Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Марка 8 Марка 8 раздзел

1 У тыя дні, калі сабраўся вельмі вялікі натоўп і ня мелі што есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, кажа ім:
2 «Шкада Мне гэтых людзей, бо ўжо тры дні са Мною, і ня маюць што есьці.
3 І калі іх галоднымі адпушчу ў дамы іхнія, саслабеюць у дарозе, бо некаторыя з іх прыйшлі здалёк».
4 І адказалі Яму вучні Ягоныя: «Адкуль мог бы хто накарміць іх хлебам тут, у пустыні?»
5 І спытаўся ў іх: «Колькі маеце хлябоў?» Яны сказалі: «Сем».
6 І загадаў натоўпу сесьці на зямлю, і, узяўшы сем хлябоў і падзякаваўшы, паламаў, і даў вучням Сваім, каб раздалі; і яны раздалі натоўпу.
7 І мелі яны некалькі рыбаў. І, дабраславіўшы іх, сказаў раздаць і тыя.
8 І елі, і наеліся, і сабралі кавалкаў, што засталіся, сем кашоў.
9 А тых, што елі, было каля чатырох тысячаў; і адпусьціў іх.
10 І адразу, увайшоўшы з вучнямі Сваімі ў човен, прыйшоў у межы Дальмануты.
11 І выйшлі фарысэі, і пачалі з Ім спрачацца, дамагаючыся ў Яго знаку з неба, спакушаючы Яго.
12 І Ён, уздыхнуўшы ў духу, гаворыць: «Чаму гэтае пакаленьне патрабуе знаку? Сапраўды кажу вам, знак ня будзе дадзены пакаленьню гэтаму».
13 І, пакінуўшы іх, увайшоў у човен і выправіўся на другі бок.
14 І забыліся ўзяць хлеб, і нічога ня мелі з сабою ў чаўне, апрача аднаго хлеба.
15 І Ён перасьцерагаў іх, кажучы: «Глядзіце, сьцеражыцеся кісьлі фарысэйскай і кісьлі Ірадавай».
16 І яны разважалі між сабой, кажучы: «Гэта таму, што хлеба ня маем».
17 І, зразумеўшы, Ісус кажа ім: «Чаму разважаеце, што ня маеце хлеба? Ці яшчэ ня цяміце і не разумееце? Ці яшчэ скамянелае маеце сэрца вашае?
18 Маючы вочы, ня бачыце? І маючы вушы, ня чуеце? І ня памятаеце?
19 Калі Я пяць хлябоў падзяліў між пяці тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў вы назьбіралі?» Кажуць Яму: «Дванаццаць».
20 «А калі сем між чатырох тысячаў, колькі поўных кашоў кавалкаў назьбіралі?» Яны сказалі: «Сем».
21 І сказаў ім: «Як жа не разумееце?»
22 І прыходзіць у Бэтсаіду, і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць Яго, каб дакрануўся да яго.
23 І, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго за мястэчка і, плюнуўшы на вочы ягоныя і ўсклаўшы на яго рукі, спытаўся ў яго, ці што бачыць.
24 І той, зірнуўшы, сказаў: «Бачу людзей, што як дрэвы ходзяць».
25 Потым зноў усклаў рукі на вочы яго і зрабіў, каб бачыў. І той зрабіўся здаровым, і ясна мог усё бачыць.
26 І паслаў яго ў дом ягоны, кажучы: «Не заходзь у мястэчка і не кажы нікому ў мястэчку».
27 І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў паселішчы Цэзарэі Філіпавай. І ў дарозе пытаўся ў вучняў Сваіх, кажучы: «Кім называюць Мяне людзі?»
28 Яны адказалі: «Янам Хрысьціцелем, а іншыя — Ільлём, а іншыя — адным з прарокаў».
29 І Ён кажа ім: «А вы кім называеце Мяне?» І адказваючы, Пётар кажа Яму: «Ты — Хрыстос!»
30 І забараніў ім, каб нікому не гаварылі пра Яго.
31 І пачаў іх навучаць, што трэба, каб Сын Чалавечы шмат перацярпеў, і быў адкінуты старшынямі, і першасьвятарамі, і кніжнікамі, і быў забіты, і праз тры дні ўваскрос.
32 І гаварыў пра гэта адкрыта. І Пётар, адклікаўшы Яго, пачаў забараняць Яму.
33 Ён жа, павярнуўшыся і глянуўшы на вучняў Сваіх, забараніў Пятру, кажучы: «Адыйдзі ад Мяне, шатан, бо думаеш не пра тое, што Божае, але што чалавечае».
34 І, паклікаўшы натоўп разам з вучнямі Сваімі, сказаў ім: «Калі хто хоча ісьці за Мною, няхай адрачэцца самога сябе, і возьме крыж свой, і ідзе за Мною.
35 Бо хто хоча выратаваць душу сваю, той загубіць яе; а хто загубіць душу сваю дзеля Мяне і дзеля Эвангельля, той збавіць яе.
36 Бо што за карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?
37 Або што дасьць чалавек у выкуп за душу сваю?
38 Бо хто пасаромеецца Мяне і словаў Маіх у гэтым пакаленьні, чужаложным і грэшным, таго і Сын Чалавечы пасаромеецца, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго з анёламі сьвятымі».
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Марка, 8 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Марка 8 раздзел в переводах:
Марка 8 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.