МУКА, СМЕРЦЬ І ЎВАСКРАСЕННЕ ЕЗУСА
Змова супраць Езуса
1 Было два дні да свята Пасхі і Праснакоў. Першасвятары і кніжнікі шукалі, як бы ўзяць Езуса хітрасцю і забіць,
2 бо казалі: «Не ў свята, каб не было абурэння ў народзе».
Намашчэнне ў Бэтаніі
3 Калі Езус быў у Бэтаніі, у доме пракажонага Сымона, і быў за сталом, прыйшла жанчына з алебастравым флаконам міра з чыстага і вельмі каштоўнага нарду і, разбіўшы флакон, выліла Яму на галаву.
4 А некаторыя абураліся паміж сабою: «Навошта гэткае марнатраўства міра?
5 Бо можна было прадаць гэтае міра больш чым за трыста дынараў і раздаць убогім». І папракалі яе.
6 Але Езус сказаў: «Пакіньце яе. Навошта дакучаеце ёй? Яна зрабіла добры ўчынак для Мяне.
7 Бо ўбогіх заўсёды маеце пры сабе, і калі захочаце, можаце ім чыніць дабро; а Мяне не заўсёды маеце.
8 Яна зрабіла, што магла: загадзя намасціла цела Маё для пахавання.
9 Сапраўды кажу вам: дзе б ні абвяшчалася Евангелле па ўсім свеце, пра тое, што зрабіла яна, сказана будзе на ўспамін аб ёй».
Здрада Юды
10 Юда Іскарыёт, адзін з Дванаццаці, пайшоў да першасвятароў, каб выдаць ім Езуса.
11 Яны ж, пачуўшы, узрадаваліся і абяцалі даць яму срэбранікі. І ён шукаў, як пры нагодзе выдаць Яго.
Прыгатаванне пасхальнай вячэры
12 У першы дзень Праснакоў, калі ахвяравалі Пасху, сказалі Яму вучні Ягоныя: «Дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе з’есці Пасху?»
13 І Ён паслаў двух з вучняў сваіх, кажучы ім: «Ідзіце ў горад; там сустрэне вас чалавек, які будзе несці збан вады. Ідзіце за ім
14 і там, куды ўвойдзе, скажаце гаспадару дому: “Настаўнік кажа: дзе святліца, у якой Я мог бы з’есці Пасху з вучнямі Маімі?”
15 Ён пакажа вам вялікі верхні пакой, засланы і падрыхтаваны. Там прыгатуеце нам».
16 Вучні Ягоныя пайшлі і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім, і прыгатавалі Пасху.
Апошняя Вячэра
17 А калі звечарэла, Ён прыйшоў з Дванаццаццю.
18 Калі яны былі за сталом і елі, Езус сказаў: «Сапраўды кажу вам, што адзін з вас, які есць са Мною, выдасць Мяне».
19 Яны засмуціліся і пачалі казаць Яму адзін за адным: «Ці не я?»
20 А Ён сказаў ім: «Адзін з Дванаццаці, які мачае са Мною ў місе.
21 Бо сапраўды, Сын Чалавечы адыходзіць, як напісана пра Яго, але гора таму чалавеку, які выдае Сына Чалавечага! Лепш было б гэтаму чалавеку не нарадзіцца».
22 Калі яны елі, Езус, узяўшы хлеб, благаславіў, паламаў і даў ім, кажучы: «Бярыце, гэта Цела Маё».
23 І, узяўшы келіх, узнёс падзяку і даў ім; і пілі з яго ўсе.
24 І сказаў ім: «Гэта Мая Кроў запавету, якая за многіх праліваецца.
25 Сапраўды кажу вам, што ўжо не буду піць ад плоду вінаграднай лазы да таго дня, калі буду піць яго новым у Валадарстве Божым».
Езус з вучнямі на Аліўнай гары
26 І, праспяваўшы гімн, яны пайшлі на Аліўную гару.
27 І сказаў ім Езус: «Усе вы зняверыцеся, бо напісана: “Удару пастыра, і рассеюцца авечкі”.
28 Але пасля ўваскрасення Майго Я апярэджу вас у Галілеі».
29 Пётр сказаў Яму: «Калі ўсе і зняверацца, але толькі не я».
30 Адказаў яму Езус: «Сапраўды кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне».
31 Але ён яшчэ настойлівей казаў: «Калі б трэба было памерці разам з Табою, не адракуся ад Цябе». Тое самае казалі ўсе.
Малітва ў Гетсэманіі
32 Калі яны прыйшлі ў месца, якое называлася Гетсэманія, Езус сказаў вучням сваім: «Сядзьце тут, пакуль Я памалюся».
33 Ён узяў з сабою Пятра, Якуба і Яна; і ахапіў Яго страх і трывога.
34 І сказаў ім: «Засмучана душа Мая аж да смерці; застаньцеся тут і чувайце».
35 Адышоўшы крыху ўперад, упаў на зямлю і маліўся, каб, калі магчыма, абмінула Яго гэтая гадзіна;
36 і казаў: «Абба, Ойча! Ты ўсё можаш. Адхілі ад Мяне гэты келіх; але не чаго Я хачу, а чаго Ты».
37 Калі вярнуўся і знайшоў іх спячымі, сказаў Пятру: «Сымоне, спіш? Ты не мог чуваць адной гадзіны?
38 Чувайце і маліцеся, каб не паддацца спакусе. Сапраўды, дух ахвочы, але цела слабое».
39 І зноў, адышоўшы, маліўся тымі ж словамі.
40 Вярнуўшыся, зноў знайшоў іх спячымі, бо вочы ў іх былі стомленыя; а яны не ведалі, што Яму адказаць.
41 І прыйшоў Ён трэці раз, і сказаў ім: «Усё яшчэ спіце і адпачываеце? Досыць, настала гадзіна: вось выдаецца Сын Чалавечы ў рукі грэшнікаў.
42 Устаньце, пойдзем, вось наблізіўся мой здраднік».
Арышт Езуса
43 Адразу, калі Ён яшчэ гаварыў, прыйшоў Юда, адзін з Дванаццаці, а з ім мноства людзей з мячамі і кіямі ад першасвятароў, кніжнікаў і старэйшын.
44 А той, хто выдаў Яго, даў ім знак, кажучы: «Каго я пацалую, той і ёсць; схапіце Яго і вядзіце асцярожна».
45 Прыйшоўшы, ён адразу падышоў да Езуса і сказаў: «Раббі!» І пацалаваў Яго.
46 А яны ўсклалі на Яго рукі свае і схапілі Яго.
47 Адзін жа з тых, хто стаяў побач, дастаўшы меч, ударыў слугу першасвятара і адсек яму вуха.
48 Адказваючы, Езус сказаў ім: «Як на злачынцу выйшлі вы з мячамі і кіямі, каб схапіць Мяне.
49 Кожны дзень Я быў з вамі ў святыні і навучаў, і вы не схапілі Мяне. Але, каб збыліся Пісанні».
50 І усе, пакінуўшы Яго, паўцякалі.
51 Адзін юнак, накінуўшы палатно на голае цела, ішоў следам за Ім; і схапілі яго.
52 А ён, пакінуўшы палатно, голы ўцёк ад іх.
Езус перад Сінэдрыёнам
53 Езуса завялі да першасвятара, у якога сабраліся ўсе першасвятары, старэйшыны і кніжнікі.
54 А Пётр зводдаль ішоў следам за Ім аж у сярэдзіну, на дзядзінец першасвятара. Ён сядзеў са слугамі і грэўся каля агню.
55 А першасвятары і ўвесь Сінэдрыён шукалі супраць Езуса сведчання, каб забіць Яго, і не знаходзілі.
56 Бо многія давалі ілжывыя сведчанні супраць Яго, але сведчанні не супадалі.
57 А некаторыя, устаўшы, сведчылі супраць Яго ілжыва, кажучы:
58 «Мы чулі, як Ён казаў: “Я зруйную гэтую рукатворную святыню і за тры дні адбудую іншую, нерукатворную”».
59 Але і так сведчанне іхняе не супадала.
60 Тады стаў першасвятар пасярэдзіне і спытаўся ў Езуса, кажучы: «Нічога не адказваеш на тое, што яны супраць Цябе сведчаць?»
61 Але Ён маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар пытаўся ў Яго і казаў Яму: «Ці Ты Хрыстус, Сын Благаслаўлёнага?»
62 Езус сказаў: «Я. І вы ўбачыце Сына Чалавечага, які сядзіць праваруч Усемагутнага і ідзе на аблоках нябесных».
63 Першасвятар жа разадраў адзенне сваё і сказаў: «Навошта яшчэ нам сведкі?
64 Вы чулі блюзнерства. Як вам здаецца?» І яны ўсе прызналі Яго вартым смерці.
65 Некаторыя пачалі пляваць на Яго і закрываць Яму твар, і біць Яго, і казаць Яму: «Прароч». Таксама слугі білі Яго па твары.
Адрачэнне Пятра
66 Калі Пётр быў унізе на дзядзінцы, прыйшла адна служанка першасвятара
67 і, убачыўшы Пятра, які грэўся, прыгледзелася да яго і сказала: «І ты быў з Езусам Назаранінам!»
68 Але ён адрокся, сказаўшы: «Не ведаю і не разумею, што ты кажаш!» І выйшаў адтуль на пярэдні дзядзінец. І заспяваў певень.
69 Служанка, зноў убачыўшы яго, пачала казаць тым, хто стаяў побач: «Гэты з іх!»
70 Ён жа зноў адрокся. Крыху пазней тыя, хто стаяў тут, зноў пачалі гаварыць Пятру: «Сапраўды, ты з іх, бо ты галілеец».
71 Ён жа пачаў клясціся і прысягаць: «Не ведаю гэтага Чалавека, пра якога гаворыце!»
72 І адразу другі раз заспяваў певень. Тады ўзгадаў Пётр слова, сказанае яму Езусам: «Перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэшся ад Мяне». І заплакаў.
Евангелле паводле святога Марка, 14 раздзел. Пераклад Рыма-Каталіцкага Касцёла.