Біблія » Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Марка 12 Марка 12 раздзел

1 І пачаў Ён казаць ім у прыпавесцях: Пасадзіў чалавек вінаграднік і абнёс агароджаю, і выкапаў выцікальню, і пабудаваў вежу, і здаў яго вінаградарам, і выехаў.
2 І ў пэўны час паслаў да вінаградараў слугу, каб ён узяў у вінаградараў ад пладоў вінаградніка;
3 а тыя, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
4 І ён зноў паслаў да іх другога слугу і таго ранілі ў галаву і зняважылі30.
5 І паслаў іншага; і таго забілі, і многіх іншых — каго збілі, каго забілі.
6 У яго быў яшчэ адзін — улюбёны сын; ён паслаў яго апошнім да іх, кажучы: Пасаромеюцца майго сына.
7 А тыя вінаградары сказалі адзін аднаму: Гэта спадкаемец; хадзем заб’ём яго, і спадчына будзе наша.
8 І, схапіўшы, яны забілі яго і выкінулі яго за вінаграднік.
9 [Дык] што зробіць гаспадар вінаградніка? Прыйдзе і знішчыць вінаградараў і аддасць вінаграднік іншым.
10 Няўжо вы і гэтага ў Пісанні не чыталі: «Камень, які адкінулі будаўнікі, — ён зрабіўся галавою вугла;
11 ад Госпада зрабілася гэта, і яно дзіўнае ў нашых вачах»?
12 І стараліся Яго схапіць, ды баяліся натоўпу, бо зразумелі, што, маючы іх на ўвазе, сказаў Ён прыпавесць. І, пакінуўшы Яго, адышлі.
13 І пасылаюць да Яго некаторых з фарысеяў і з ірадыян, каб прылавіць Яго на слове.
14 І тыя, прыйшоўшы, кажуць Яму: Настаўніку, мы ведаем, што Ты праўдзівы і ні на кога не зважаеш: бо не глядзіш на аблічча людзей, а па праўдзе вучыш Божай дарозе; ці дазваляецца даваць падаткі кесару ці не? Даваць нам ці не даваць?
15 Ён жа, ведаючы іх крывадушнасць, казаў ім: Што вы Мяне спакушаеце? Нясіце Мне дынарый, каб я паглядзеў.
16 Яны і прынеслі. І Ён кажа ім: Чыя гэта выява і надпіс? — І яны сказалі Яму: Кесаравы.
17 Ісус жа сказаў ім: Кесарава аддавайце кесару, а Божае — Богу. — І яны вельмі здзіўляліся Яму.
18 І прыходзяць да Яго садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
19 Настаўніку, Маісей напісаў нам, што калі ў каго брат памрэ і пакіне жонку і не пакіне дзіцяці, то няхай яго брат возьме жонку і ўзновіць патомства свайму брату.
20 Было сем братоў: і першы ўзяў жонку і, паміраючы, не пакінуў патомства;
21 і другі ўзяў яе і памёр, не пакінуўшы патомства; і трэці таксама;
22 і сем не пакінулі патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
23 [Дык] пры ўваскрэсенні, [калі яны ўваскрэснуць], каго з іх яна будзе жонкаю? Бо яна была ў сямі.
24 Ісус сказаў ім: Ці не таму вы памыляецеся, што не ведаеце ні Пісанняў, ані сілы Божай?
25 Бо калі ўваскрэснуць з мёртвых, не жэняцца і не выходзяць замуж, а будуць, як Анёлы ў нябёсах.
26 Пра мёртвых жа, што яны ўваскрэснуць, хіба не чыталі вы ў Маісеевай кнізе, як Бог пры кусце прамовіў яму, кажучы: «Я Бог Аўраамаў, і Бог Ісаакаў, і Бог Іякаваў»?
27 Ён Бог не мёртвых, а жывых; вы вельмі памыляецеся.
28 І, падышоўшы, адзін з кніжнікаў, які чуў, як яны спрачаюцца, і бачачы, што добра Ён адказаў ім, спытаўся ў Яго: Якая запаведзь першая з усіх?
29 Ісус адказаў: Першая [з усіх запаведзяў]: «Слухай, Ізраіле! Госпад, наш Бог, — Госпад адзіны;
30 і любі Госпада, твайго Бога, усім сэрцам тваім, і ўсёю душою тваёю, і ўсім тваім розумам, і ўсёю тваёю сілай», [— вось першая запаведзь].
31 Другая гэта31: «Любі твайго блізкага, як самога сябе». Няма іншай запаведзі большай за гэтыя.
32 І кніжнік сказаў Яму: Добра, Настаўніку! Па праўдзе сказаў Ты, што ёсць Ён32 адзін і няма іншага, акрамя Яго;
33 і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім разуменнем, і ўсёю сілаю, і любіць блізкага, як самога сябе, гэта больш за ўсе ўсёспаленні і ахвяры.
34 І Ісус, убачыўшы, што ён разумна адказаў, сказаў яму: Недалёка ты ад Царства Божага. — І ніхто больш не адважваўся пытацца ў Яго.
35 І, азваўшыся, Ісус казаў, навучаючы ў святыні: Як гэта кажуць кніжнікі, што Хрыстос — Давідаў сын?
36 Сам Давід сказаў у Святым Духу: «Сказаў Госпад майму Госпаду: Сядзі праваруч Мяне, пакуль Я не пакладу Тваіх ворагаў пад Твае ногі»33.
37 Сам Давід называе Яго Госпадам: дык як жа Ён яго сын? — І вялікі натоўп з асалодаю слухаў Яго.
38 І ў Сваёй навуцы Ён казаў: Сцеражыцеся кніжнікаў, што любяць праходжвацца ў доўгіх шатах і каб віталі іх на рыначных плошчах,
39 і любяць першыя лавы ў сінагогах і першыя месцы на банкетах,
40 што праядаюць удовіны дамы і напаказ доўга моляцца; гэтыя атрымаюць большы прысуд.
41 І, сеўшы насупроць скарбніцы, Ён глядзеў, як натоўп кладзе грошы ў скарбніцу. І многія багацеі шмат клалі.
42 І прыйшла адна ўбогая і паклала дзве лепты, гэта значыць кадрант.
43 І, паклікаўшы Сваіх вучняў, Ён сказаў ім: Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава паклала больш за ўсіх, што клалі ў скарбніцу;
44 бо ўсе ад сваіх лішкаў клалі, яна ж ад сваёй нястачы, усё, што мела, паклала, увесь свой пражытак.

Зноскі:

4 30: У некат. рукап.: пабілі каменнем, разбілі галаву і адаслалі зняважанага.
31 31: У некат. рукап.: І другая падобная да яе.
32 32: У некат. рукап.: Бог.
36 33: У некат. рукап.: [як] падножжа ног Тваіх.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Марка, 12 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Марка 12 раздзел в переводах:
Марка 12 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.