Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Марка 12 Паводле Марка 12 раздзел

1 І пачаў Ісус прамаўляць да іх у прыпавесцях: «Чалавек заснаваў вінаграднік, і загарадзіў яго плотам, і выкапаў выціскальню, і пабудаваў вежу, і наняў вінаградараў, і аддаліўся.
2 У свой час паслаў ён паслугача да вінаградараў, каб атрымаць пладоў з вінаградніку.
3 Яны ж, схапіўшы яго, збілі ды адправілі з пустым.
4 І зноў выправіў да іх іншага паслугача, а яны і таму, пабіўшы каменнямі, разбілі галаву і зняважылі.
5 І паслаў яшчэ аднаго, і яго забілі, і многіх іншых: адных пакалечылі, другіх пазабівалі.
6 Дык, маючы яшчэ адзінага, улюбёнага сына, паслаў яго ўрэшце, кажучы: “Ушануюць сына майго”.
7 Але тыя вінаградары гаварылі між сабой: “Ён — спадкаемец! Пойдзем, заб’ем яго — і нашаю будзе спадчына”.
8 Ды, схапіўшы яго, забілі і выкінулі з вінаградніку.
9 Дык што зробіць гаспадар вінаградніку? Ён прыйдзе і заб’е вінаградараў, а вінаграднік аддасць іншым.
10 Няўжо вы не чыталі гэтага ў Пісанні: “Камень, які адкінулі будаўнікі, ён стаўся галавою вугла.
11 Ад Госпада гэта сталася, і дзіўна ў вачах нашых”»?
12 І намагаліся Яго ўзяць, але баяліся людзей. Бо ведалі, што супраць іх гаварыў гэту прыпавесць. Дык, пакінуўшы Яго, адышлі.
13 І паслалі да Яго некаторых з фарысеяў і ірадыянаў, каб падлавіць Яго ў слове.
14 Вось, яны, падышоўшы, спыталіся ў Яго: «Настаўнік, мы ведаем, што Ты справядлівы і нікому не патураеш, і не глядзіш на аблічча людзей, але дарозе Божай па праўдзе навучаеш. Ці належыць плаціць падатак цэзару, ці не? Даваць ці не даваць?»
15 А Ён, ведаючы іх крывадушнасць, гаворыць ім: «Чаму Мяне выпрабоўваеце? Прынясіце Мне дынар, каб яго пабачыць».
16 Дык прынеслі Яму дынар. І кажа ім: «Чый гэта адмалюнак і надпіс?» Кажуць Яму: «Цэзара».
17 Дык сказаў ім Ісус: «Што цэзара, аддайце цэзару, а што Божае — Богу». І дзівіліся з Яго.
18 І прыходзяць да Ісуса садукеі, якія кажуць, што няма ўваскрэсення, і пытаюцца ў Яго, кажучы:
19 «Настаўнік, Майсей напісаў нам: “Калі памрэ чыйсьці брат і пакіне жонку, не маючы сына, дык хай яго брат возьме яе за жонку і створыць нашчадка брату свайму”.
20 Было сем братоў, з іх першы ажаніўся і памёр, не пакінуўшы нашчадка.
21 І другі ўзяў яе за жонку, і таксама памёр, не пакінуўшы нашчадка. Падобна і трэці.
22 Так з ёю ажаніліся сем братоў і не пакінулі нашчадка. Пасля ўсіх памерла і жанчына.
23 Дык пры ўваскрэсенні, калі ўваскрэснуць, чыёй з іх будзе яна жонкаю? Бо сямёра мелі яе за жонку».
24 Гаворыць ім Ісус: «Ці ж не таму вы памыляецеся, што не разумееце ні Пісання, ані магутнасці Божай?
25 Бо калі ўстануць з мёртвых, дык не будуць жаніцца, ані замуж выходзіць, але будуць, як анёлы ў нябёсах.
26 Пра мёртвых, што ўваскрэснуць, ці не чыталі вы ў кнізе Майсея, як Бог сказаў яму пры кусце, гаворачы: “Я — Бог Абрагама, і Бог Ізаака, і Бог Якуба”?
27 Бог не ёсць мёртвых, але Бог жывых! Дык вы моцна памыляецеся».
28 І адзін кніжнік, які чуў іх, як яны спрачаліся, ды бачыў, што добра ім Ісус адказаў, падышоў да Ісуса і спытаўся ў Яго: «Каторае прыказанне з усіх першае?»
29 Ісус адказаў яму: «Першае з усіх прыказанняў такое: “Слухай, Ізраэль! Госпад, Бог наш, — Госпад адзіны.
30 Любі Госпада, Бога твайго, усім сэрцам тваім, усёю душой тваёй, усім розумам тваім ды ўсімі сіламі тваімі”.
31 Другое, падобнае да яго: “Любі блізкага свайго як самога сябе”. Большага за гэтыя прыказанні няма».
32 І гаворыць Яму кніжнік: «Добра, Настаўнік! Праўду Ты сказаў, што Бог адзіны, ды няма іншага, апрача Яго,
33 і любіць Яго ўсім сэрцам, і ўсім розумам, усёю душою ды ўсімі сіламі, ды любіць бліжняга, як самога сябе, — гэта больш, чым усе цэласпаленні і ахвяры».
34 Ісус жа, бачачы, што разумна ён адказаў, сказаў яму: «Недалёка ты ад Валадарства Божага». І ніхто ўжо болей не адважыўся Яго пытацца.
35 І, навучаючы ў святыні, Ісус, адказваючы, казаў: «Як жа кніжнікі кажуць, што Хрыстос ёсць Сын Давіда?
36 Сам жа Давід сказаў праз Духа Святога: “Сказаў Госпад Госпаду майму: “Сядзь праваруч Мяне, аж дакуль пакладу непрыяцеляў Тваіх пад ногі Твае”.
37 Сам жа Давід называе Яго Госпадам, дык як жа Ён — Сын яго?» І велізарны натоўп людзей ахвотна слухаў Яго.
38 І ў Сваёй навуцы казаў Ісус: «Сцеражыцеся кніжнікаў, якія ахвотна ходзяць у доўгіх шатах і любяць прывітанні на рынку,
39 і першыя лаўкі ў сінагогах ды першыя месцы на банкетах,
40 якія аб’ядаюць дамы ўдоў і напаказ доўга моляцца. Чакае іх строгі прысуд».
41 І, сеўшы насупраць скарбонкі, Ісус глядзеў, як людзі кідалі грошы ў скарбонку. І многія багатыя кідалі шчодра.
42 І калі прыйшла адна ўбогая ўдава, то кінула дзве лепты, значыць квадрант.
43 І, паклікаўшы Сваіх вучняў, гаворыць ім: «Сапраўды кажу вам: гэтая ўбогая ўдава ўкінула больш, чым усе, хто кідаў у скарбонку.
44 Бо ўсе кідалі з таго, што было ў іх у дастатку, а гэтая ў сваім недастатку ўсё, што мела, укінула, усё сваё ўтрыманне».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Марка, 12 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Марка 12 раздзел, слухаць:
Марка 12 раздзел в переводах:
Марка 12 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.