Біблія » Чарняўскі-17 Пераклад Чарняўскага 2017

Марка 7 Паводле Марка 7 раздзел

1 І сышліся да Яго фарысеі ды некаторыя кніжнікі, што прыбылі з Ерузаліма.
2 І, калі заўважылі, што некаторыя з вучняў Яго елі хлеб нячыстымі, гэта значыць нямытымі, рукамі, — дакаралі.
3 Бо фарысеі і ўсе юдэі не ядуць, калі не памыюць старанна рук, захоўваючы традыцыю дзядоў;
4 таксама не ядуць, прыйшоўшы з рынку, пакуль не абмыюцца; па-за гэтым традыцыя іх загадвае трымацца многіх іншых рэчаў: мыць чары і збаны, і посуд медны, і лавы, —
5 то пыталіся Яго фарысеі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае не трымаюцца традыцый старэйшын, але ядуць хлеб нямытымі рукамі?»
6 А Ён, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, праракаваў Ісая, як напісана: “Народ гэты славіць Мяне вуснамі, але сэрца іх далёка ад Мяне.
7 Дарэмна, аднак, славяць Мяне, выкладаючы вучэнне пастаноў чалавечых”.
8 І, аставіўшы прыказанне Божае, захоўваеце традыцыі чалавечыя: мыццё чараў і кубкаў, ды робіце шмат іншага, падобнага да гэтага».
9 І гаварыў ім: «Ці добра, што вы касуеце прыказанне Божае і захоўваеце вашу традыцыю?
10 Майсей сказаў: “Шануй бацьку свайго і маці сваю”, ды: “Хто зняважыць бацьку або маці — хай будзе смерцю пакараны”.
11 А вы кажаце: “Калі б чалавек сказаў бацьку або маці: “Корбан, значыць дар, тое, у чым табе ад мяне была б карысць”,
12 і ўжо дазваляеце нічога яму больш не рабіць для бацькі свайго або маці,
13 перакручваючы Слова Божае праз традыцыю вашу, якую перадаяце далей, ды многа падобнага робіце».
14 І, паклікаўшы зноў людзей, казаў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце.
15 Па-за чалавекам няма нічога, што, у яго ўваходзячы, магло б яго апаганіць, але ад чалавека выходзіць тое, што яго апаганьвае.
16 Калі хто мае вушы, каб пачуць, хай чуе!»
17 І, калі Ісус увайшоў у дом ад народа, пыталіся вучні Яго пра сэнс гэтай прыпавесці.
18 І гаворыць ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, не можа яго апаганіць,
19 бо тое ўваходзіць не ў сэрца, але ў жывот і выкідаецца вон, ачышчаючы ўсякую ежу».
20 І казаў далей: «А што з чалавека выходзіць, тое апаганьвае чалавека.
21 Бо з нутра, з сэрца чалавека выходзяць благія думкі, распуснасць, зладзействы, забойствы,
22 чужаложства, хцівасць, нягоднасць, зайздрасць, бессаромнасць, ліхое вока, блюзненні, пыха, глупства.
23 Усё гэта ліха з нутра выходзіць ды паганіць чалавека».
24 І, устаўшы, выйшаў Ён адтуль у межы Тыра і Сідона. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто аб гэтым не ведаў, і схавацца не змог.
25 Бо адна жанчына, у якой дачка мела нячыстага духа, як толькі пачула аб Ім, увайшла ў дом і пала Яму да ног.
26 А жанчына гэтая была з грэкаў, родам з Сірафэніцыі. Яна прасіла Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі яе.
27 Ісус казаў ёй: «Дазволь перш насыціцца сынам, бо нядобра забіраць хлеб ад сыноў і кідаць яго сабакам».
28 А яна адказвае Яму і кажа: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі ядуць пад сталом крошкі ад дзяцей».
29 І сказаў ёй: «Дзеля такога адказу ідзі: дэман выйшаў з дачкі тваёй».
30 І, калі яна прыйшла дамоў, знайшла, што дачка ляжыць на ложку і дэман выйшаў.
31 І, зноў пакінуўшы межы Тыра і Сідона, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля.
32 І прыводзяць да Яго глухога і нямога, каб Ён усклаў на яго руку.
33 І, адвёўшы яго з Сабою ўбок, далей ад народа, уклаў Ісус пальцы Свае ў яго вушы ды Сваёй слінай дакрануўся да языка яго.
34 І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў і гаворыць: «Эфэта», што значыць: «Адкрыйся».
35 І зараз жа адчыніліся вушы яго ды развязаліся путы языка яго, і пачаў добра гаварыць.
36 І загадаў ім, каб нікому не казалі, але чым болей Ён забараняў, тым больш яны абвяшчалі.
37 І тым больш яны дзівіліся, кажучы: «Усё добра робіць, і каб глухія чулі, робіць, і каб нямыя гаварылі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Марка, 7 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2017.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Марка 7 раздзел, слухаць:
Марка 7 раздзел в переводах:
Марка 7 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.