Выгнанне злых духаў
1 І прыбылі на другі бераг мора ў край геразенаў.
2 А калі Езус выйшаў з чоўна, Яму адразу насустрач выйшаў чалавек з магільных пячор, апанаваны нячыстым духам,
3 які жыў у магільных пячорах. Ніхто не мог звязаць яго нават ланцугом,
4 бо часта яго звязвалі кайданамі і ланцугамі, але ён разрываў ланцугі і разбіваў кайданы, і ніхто не мог яго ўтаймаваць.
5 Увесь дзень і ўсю ноч, будучы ў магільных пячорах і ў гарах, ён крычаў і біў самога сябе камянямі.
6 Калі ён здалёк убачыў Езуса, падбег, пакланіўся Яму
7 і закрычаў моцным голасам, кажучы: «Што Табе да мяне, Езусе, Сыне Бога Найвышэйшага? Богам заклінаю Цябе, не муч мяне».
8 Бо Езус сказаў яму: «Выйдзі, нячысты дух, з гэтага чалавека».
9 Тады Езус спытаўся ў яго: «Як тваё імя?» Той адказаў: «Маё імя легіён, бо нас шмат».
10 І ён моцна прасіў Яго не выганяць іх з гэтай краіны.
11 Пасвіўся там каля гары вялікі статак свіней.
12 І прасілі Яго нячыстыя духі, кажучы: «Пашлі нас у свіней, каб мы ўвайшлі ў іх».
13 І Ён дазволіў ім. Выйшаўшы, увайшлі гэтыя нячыстыя духі ў свіней, і кінуўся статак каля дзвюх тысяч з кручы ў мора, і патанулі яны ў моры.
14 А свінапасы паўцякалі і расказалі ў горадзе і ў вёсках, і людзі выйшлі паглядзець, што сталася.
15 Прыйшоўшы да Езуса, яны ўбачылі, што той апанаваны злым духам, у якім быў легіён, сядзіць апрануты і пры здаровым розуме, і спалохаліся.
16 А тыя, хто бачыў, расказалі ім, што сталася з апанаваным злым духам, і пра свіней.
17 Тады пачалі прасіць Езуса, каб адышоў з іхніх межаў.
18 Калі Ён сядаў у човен, апанаваны злым духам прасіўся ў Яго застацца з Ім.
19 Але Ён не дазволіў яму і сказаў: «Вярніся да свайго дому і да сваіх і раскажы ім усё, што Пан учыніў табе і як змілаваўся над табою».
20 Той адышоў і пачаў абвяшчаць у Дэкаполісе ўсё, што ўчыніў яму Езус, і ўсе здзіўляліся.
Аздараўленне жанчыны і ўваскрашэнне дачкі Яіра
21 Калі Езус ізноў пераправіўся ў чоўне на другі бераг, сабралася да Яго мноства народу. А быў Ён каля мора.
22 Прыйшоў таксама адзін з кіраўнікоў сінагогі па імені Яір і, убачыўшы Езуса, упаў да Ягоных ног і моцна прасіў, кажучы:
23 «Дачушка мая памірае, прыйдзі, ускладзі на яе рукі, каб яна ўратавалася і жыла».
24 І Ён пайшоў з ім. А вялікі натоўп ішоў за Езусам і ціснуўся да Яго.
25 Таксама жанчына, якая хварэла на крывацёк дванаццаць гадоў і шмат выцерпела ад многіх лекараў,
26 патраціла на іх усю маёмасць сваю, аднак нішто не дапамагло, і ёй станавілася нават горш,
27 пачуўшы пра Езуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Ягонага плашча.
28 Бо казала сама сабе: «Калі дакрануся хаця б да плашча Ягонага, выздаравею».
29 І ў тую ж хвіліну спыніўся ў яе крывацёк, і яна адчула ў целе, што вызвалілася ад хваробы.
30 Езус, адразу адчуўшы, што моц выйшла з Яго, звярнуўся да народу і сказаў: «Хто дакрануўся да Майго плашча?»
31 А вучні Ягоныя сказалі Яму: «Ты бачыш, што народ ціснецца да Цябе, і пытаешся “хто дакрануўся да Мяне?”»
32 Але Ён аглядаўся, каб убачыць тую, якая гэта зрабіла.
33 А жанчына спалохалася і задрыжэла, бо ведала, што з ёй сталася. Яна падышла, упала перад Ім і сказала Яму ўсю праўду.
34 Ён жа сказаў ёй: «Дачка, вера твая ўратавала цябе. Ідзі ў спакоі і будзь вольная ад сваёй хваробы».
35 Калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшлі ад кіраўніка сінагогі і сказалі: «Дачка твая памерла, навошта ты яшчэ турбуеш Настаўніка?»
36 Але Езус, пачуўшы гэтыя словы, сказаў кіраўніку сінагогі: «Не бойся, толькі вер!»
37 І не дазволіў нікому ісці за сабою, акрамя Пятра, Якуба і Яна, брата Якуба.
38 Калі прыйшоў у дом кіраўніка сінагогі, убачыў мітусню і тых, хто плакаў і моцна галасіў.
39 Увайшоўшы, Ён сказаў ім: «Чаго мітусіцеся і плачаце? Дзіця не памерла, а спіць».
40 І насміхаліся з Яго. Але Ён, выгнаўшы ўсіх, узяў з сабою бацьку і маці дзіцяці і тых, хто быў з Ім, і ўвайшоў туды, дзе было дзіця.
41 Узяўшы дзяўчынку за руку, сказаў ёй: «Таліта, кум!», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»
42 Дзяўчынка адразу ўстала і пачала хадзіць. А было ёй дванаццаць гадоў. І замерлі яны ў вялікім здзіўленні.
43 А Ён строга загадаў ім, каб ніхто пра гэта не ведаў, і сказаў даць ёй есці.
Евангелле паводле святога Марка, 5 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.