў: гэта Іаан Хрысцíцель з мёртвых паўстаў, і таму цуды дзе́юцца ім.
15 Іншыя казалі: гэта Ілія́, а іншыя казалі: гэта прарок ці як адзін з прарокаў.
16 А Ірад, пачуўшы, сказаў: гэта Іаан, якому я адсе́к галаву, ён паўстаў з мёртвых.
17 Бо сам Ірад паслаў схапіць Іаана і звяза́ў яго ў цямніцы з-за Ірадыя́ды, жонкі Філіпа, брата свайго, таму што ажаніўся з ёю.
18 Бо Іаан казаў Іраду: не нале́жыць табе мець жонку брата твайго.
19 А Ірадыя́да, гне́ваючыся на яго, жада́ла яго забіць, ды не магла.
20 Бо Ірад баяўся Іаана, ведаючы яго як чалавека праведнага і святога, і аберагаў яго, і шмат рабіў, слу́хаючыся яго, і з ахвотаю яго слухаў.
21 І настаў зручны дзень, калі Ірад у гадавіну свайго нараджэння ла́дзіў пір вяльможам сваім, тысячанача́льнікам і старэйшынам Галілейскім,
22 і ўвайшла дачка́ Ірадыя́ды, і танцавала, і дагадзíла Іраду і тым, што ўзляжа́лі з ім. Сказаў цар дзяўчыне: прасі ў мяне чаго хочаш, і дам табе.
23 І пакляўся ёй: чаго ні папросіш у мяне, дам табе, хоць і паўцарства майго.
24 Яна ж выйшла і спытала ў маці сваёй: чаго прасіць? Тая адказала: галаву Іаана Хрысцíцеля.
25 І яна адразу, паспе́шліва ўвайшоўшы да цара, прасіла, ка́жучы: хачу каб ты цяпер жа даў мне на блю́дзе галаву Іаана Хрысцíцеля.
26 І засмуціўся цар, але дзе́ля клятвы і тых, што ўзляжа́лі з ім, не захацеў адмовіць ёй.
27 І адразу, паслаўшы целаахоўніка, цар загадаў прыне́сці галаву яго.
28 Той, пайшоўшы, адсе́к яму галаву ў цямніцы і прынёс на блю́дзе і аддаў яе дзяўчыне, а дзяўчына аддала́ яе маці сваёй.
29 І, дачу́ўшыся, вучні яго прыйшлі і ўзялí це́ла яго, і паклалі яго ў магілу.
30 І сабра́ліся апосталы да Іісуса і расказалі Яму ўсё: і што зрабілі, і чаму навучылі.
31 І сказаў ім: пайдзіце вы самі, асобна, у пустэ́льнае месца і адпачнíце крыху́. Бо многія прыхо́дзілі і адыхо́дзілі, так што і паесці ім не было́ калі.
32 І адправіліся яны ў пустэ́льнае месца на лодцы асобна.
33 І ўбачыў народ, як яны адплывалі, і пазналі іх многія, і пехато́ю з усіх гарадоў спяшаліся туды, і апярэ́дзілі іх, і сышлíся да Яго.
34 І, выйшаўшы, убачыў Іісус мноства людзей і пашкадаваў іх, бо яны былí як авечкі без пастыра; і пачаў іх вучы́ць многа.
35 І калі быў ужо час позні, вучні Яго, падышоўшы да Яго, казалі: месца тут пустэ́льнае, і ўжо час позні,
36 адпусці іх, каб пайшлі ў навакольныя вёскі ды се́лішчы і купілі сабе хле́ба, бо не маюць чаго есці.
37 Ён жа ў адказ ім прамовіў: вы ім дайце есці. І кажуць Яму: ці не пайсці нам купíць хлябо́ў дына́рыяў на дзвесце і даць ім есці?
38 Але Ён гаворыць ім: колькі хлябоў ма́еце? ідзіце і паглядзíце. І, даведаўшыся, яны кажуць: пяць хлябо́ў і дзве ры́біны.
39 І загадаў ім рассадзíць усіх групамі на зялёнай траве.
40 І ўзляглí ў рады́ па сто і па пяцьдзесят.
41 І, узяўшы пяць хлябо́ў і дзве ры́біны, узвёўшы вочы на неба, благаславіў і пераламíў хлябы́, і даваў вучням Сваім, каб разносілі ім, і дзве рыбіны падзяліў на ўсіх.
42 І елі ўсе і насы́ціліся.
43 І назбіралі кавалкаў хле́ба дванаццаць поўных кашоў і рэшты ад рыбы.
44 А было тых, што елі хлябы́, каля пяці тысяч мужчын.
45 І адразу прымусіў вучняў Сваіх увайсці ў лодку і адправіцца ўперад Яго на той бок да Віфсаíды, пакуль Ён адпу́сціць людзей.
46 І, адпусціўшы іх, пайшоў на гару памалíцца.
47 І як настаў вечар, лодка была пасярод мора, а Ён адзін на зямлі.
48 І ўбачыў іх, знясíленых веслава́ннем, бо вецер дзьмуў насу́праць ім; і каля чацвёртай ва́рты ночы наблізіўся да іх, ідучы́ па моры, і хацеў абміну́ць іх.
49 Яны ж, убачыўшы, як Ён ідзе па моры, падумалі, што гэта пры́від, і закрычалі.
50 Бо ўсе Яго бачылі і перапалохаліся. і адразу загаварыў з імі і сказаў ім: супакойцеся; гэта Я, не бойцеся.
51 І ўвайшоў да іх у лодку; і вецер суня́ўся. І яны надзвы́чай былі ўзру́шаныя ў сабе і здзіўляліся.
52 Бо не ўразуме́лі таго, што адбыло́ся з хляба́мі, бо сэрца ў іх было́ скамяне́лае.
53 І, перапра́віўшыся, прыбылí ў зямлю Генісарэ́цкую, і прысталі да берага.
54 І калі выйшлі яны з лодкі, адразу людзі пазна́лі Яго,
55 і, аббегшы ўсё наваколле тое, пачалí на пасцелях прыно́сіць хворых туды, дзе, па чу́тках, быў Ён.
56 І куды б ні прыхо́дзіў Ён, у пасе́лішчы, ці ў гарады, ці ў вёскі, на лю́дных месцах клалі хворых і прасілі Яго, каб хоць да кра́ю адзе́ння Яго дакрану́цца; і тыя, што дакрана́ліся да Яго, уратоўваліся.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Марка, 6 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Марка 6 раздзел в переводах:
Марка 6 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.