Біблія » БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Марка 12 Паводле Марка 12 раздзел

1 І пачаў гаварыць ім прытчамі: пасадзíў чалавек вінаграднік і абнёс агаро́джаю, і вы́капаў выціска́льню, і збудаваў ве́жу, і аддаў яго вінагра́дарам, і адлучы́ўся.
2 І паслаў да вінагра́дараў у пэўны час раба́, каб узяць ад вінагра́дараў пладоў з вінаградніка.
3 А яны, схапіўшы яго, набілі і адасла́лі ні з чым.
4 І зноў паслаў да іх іншага раба́, і таго каме́ннем пабілі, разбілі галаву і адпусцілі знява́жанага.
5 І зноў іншага паслаў, і таго забілі; і многіх іншых каго білі, а каго забівалі.
6 Яшчэ аднаго меў ён, сына ўзлю́бленага свайго, паслаў і яго нарэшце да іх, ка́жучы: пасаро́меюцца сы́на майго.
7 Тыя ж вінагра́дары, сказалі адзін аднаму: гэта спадкае́мец; хадзе́м, заб’ём яго, і спа́дчына будзе наша.
8 І, схапіўшы яго, забілі і вы́кінулі прэч з вінагра́дніка.
9 Што ж зробіць гаспадар вінагра́дніка? Пры́йдзе і знíшчыць вінагра́дараў, і аддасць вінагра́днік іншым.
10 Няўжо не чыталі вы гэтага Пісання: ка́мень, які адкінулі будаўнікі, той самы стаў галавою вугла́;
11 ад Госпада ста́лася гэта, і яно дзіўнае ў вачах нашых.
12 І наме́рваліся схапіць Яго, ды пабаяліся народу; бо зразуме́лі, што пра іх сказаў прытчу; і, пакінуўшы Яго, адышлі.
13 І пасыла́юць да Яго некато́рых з фарысеяў і ірадыя́н, каб злавíць Яго на слове.
14 Яны, прыйшоўшы, кажуць Яму: «Настаўнік! мы ведаем, што Ты праўдзівы і нікому не дагаджа́еш, бо не глядзíш на аблічча людзей, а па праўдзе шля́ху Божаму вучыш. Дазволена даваць пада́так ке́сару ці не? даваць нам ці не даваць?
15 Ён жа, ве́даючы іх крываду́шнасць, сказаў ім: што́ Мяне спакуша́еце? прынясíце Мне дына́рый, каб Я пабачыў.
16 Яны прыне́слі. І кажа ім: чыя́ гэта выя́ва і на́дпіс? Яны сказалі Яму: ке́саравы.
17 І сказаў ім Іісус у адказ: аддавайце ке́сарава ке́сару, а Божае Богу. І дзівіліся Яму.
18 І прыйшлі да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрасе́ння, і спыталіся ў Яго, ка́жучы:
19 Настаўнік! Маісей напісаў нам: «калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, то няхай брат яго возьме жонку яго і адро́дзіць се́мя брату свайму».
20 Было́ сем братоў; і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў се́мені.
21 І другі ўзяў яе, і памёр, і ён не пакінуў се́мені; і трэці таксама.
22 І бра́лі яе сямёра, і не пакінулі се́мені. Пасля ўсіх паме́рла і жонка.
23 Дык вось, ва ўваскрасе́нні, калі яны ўваскрэ́снуць, катораму з іх будзе яна жонкаю? бо сямёра мелі яе жонкаю.
24 І сказаў ім Іісус у адказ: ці не таму вы памыля́ецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ні сілы Божае?
25 Бо калі з мёртвых уваскрэ́снуць, не будуць ні жаніцца, ні замуж выходзіць, а будуць, як Ангелы на нябёсах.
26 Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэ́снуць, хіба́ не чыталі вы ў кнізе Маісея пра купіну́, як Бог гаварыў яму, ка́жучы: «Я Бог Аўраа́ма, і Бог Ісаа́ка, і Бог Іа́кава»?
27 Ён не ёсць Бог мёртвых, але Бог жывы́х. Таму вы вельмі памыля́ецеся.
28 І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрача́юцца, і, ведаючы, што Іісус добра адказаў ім, спытаў у Яго: якая першая з усіх за́паведзяў?
29 Іісус адказаў яму: першая з усіх за́паведзяў: «слухай, Ізра́ілю! Гасподзь Бог наш ёсць Гасподзь адзіны;
30 і ўзлюбí Госпада Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душою тваёю, і ўсім разуме́ннем тваім, і ўсёй сілаю тваёю»; гэта першая за́паведзь.
31 І другая падобная да яе: «узлюбí бліжняга твайго, як само́га сябе». Большай за гэтыя іншай за́паведзі няма.
32 І сказаў Яму кніжнік: добра, Настаўнік! па праўдзе сказаў Ты, што адзіны ёсць Бог, і няма іншага, акрамя Яго;
33 і любíць Яго ўсім сэ́рцам, і ўсім розумам, і ўсёю душою, і ўсёю сілаю, і любíць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш за ўсе ўсеспале́нні і ахвя́ры.
34 Іісус жа, убачыўшы, што той разумна адказваў, сказаў яму: недалёка ты ад Царства Божага. І ніхто не адважваўся болей пытацца ў Яго.
35 І, праця́гваючы вучы́ць у храме, Іісус казаў: я́к гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — сын Давідаў?
36 Бо сам Давід сказаў Духам Святым: «сказаў Гасподзь Госпаду майму: сядзí правару́ч Мяне, пакуль пакладу ворагаў Тваіх у падно́жжа ног Тваіх.»
37 Сам Давід называе Яго Госпадам: я́к жа Ён сын яму? І мноства народу слухала Яго з прыемнасцю.
38 І казаў ім у вучэнні Сваім: сцеражы́цеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх убо́рах і каб віталі іх на плошчах,
39 і напе́радзе сядзе́ць у сінагогах і ўзляжа́ць напе́радзе на гасцíнах.
40 Тыя, што паяда́юць дамы́ ўдоў і напака́з доўга моляцца, пры́муць бо́льшае асуджэ́нне.
41 І сеў Іісус насу́праць ска́рбніцы, і глядзеў, як народ кладзе́ грошы ў ска́рбніцу, і многія багацеі кла́лі шмат.
42 І, прыйшоўшы, адна бедная ўдава́ пакла́ла дзве ле́пты, гэта значыць кадра́нт.
43 І, паклíкаўшы вучняў сваіх, Іісус гаворыць ім: праўду кажу вам, удава́ гэтая бедная пакла́ла больш за ўсіх, хто клаў у ска́рбніцу:
44 бо ўсе кла́лі ад дастатку свайго, а яна з няста́чы сваёй пакла́ла ўсё, што мела, увесь пражы́так свой.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Святое Евангелле паводле Марка, 12 раздзел. Пераклад праваслаўнай царквы.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Марка 12 раздзел в переводах:
Марка 12 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.