Библия Татарыновіч Пераклад П. Татарыновіча

Марка, 5 Паводля Марка, 5 глава

1 І прыбылі на другі бок мора ў краіну Гэразэнаў.
2 І калі ён выйходзіў з лодкі, зараз-жа выбег з грабовішчаў на сустрэч яму чалавек, што меў нячыстага духа.
3 Ён меў прыстанішча ў магілах і ўжо ані ланцугамі ніхто ня мог яго звязаць,
4 часта бо, звязаны путамі й ланцугамі, рваў іх ды разбіваў путы й ніхто ня мог яго ўгамаваць.
5 Дзень і ноч прабываў ён у грабох і горах, крычучы й бючы сябе каменнямі.
6 Угледзеўшы-ж Езуса здалёк, прыбег, пакланіўся яму,
7 і крычучы на ўвесь голас, казаў: Што табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Заклінаю цябе Богам, ня муч мяне!
8 Ён бо казаў: Выйдзі, дух нячысты, з чалавека.
9 Ды пытаўся яго: Як тваё ймя? Й адказаў яму: Маё імя Легіён, бо нас многа.
10 І вельмі прасіў, каб ня высяляў іх з тае ваколіцы.
11 А было там ля гары вялікае стада сьвіней на пасьвішчы.
12 І прасілі яго нячысьцікі, кажучы: Пусьці, нас, каб мы ўвайшлі ў сьвінне.
13 Езус зараз-жа дазволіў ім. І выйшаўшы нячыстыя, ўвайшлі ў сьвінне, і табун да дзвёх тысяч шыбануў з вялікім разгонам з крутога берагу ў мора ды захлынуўся ў моры.
14 А тыя, што пасьвілі іх, уцяклі й далі знаць у горад ды па палёх. І павыходзілі паглядзець што сталася;
15 ды прыйходзяць да Езуса й бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, адзетага й пры сваім розуме, — дык спалохаліся.
16 А бачыўшыя расказалі ім, як сталася з абянтэжаным дэманамі ды аб сьвіннях.
17 І давай прасіць яго адыйсьці ад іхніх рубяжоў.
18 Калі-ж уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны дэманамі, каб з ім быць.
19 І не дапусьціў яго, але загадаў яму: Ідзі дамоў да сваіх ды паведам іх, якія вялікія рэчы ўчыніў табе Госпад і як зжаліўся над табою.
20 І пайшоў ды пачаў разглашаць у Дэкаполі, што зрабіў яму Езус; і ўсе дзівіліся.
21 А калі Езус пераправіўся на лодцы зноў на другі бераг, зыйшлася к яму вялікая грамада; і быў ён ля мора.
22 І вось прыйходзіць адзін із старшых над бажніцаю, на ймя Яір, і ўгледзеўшы яго, падае да ног яму,
23 ды вельмі просіць, гаворачы: Дачка мая канае, прыйдзі, ўзлажы руку на яе, каб аздаравела й жыла.
24 І пайшоў з ім. А сьледам за ім пайшоў вялікі натаўп, ціснучыся да яго.
25 Жанчына-ж, праз дванаццаць год на крываток хварэўшая,
26 ад дахтароў шмат выцерпеўшая, выдаючы на іх усё сваё дабро, і замесь польгі, шчэ ёй пагоршвалася, —
27 прачуўшы пра Езуса, даціснулася праз натоўп ззаду й дакранулася да ягонай адзежыны;
28 казала бо: як толькі да ягонага акрыцьця дакрануся, буду здарова.
29 І якжа высах у яе выток і пачулася на целе аздаравелай ад хваробы.
30 Езус у той момант, пазнаўшы ўсабешне выйшаўшую із сябе магату, абярнуўся да народу й кажа: Хто дакрануўся да мае адзежыны?
31 Й казалі яму яго вучні: Бачыш як тоўпіцца да цябе грамада й кажаш: «Хто да мяне дакрануўся»?
32 Ды зірнуў навокал, каб згледзець тую, што гэта зрабіла.
33 Жанчына-ж, баючыся й дрыжачы, ведаючы, што з ёю сталася, падыйшла, упала перад ім і сказала яму ўсю праўду.
34 Ён-жа сказаў ёй: Дачка, вера твая аздаравіла цябе, ідзі ў супакоі ды будзь здарова ад твае немачы.
35 Калі шчэ ён гаварыў, прыйшлі ад старшага над бажніцай, кажучы: памярла дочанька твая, нашто шчэ турбуеш Вучыцеля?
36 Езус-жа дачуўшы сказанае слова, гавора архібажнічніку: Ня бойся, толькі вер.
37 І не дапусьціў нікога йсьці з сабою, апроч Пятра, Якуба й Яна, брата Якубавага.
38 І прышлі ў дом старшыны бажніцы й бачыць трывогу, плачучых ды моцна галосячых.
39 І ўвайшоўшы кажа ім: Чаго плачаце й трывожыцеся? Ня ўмярла дзяўчына, але спіць.
40 І насьмяхаліся з яго. А ён, выправіўшы ўсіх, узяў бацьку й матку дзяўчаці ды тых, што былі з ім, увайходзіць, дзе ляжала дзяўчына.
41 І, ўзяўшы дзяўчо за руку, гавора ёй: Таліта кумі, што знача: Дзяўчынка, табе кажу — ўстань.
42 І ў той момант паднялося дзяўчатко й хадзіла; бо было ёй дванаццаць год. І астаўпянелі ўсе ад вялікага дзіва.
43 І моцна прыказаў ім, каб ніхто ня ведаў аб гэтым; а ёй сказаў даць есьці.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводля Марка, 5 глава. Пераклад П. Татарыновіча

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.

Я ХОЧУ ПОМОЧЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.