Біблія » Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Марка 5 Марка 5 раздзел

1 І яны прыбылі на другі бок мора, у краіну герасінаў10.
2 І калі Ён выйшаў з лодкі, адразу Яго сустрэў, выйшаўшы з магільняў, чалавек, апантаны нячыстым духам,
3 што меў прыстанішча ў магільнях, і нават ланцугамі ніхто ўжо не мог звязаць яго,
4 бо шмат разоў яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, ды ён разрываў ланцугі і раструшчваў кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць;
5 і заўсёды, уночы і ўдзень, ён у магільнях і ў гарах крычаў і біўся аб каменне.
6 І, убачыўшы Ісуса здалёку, ён пабег і ўпаў ніцма перад Ім,
7 і, закрычаўшы гучным голасам, кажа: Што Табе да мяне, Ісусе, Сыне Усявышняга Бога? Богам Цябе заклінаю, не муч мяне!
8 Бо Ён казаў яму: Выйдзі, нячысты дух, з гэтага чалавека!
9 І спытаўся ў яго: Як тваё імя? — І той кажа Яму: Легіён мне імя, бо шмат нас.
10 І вельмі прасіў Яго, каб не высылаў іх з тае зямлі.
11 А быў там пад гарою вялікі гурт свіней на пашы;
12 і папрасілі Яго [ўсе дэманы], кажучы: Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх.
13 І Ён дазволіў ім. І выйшаўшы, нячыстыя духі ўвайшлі ў свіней, і гурт рынуўся са стромы ў мора — тысяч з дзве — і патапіліся яны ў моры.
14 А іх пастухі ўцяклі і расказалі ў горадзе і ў вёсках; і людзі прыйшлі паглядзець, што здарылася.
15 І прыходзяць да Ісуса і бачаць, што апантаны дэманамі сядзіць [і] апрануты і ў здаровым розуме, — той, у якім быў легіён, — і спалохаліся.
16 І відавочцы расказалі ім, як было з апантаным дэманамі, і пра свіней.
17 І яны пачалі прасіць Яго, каб Ён адышоў з іх ваколіц.
18 І калі Ён уваходзіў у лодку, той, што быў апантаны, прасіў Яго, каб быць з Ім.
19 Ды Ён не дазволіў яму, а кажа яму: Ідзі ў свой дом, да сваіх, і раскажы ім, як шмат зрабіў для цябе Госпад і як злітаваўся над табою.
20 І той пайшоў і пачаў абвяшчаць у Дзесяцігораддзі, як шмат зрабіў для яго Ісус, і ўсе здзіўляліся.
21 І калі Ісус пераправіўся [ў лодцы] зноў на другі бок, да Яго сабраўся вялікі натоўп, а быў Ён ля мора.
22 І прыходзіць адзін з начальнікаў сінагогі імем Іяір, і, убачыўшы Яго, падае да Яго ног
23 і вельмі просіць Яго, кажучы: Мая дачушка пры смерці; прыйдзі, ускладзі рукі на яе, каб яна была ўратавана і выжыла.
24 І Ён пайшоў з ім, і ўслед за Ім ішоў вялікі натоўп і напіраў на Яго.
25 І была там жанчына, якая пакутавала на крывацёк дванаццаць гадоў,
26 якая шмат нацярпелася ад многіх дактароў і спусціла на іх усё, што яна мела, і нічым не ўспамаглася, а яшчэ больш заняпала,
27 пачуўшы пра Ісуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Яго вопраткі;
28 бо яна казала: Калі дакрануся хоць бы да Яго вопраткі, буду ўратавана.
29 І адразу высах выток яе крыві, і яна целам адчула, што вылечана ад хваробы.
30 І адразу Ісус, адчуўшы ў Самім Сабе, што з Яго выйшла сіла, павярнуўся ў натоўпе і спытаўся: Хто дакрануўся да Маёй вопраткі?
31 І Яго вучні казалі Яму: Ты бачыш, што натоўп цісне на Цябе, і пытаешся: «Хто дакрануўся да Мяне?»
32 А Ён аглядваўся, каб убачыць тую, што гэта зрабіла.
33 Жанчына ж, з бояззю і трымценнем, ведаючы, што адбылося з ёю, падышла і ўпала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
34 Ён жа сказаў ёй: Дачка, твая вера ўратавала цябе; ідзі ў міры і будзь здаровая ад сваёй хваробы.
35 Калі яшчэ Ён казаў, прыходзяць ад начальніка сінагогі і кажуць: Твая дачка памерла; што ты яшчэ турбуеш Настаўніка?
36 Ісус жа, прачуўшы сказанае слова, кажа начальніку сінагогі: Не бойся, только веруй.
37 І не дазволіў нікому пайсці за Сабою, акрамя Пятра, Іякава і Іаана, Іякавага брата.
38 І яны прыходзяць у дом начальніка сінагогі, і Ён бачыць перапалох: людзей, што плачуць і моцна галосяць,
39 і Ён, увайшоўшы, кажа ім: Што мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць.
40 І яны насміхаліся з Яго. Ён жа, выправадзіўшы ўсіх, забірае бацьку дзяўчынкі і маці і тых, што былі з Ім, і ўваходзіць туды, дзе была11 дзяўчынка.
41 І, узяўшы дзяўчынку за руку, Ён кажа ёй: Таліфа кум, што ў перакладзе значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, уставай!»
42 І адразу дзяўчынка ўстала і хадзіла: бо было ёй дванаццаць гадоў. І яны [адразу] ўразіліся ўражаннем вялікім.
43 І Ён сурова загадаў ім, каб ніхто не ўведаў пра гэта, і сказаў, каб ёй далі есці.

Зноскі:

1 10: У некат. рукап.: у краіну гадарынаў.
40 11: У некат. рукап.: ляжала.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Марка, 5 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Марка 5 раздзел в переводах:
Марка 5 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.