Біблія » Каталіцкі Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла

Марка 12 Паводле Марка 12 раздзел

Прыпавесць пра ліхіх вінаградараў

1 І пачаў Езус гаварыць да іх у прыпавесцях: «Адзін чалавек пасадзіў вінаграднік, абнёс яго агароджай, выкапаў сток пад давілам, пабудаваў вежу ды, аддаўшы яго вінаградарам, паехаў.
2 А ў адпаведны час паслаў да вінаградараў слугу, каб той узяў у вінаградараў частку з пладоў вінаградніку.
3 Але яны, схапіўшы яго, збілі і адаслалі ні з чым.
4 Тады зноў паслаў да іх іншага слугу, і гэтаму зранілі галаву і зняважылі.
5 Паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, а шмат іншых ці пабілі, ці пазабівалі.
6 Маючы яшчэ аднаго, умілаванага сына, паслаў яго апошнім да іх, кажучы: “Ушануюць сына майго”.
7 Але вінаградары сказалі адзін аднаму: “Гэта спадкаемца. Хадземце, заб’ем яго, і спадчына будзе наша”.
8 І, схапіўшы, забілі яго і выкінулі з вінаградніку.
9 Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і знішчыць вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.
10 Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні:

“Камень, адкінуты будаўнікамі,
стаў галавою вугла.

11

Пан учыніў гэта,
і дзіўнае яно ў вачах нашых”?»

12 І яны намагаліся схапіць Езуса, бо зразумелі, што гэтая прыпавесць супраць іх, але баяліся натоўпу. Таму, адпусціўшы Яго, адышлі.
Падатак цэзару

13 І паслалі да Яго некаторых фарысеяў і прыхільнікаў Ірада, каб злавіць Яго на слове.
14 Падышоўшы, яны спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты праўдзівы і не зважаеш ні на кога, бо не глядзіш на аблічча людзей, але праўдзіва вучыш шляху Божаму. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Плаціць нам, ці не плаціць?»
15 А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, сказаў ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб паглядзець».
16 Калі прынеслі Яму дынар, Ён запытаў іх: «Чыя гэта выява і надпіс?» Яны адказалі Яму: «Цэзара».
17 Тады Езус сказаў ім: «Цэзарава аддавайце цэзару, а Божае — Богу». І дзівіліся Яму.
Уваскрашэнне памерлых

18 Прыйшлі да Езуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрашэння, і спыталіся ў Яго:
19 «Настаўнік, Майсей напісаў нам, што калі ў некага памрэ брат і пакіне жонку, а дзяцей не пакіне, яго брат павінен узяць ягоную жонку і абудзіць патомства для брата свайго.
20 Было сем братоў. Першы ўзяў жонку і памёр, не пакінуўшы патомства.
21 Тады ўзяў яе другі і таксама памёр, не пакінуўшы патомства. Падобна і трэці.
22 І ніхто з семярых не пакінуў патомства. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
23 Пры ўваскрашэнні, калі яны ўваскрэснуць, каму з іх яна будзе жонкай? Бо ў семярых яна была жонкаю».
24 Езус адказаў ім: «Ці не таму памыляецеся, што не ведаеце ні Пісання, ні моцы Божай?
25 Бо калі ўваскрэснуць, не будуць ні жаніцца, ні выходзіць замуж, але будуць як анёлы ў нябёсах.
26 А наконт таго, што мёртвыя ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог з цярновага куста прамаўляў да яго, кажучы: “Я Бог Абрагама, Бог Ісаака і Якуба”?
27 Бог не ёсць Богам мёртвых, але жывых! Таму вы моцна памыляецеся».
Найбольшая запаведзь

28 Адзін кніжнік, які прыслухоўваўся да іх, як яны размаўлялі паміж сабою, падышоў і спытаўся: «Якая запаведзь першая з усіх?»
29 Езус адказаў: «Першая такая: “Слухай, Ізраэль, Пан Бог наш — Пан адзіны;
30 любі Пана Бога твайго ўсім сэрцам тваім, і ўсёй душой тваёй, і ўсім розумам тваім, і ўсёй моцаю тваёй”.
31 Другая: “Любі бліжняга твайго, як самога сябе”. Няма іншай запаведзі, большай за гэтыя».
32 І сказаў Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік, Ты праўду сказаў, што ёсць адзін і няма іншага, апроч Яго.
33 Любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, і ўсёю моцаю; і любіць бліжняга, як самога сябе — гэта больш за ўсе ахвяры і ўсеспаленні».
34 Езус, убачыўшы, што той разумна адказвае, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо больш не адважваўся пытацца ў Яго.
Хрыстус — Божы Сын

35 Адказваючы, Езус сказаў, навучаючы ў святыні: «Як могуць казаць кніжнікі, што Месія — сын Давіда?
36 Сам Давід сказаў у Духу Святым:

“Сказаў Пан Пану майму: Сядзь праваруч Мяне,
пакуль не пакладу ворагаў Тваіх пад ногі Твае”.

37 Калі сам Давід называе Яго Панам, то які ж Ён яму сын?» І вялікі натоўп слухаў Яго з задавальненнем.
Перасцярога перад кніжнікамі

38 А Ён казаў ім, навучаючы: «Асцерагайцеся кніжнікаў, якія любяць хадзіць у доўгіх шатах, і любяць прывітанні на рынках,
39 і першыя лавы ў сінагогах, і першыя месцы на гасцінах.
40 Тыя, хто аб’ядае дамы ўдоў і доўга моліцца напаказ, атрымаюць найцяжэйшы прысуд».
Лепта беднай удавы

41 Сеўшы насупраць скарбонкі, Ён назіраў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. Многія багатыя кідалі памногу.
42 Прыйшла адна бедная ўдава і ўкінула дзве лепты, што складае адзін кадрант.
43 Паклікаўшы вучняў сваіх, Езус сказаў ім: «Сапраўды кажу вам, што гэтая бедная ўдава ўкінула больш за ўсіх, хто кідаў у скарбонку.
44 Бо ўсе кідалі, маючы лішак, а яна, будучы ў нястачы сваёй, укінула ўсё, што мела, увесь пражытак свой».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле святога Марка, 12 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка:
Канферэнцыя Каталіцкіх Біскупаў у Беларусі.
© 2017, 2019

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Марка 12 раздзел в переводах:
Марка 12 раздзел, комментарии:
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Комментарии Баркли
  7. Комментарии Джона Райла
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Феофилакта Болгарского
  10. Новый Библейский Комментарий
  11. Лингвистический. Роджерс
  12. Комментарии Давида Стерна
  13. Библия говорит сегодня
  14. Комментарии Скоуфилда
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.