Біблія » Бокун Пераклад Антонія Бокуна

Марка 4 Марка 4 раздзел

1 І зноў Ён пачаў навучаць каля мора; і сабраўся да Яго вялізарны натоўп, так што Ён, увайшоўшы ў човен, сядзеў у моры, а ўвесь натоўп быў на беразе каля мора.
2 І навучаў іх шмат у прыповесьцях, і гаварыў ім у вучэньні Сваім:
3 «Слухайце. Вось выйшаў сейбіт сеяць.
4 І сталася, калі сеяў, адно [зерне] ўпала пры дарозе; і наляцелі птушкі нябесныя і падзяўблі яго.
5 Іншае ўпала на камяністае месца, дзе не было шмат зямлі, і адразу ўзыйшло, бо зямля была неглыбокая;
6 а калі ўзыйшло сонца, зьвяла, і, як ня мела кораня, высахла.
7 А іншае ўпала ў церні, і вырасьлі церні, і заглушылі яго, і не дало плоду.
8 А іншае ўпала ў добрую зямлю і дало плод, які ўзыйшоў і вырас, і ўрадзіла адно — трыццаць, адно — шэсьцьдзясят, і адно — сто».
9 І сказаў ім: «Хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
10 Калі ж Ён застаўся Сам, тыя, што з Ім былі, разам з Дванаццацьцю спыталіся ў Яго адносна прыповесьці.
11 І сказаў Ён ім: «Вам дадзена разумець таямніцу Валадарства Божага; а тым, якія вонкі, усё стаецца ў прыповесьцях,
12 каб гледзячы глядзелі, і ня бачылі, і каб слухаючы слухалі, і не разумелі, каб не навярнуліся і не былі ім адпушчаны грахі».
13 І кажа ім: «Не разумееце гэтай прыповесьці? А як жа ўсе прыповесьці зразумееце?
14 Сейбіт слова сее.
15 Вось тыя, што пры дарозе, дзе сеецца слова, калі пачуюць яго, адразу прыходзіць шатан і забірае слова, пасеянае ў сэрцах іхніх.
16 Таксама і тыя, што на камяністым месцы пасеяны, пачуўшы слова, адразу з радасьцю прыймаюць яго,
17 але ня маюць у сабе кораня, таму нетрывалыя; калі надыйдзе прыгнёт ці перасьлед дзеля слова, адразу ж горшацца.
18 А тыя, што ў цернях пасеяныя, чуюць слова,
19 але клопаты веку гэтага і ашуканства багацьця ды іншыя пажаданьні, уваходзячы, заглушаюць слова, і яно стаецца бясплодным.
20 А тыя, што пасеяныя ў добрую зямлю, гэта тыя, што чуюць слова, і прыймаюць, і прыносяць плод: адзін — трыццаць, іншы — шэсьцьдзясят, а іншы — сто».
21 І сказаў ім: «Ці на тое прыносіцца сьвечка, каб паставіць яе пад пасудзіну або пад ложак? Ці не на тое, каб была пастаўлена на сьвечніку?
22 Бо няма нічога тайнага, каб не выявілася, і няма нічога схаванага, каб не сталася яўным.
23 Калі хто мае вушы, каб слухаць, няхай слухае».
24 І сказаў ім: «Глядзіце, што слухаеце! Якою меркаю мерыце, такою вам будзе адмерана і будзе дададзена вам, якія слухаеце.
25 Бо хто мае, таму будзе дадзена, а хто ня мае, дык і тое, што мае, будзе забрана ў яго».
26 І сказаў: «Гэтак ёсьць Валадарства Божае, як быццам чалавек кідае насеньне ў зямлю.
27 І ці ён сьпіць, ці ўстае ноччу і днём, а насеньне ўзыходзіць і расьце, і ён ня ведае як.
28 Бо зямля сама сабою родзіць спачатку рунь, потым колас, потым поўнае зерне ў коласе.
29 Калі ж плод сасьпее, адразу пасылае серп, бо надыйшло жніво».
30 І сказаў: «Да чаго падобнае Валадарства Божае? Або ў якой прыповесьці выявім яго?
31 Як гарчычнае зерне, якое, калі сеецца ў зямлю, ёсьць меншым за ўсе насеньні на зямлі;
32 а калі пасеянае, узыходзіць і робіцца большым за ўсе расьліны, і пускае галіны вялікія, так што птушкі нябесныя могуць хавацца ў ценю яго».
33 І многімі падобнымі прыповесьцямі гаварыў ім слова, колькі маглі яны слухаць,
34 і без прыповесьці не гаварыў ім, а вучням асобна тлумачыў усё.
35 І ў той самы дзень, калі надыйшоў вечар, кажа ім: «Пераплывем на другі бок».
36 І яны, пакінуўшы натоўп, бяруць Яго, бо Ён быў у чаўне, і іншыя чаўны былі з Ім.
37 І сталася вялікая бура, і хвалі білі ў човен, так што ён ужо напаўняўся [вадою].
38 А Ён спаў на карне на падушцы. І будзяць Яго, і кажуць Яму: «Настаўнік! Ці ж Цябе ня рупіць, што мы гінем?»
39 І Ён, падняўшыся, забараніў ветру і сказаў мору: «Замаўчы, суцішся!» І сьціх вецер, і сталася вялікая ціша.
40 І кажа ім: «Чаму вы так палахлівыя? Ці ж ня маеце веры?»
41 І яны спалохаліся страхам вялікім, і гаварылі адзін аднаму: «Хто ж Ён, што вецер і мора слухаюцца Яго?»
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Эвангельле паводле Марка, 4 раздзел. Пераклад Антонія Бокуна.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2017, 2023

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Марка 4 раздзел в переводах:
Марка 4 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.