Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Марка 7 Марка 7 раздзел

1 І сабраліся да Яго фарысэі і некаторыя кніжнікі, што прыйшлі з Ерусаліму.
2 І, убачыўшы некаторых з вучняў Ягоных, што елі хлеб нячыстымі, гэта значыць, нямытымі рукамі, вінавацілі іх.
3 Бо самі фарысэі і ўсе Юдэі не ядуць, не абмыўшы чыста рук, трымаючыся традыцыяў старэйшых.
4 І пасьля рынку, пакуль не абмыюцца, не ядуць; і ёсьць шмат іншага, чаго яны прытрымліваюцца: абмываньня келіхаў і конавак, мядніцаў і сталоў.
5 Пасьля пытаюцца ў Яго фарысэі і кніжнікі: «Чаму вучні Твае ня ходзяць паводле традыцыяў старэйшых, але нячыстымі рукамі ядуць хлеб?»
6 Ён жа, адказваючы, сказаў ім: «Добра пра вас, крывадушнікаў, прарочыў Ісая, як напісана: “Народ гэты губамі шануе Мяне, а сэрца іхняе трымаецца далёка ад Мяне.
7 Але марна пакланяюцца Мне, навучаючы вучэньням і пастановам чалавечым”.
8 Бо вы, пакінуўшы прыказаньне Божае, трымаецеся традыцыі чалавечай, абмываньня конавак і келіхаў, і шмат іншага, да гэтага падобнага, чыніце».
9 І сказаў ім: «Ці добра, што вы адкідаеце прыказаньне Божае, каб захаваць традыцыю вашую?
10 Бо Майсей сказаў: “Шануй бацьку твайго і маці тваю”, і: “Хто праклінае бацьку або маці, няхай сьмерцю памрэ”.
11 А вы гаворыце: “Калі скажа чалавек бацьку або маці: 'Карбан', гэта значыць, дар [Богу] тое, чым бы ты ад мяне карыстаўся”,
12 і ўжо дазваляеце яму нічога не рабіць для бацькі свайго або маці сваёй,
13 пазбаўляючы сілы слова Божае праз традыцыю вашую, якую вы перадаяцё, і шмат да гэтага падобнага чыніце».
14 І, паклікаўшы ўвесь натоўп, гаварыў ім: «Слухайце Мяне ўсе і разумейце.
15 Няма нічога, што звонку чалавека, што ўваходзячы ў яго, можа яго апаганіць, але тое, што з чалавека выходзіць, апаганьвае яго.
16 Калі хто мае вушы слухаць, няхай слухае».
17 І калі Ён увайшоў у дом ад натоўпу, пыталіся Яго вучні Ягоныя пра прыповесьць.
18 І кажа ім: «Няўжо і вы такія няцямкія? Няўжо не разумееце, што ўсё, што звонку ўваходзіць у чалавека, ня можа яго апаганіць,
19 бо ўваходзіць ня ў сэрца ягонае, але ў жывот, і выкідаецца прэч, ачышчаючы ўсякую ежу».
20 І сказаў: «Тое, што выходзіць з чалавека, яно апаганьвае яго,
21 бо з нутра, з сэрца чалавечага выходзяць благія думкі, чужалоства, распуснасьць, забойствы,
22 крадзяжы, хцівасьць, зласьлівасьць, подступ, бессаромнасьць, злое вока, блюзьнерствы, пыха, глупота.
23 Уся гэтая ліхота знутры выходзіць і апаганьвае чалавека».
24 І, устаўшы адтуль, Ён адыйшоў у межы Тыру і Сідону. І, увайшоўшы ў дом, хацеў, каб ніхто не даведаўся, але ўтоіцца ня змог.
25 Бо пачула пра Яго жанчына, у якой дачка мела ў сабе нячыстага духа, і, прыйшоўшы, упала да ног Ягоных.
26 А жанчына гэтая была Грэчанка, родам Сірафінікіянка; і прасіла яна Яго, каб выгнаў дэмана з дачкі ейнай.
27 Але Ісус сказаў ёй: «Дазволь перш насыціцца дзецям, бо нядобра ўзяць хлеб у дзяцей і кінуць сабакам».
28 Яна ж адказала і кажа Яму: «Так, Госпадзе, але ж і сабакі пад сталом ядуць крошкі, [што ўпалі] ад дзяцей».
29 І сказаў ёй: «Дзеля такога слова ідзі; дэман выйшаў з дачкі тваёй».
30 І адыйшоўшы ў дом свой, яна знайшла, што дэман выйшаў і дачка ляжыць на ложку.
31 І зноў, выйшаўшы з межаў Тыру і Сідону, пайшоў Ён да мора Галілейскага пасярод межаў Дэкапаля.
32 І прыводзяць да Яго глухога, які з цяжкасьцю гаварыў, і просяць Яго ўскласьці на яго руку.
33 І, узяўшы яго ад натоўпу на бок, уклаў пальцы Свае ў вушы ягоныя, і, плюнуўшы, дакрануўся да языка ягонага.
34 І, глянуўшы ў неба, уздыхнуў, і гаворыць яму: «Эффата», што значыць: «Адчыніся».
35 І адразу адчыніліся вушы ягоныя і разьвязаліся путы языка ягонага, і ён пачаў добра гаварыць.
36 І Ён перасьцерагаў іх, каб нікому не расказвалі, але колькі ні забараняў, яны яшчэ шырэй абвяшчалі.
37 І надзвычай дзівіліся, кажучы: «Усё добра зрабіў, і глухім робіць, каб чулі, і нямым, каб гаварылі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Марка, 7 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Марка 7 раздзел в переводах:
Марка 7 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.