Библия Сёмухі Пераклад Васіля Сёмухі

Марка, 8 Паводле Марка, 8 глава

1 У тыя дні, калі сабралася даволі многа народу і ня было чаго есьці, Ісус, паклікаўшы вучняў Сваіх, сказаў ім:
2 шкада мне людзей, бо ўжо тры дні застаюцца пры Мне, і няма чаго ім есьці;
3 калі няеўшых адпушчу іх дадому, аслабнуць у дарозе, бо некаторыя зь іх прыйшлі здалёку.
4 Вучні Ягоныя адказвалі Яму: адкуль мог бы хто ўзяць тут у пустыні хлябоў, каб накарміць іх?
5 І спытаўся ў іх: колькі ў вас хлябоў? Яны адказалі: сем.
6 Тады загадаў людзям узьлегчы на зямлю; і ўзяўшы сем хлябоў і ўзьнёсшы падзяку, пераламаў і даў вучням Сваім, каб яны раздалі; і яны раздалі людзям.
7 Было ў іх і крыху рыбак; дабраславіўшы, Ён загадаў раздаць і іх.
8 І елі і наеліся; і набралі рэшты кавалкаў сем кашоў.
9 Тых, што елі, было каля чатырох тысяч. І адпусьціў іх.
10 І адразу ўвайшоўшы ў лодку з вучнямі Сваімі, прыплыў у межы Далмануфскія.
11 Выйшлі фарысэі, пачалі зь Ім спрачацца, і патрабавалі ад Яго азнакі зь неба, спакушаючы Яго,
12 і Ён, глыбока ўздыхнуўшы, сказаў: навошта род гэты патрабуе азнакі? праўду кажу вам, ня дасца роду гэтаму азнакі.
13 І пакінуўшы іх, зноў увайшоў у лодку і паплыў на той бок.
14 Пры гэтым вучні Ягоныя забыліся ўзяць хлябоў, і акрамя аднаго хлеба ня мелі з сабою ў лодцы.
15 А Ён наказаў ім, кажучы: глядзеце, сьцеражэцеся закваскі фарысэйскай і закваскі Ірадавай.
16 І разважаючы паміж сабою, казалі: гэта азначае, што хлябоў няма ў нас.
17 Ісус, зразумеўшы, кажа ім: што разважаеце пра тое, што няма ў вас хлябоў? няўжо яшчэ ня цяміце і не разумееце? няўжо яшчэ скамянелае ў вас сэрца?
18 маючы вочы, ня бачыце? маючы вушы, ня чуеце? і не памятаеце?
19 калі Я пяць хлябоў разламаў на пяць тысяч чалавек, колькі поўных кашоў набралі вы кавалкаў? Кажуць Яму: дванаццаць.
20 А калі сем на чатыры тысячы, колькі кашоў набралі вы кавалкаў рэшты? Сказалі: сем.
21 І сказаў ім: як жа яшчэ не разумееце?
22 Прыходзіць у Віфсаіду; і прыводзяць да Яго сьляпога, і просяць, каб да яго дакрануўся.
23 Ён, узяўшы сьляпога за руку, вывеў яго зь селішча прэч і, плюнуўшы яму на вочы, усклаў на яго рукі, і спытаўся ў яго: ці бачыць што?
24 Той, зірнуўшы, сказаў: бачу людзей, што праходзяць, як дрэвы.
25 Потым зноў усклаў рукі на вочы яму, і загадаў яму зірнуць. І ён выздаравеў, і пачаў бачыць усё ясна.
26 І паслаў яго дамоў, сказаўшы: не заходзь у селішча і не расказвай нікому ў селішчы.
27 І пайшоў Ісус з вучнямі Сваімі ў селішчы Кесарыі Піліпавай. Па дарозе Ён пытаўся ў вучняў Сваіх: за каго ўважаюць Мяне людзі?
28 Яны адказвалі: за Яна Хрысьціцеля, а другія — за Ільлю, а іншыя — за аднаго з прарокаў.
29 Ён кажа ім: а вы за каго ўважаеце Мяне? Пётр сказаў Яму ў адказ: Ты — Хрыстос.
30 І строга наказаў ім, каб нікому не казалі пра Яго.
31 І пачаў вучыць іх, што Сын Чалавечы мае адпакутаваць; быць адкінутым старэйшынамі, першасьвятарамі і кніжнікамі, і забітым быць і на трэйці дзень уваскрэснуць.
32 І гаварыў пра гэта адкрыта. А Пётр, адклікаўшы Яго, пачаў пярэчыць Яму.
33 А Ён, абярнуўшыся і зірнуўшы на вучняў Сваіх, строга ўшчуў Пятра, сказаўшы: адыдзі ад Мяне, сатана, бо ты думаеш не пра тое, што Божае, а што чалавечае.
34 І паклікаўшы людзей з вучнямі Сваімі, сказаў ім: хто хоча ісьці за Мною, зрачыся сябе, і вазьмі крыж свой, і ідзі за Мною сьледам;
35 бо, хто хоча душу сваю ўратаваць, той страціць яе; а хто страціць душу сваю дзеля Мяне і Дабравесьця, той уратуе яе;
36 бо якая карысьць чалавеку, калі ён здабудзе ўвесь сьвет, а душы сваёй пашкодзіць?
37 альбо які выкуп дасьць чалавек за душу сваю?
38 бо, хто пасаромеецца Мяне і Маіх словаў у родзе гэтым распусным і грэшным, таго пасаромеецца і Сын Чалавечы, калі прыйдзе ў славе Айца Свайго са сьвятымі анёламі.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Марка, 8 глава. Пераклад Васіля Сёмухі

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу праваўладальнікаў.
© 2002

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.