Библия БКБПЦ Пераклад праваслаўнай царквы

Марка, 14 Паводле Марка, 14 глава

1 А праз два дні была́ Пасха і свята праснако́ў; і шукалі першасвятары́ і кніжнікі, як узяць Яго хітрасцю і забіць;
2 але казалі: толькі не ў свята, каб не было абурэ́ння ў народзе.
3 І калі быў Ён у Віфа́ніі, у доме Сíмана пракажонага, і ўзляжа́ў, — прыйшла жанчына з алеба́стравай пасу́дзінай мíра з на́рду чыстага і шматкашто́ўнага і, разбíўшы пасу́дзіну, узліва́ла Яму на галаву.
4 Былí ж некаторыя, што абу́рыліся і гаварылі паміж сабою: навошта гэтая тра́та мíра?
5 Бо можна было б прадаць яго больш чым за трыста дынарыяў і раздаць убогім. І папракалі яе.
6 Але Іісус сказаў: пакіньце яе, навошта яе бянтэ́жыце? Яна добрую справу зрабіла для Мяне.
7 Бо ўбогіх вы заўсёды ма́еце з сабою і, калі хочаце, можаце дабро ім рабіць; а Мяне не заўсёды ма́еце.
8 Яна зрабіла, што магла: за́гадзя пама́зала Маё це́ла для пахава́ння.
9 Праўду кажу вам: дзе толькі будзе прапаве́дана Ева́нгелле гэтае ва ўсім свеце, дык і пра тое, што́ зрабіла яна, ска́зана будзе ў памяць аб ёй.
10 І пайшоў Іуда Іскарыёт, адзін з двана́ццаці, да першасвятаро́ў, каб вы́даць Яго ім.
11 Яны ж, пачуўшы, узра́даваліся і абяцалі яму даць срэбранікі. І ён шукаў, як пры нагодзе вы́даць Яго.
12 І ў першы дзень праснако́ў, калі прыно́сілі пасхальную ахвяру, кажуць Яму вучні Яго: дзе хочаш, каб мы пайшлі і прыгатавалі Табе есці пасху?
13 І пасылае двух з вучняў Сваіх і кажа ім: ідзіце ў горад; і сустрэне вас чалавек, які будзе не́сці збан вады; ідзіце за ім.
14 І, куды ён увойдзе, скажы́це гаспадару́ таго дома: «Настаўнік кажа: дзе святлíца, у якой Мне есці пасху з вучнямі Маімі?»
15 І ён вам пакажа верхні пакой вялікі, засла́ны, гатовы; там прыгату́йце нам.
16 І пайшлі вучні Яго, і прыйшлі ў горад, і знайшлі, як сказаў ім; і прыгатава́лі пасху.
17 І калі звечарэ́ла, прыходзіць Ён з двана́ццаццю.
18 І калі ўзляжа́лі яны і елі, сказаў Іісус: праўду кажу вам, адзін з вас, які есць са Мною, вы́дасць Мяне.
19 Яны ж засмуцíліся і пачалí гаварыць Яму адзін за адным: ці не я? і другі: ці не я?
20 Ён жа сказаў ім у адказ: адзін з двана́ццаці, хто мача́е са Мною ў блю́да.
21 Зрэшты, Сын Чалавечы ідзе, як напíсана пра Яго; але го́ра таму чалавеку, які выдае́ Сына Чалавечага: лепш было б таму чалавеку не радзíцца.
22 І калі яны елі, Іісус, узяўшы хлеб і благаславіўшы, пераламíў і даў ім, і сказаў: прыміце, ежце: гэта Цела Маё.
23 І, узяўшы чашу, узнёс падзяку і даў ім; і пілí з яе ўсе.
24 І сказаў ім: гэта Кроў Мая́ новага запаве́ту, якая за многіх праліва́ецца.
25 Праўду кажу вам, што больш не буду піць ад плоду вінагра́днага да таго дня, калі буду піць новае віно ў Царстве Божым.
26 І, праспяваўшы хвалу́, яны пайшлі на гару́ Елео́нскую.
27 І кажа ім Іісус: усе вы ўсумніце́ся ўва Мне ў гэтую ноч, бо напíсана: «паражу́ па́стыра і рассе́юцца авечкі».
28 Але пасля ўваскрасе́ння Майго Я апярэ́джу вас у Галіле́і.
29 А Пётр сказаў Яму: хоць і ўсе ўсумня́цца, але не я.
30 І кажа яму Іісус: праўду кажу табе, што ты сёння, у гэтую ноч, перш чым двойчы заспявае певень, тройчы адрачэ́шся ад Мяне.
31 А ён яшчэ насто́йлівей гаварыў: калі б мне трэба было і паме́рці з Табою, не адраку́ся ад Цябе. Гэтаксама і ўсе гаварылі.
32 І прыйшлі ў мясціну пад назвай Гефсіма́нія, і кажа Ён вучням Сваім: пасядзíце тут, пакуль Я пайду памалю́ся.
33 І бярэ Пятра, Іакава і Іаана з Сабою; і пачаў журы́цца і тужы́ць.
34 І кажа ім: смутку́е душа́ Мая́ смяро́тна; пабу́дзьце тут і не спíце.
35 І, адышоўшы крыху́, упаў на зямлю́ і маліўся, каб, калі магчыма, абміну́ў Яго час гэты;
36 і гаварыў: Авва Ойча! усё магчыма Табе; пранясі чашу гэтую міма Мяне, але не чаго Я хачу, а чаго Ты.
37 І прыхо́дзіць, і знахо́дзіць, што яны спяць, і кажа Пятру: Сíмане, ты спіш? не змог ты адной гадзíны не паспаць?
38 Не спíце і маліцеся, каб не ўпа́сці ў спакусу: дух бадзёры, а плоць не́мачная.
39 І зноў, адышоўшы, маліўся, ка́жучы тое ж слова.
40 І, вярнуўшыся, знайшоў, што зноў яны спяць; бо вочы ў іх ацяжэ́лі; і не ведалі яны, што Яму адказаць.
41 І прыхо́дзіць трэці раз і кажа ім: вы ўсё яшчэ спіце́ і спачыва́еце. Го́дзе, настаў час: вось, аддае́цца Сын Чалавечы ў ру́кі грэшнікаў.
42 Уставайце, хадзе́м; вось, наблізіўся той, хто выдае́ Мяне.
43 І адразу, калі яшчэ Ён гаварыў, прыхо́дзіць Іуда, адзін з двана́ццаці, і з ім мноства людзей з мяча́мі і кала́мі, ад першасвятаро́ў, і кніжнікаў, і старэйшын.
44 А той, хто выдава́ў Яго, даў ім знак, ка́жучы: Каго я пацалую, Той і ёсць, вазьмíце Яго і вядзіце пíльна.
45 І, прыйшоўшы, адразу падышоў да Яго і кажа: Раввí, Раввí! і пацалаваў Яго.
46 А яны ўскла́лі ру́кі свае на Яго і ўзялí Яго.
47 Адзін жа з тых, што стаялі тут, дастаў меч, ударыў раба́ першасвятаровага і адсе́к яму ву́ха.
48 І, звярну́ўшыся да іх, Іісус сказаў: бы́ццам на разбойніка выйшлі вы з мяча́мі і кала́мі, каб узяць Мяне?
49 Штодня́ бываў Я з вамі ў храме, навуча́ючы, і вы не ўзялí Мяне; але няхай збу́дуцца Пісанні.
50 І, пакінуўшы Яго, усе паўцяка́лі.
51 І адзін юнак, накінуўшы палатно на голае це́ла, ішоў за Ім; і юнакí хапа́юць яго.
52 Ён жа, пакінуўшы палатно, голы ўцёк ад іх.
53 І прывялі Іісуса да першасвятара́; і збіраюцца да яго ўсе першасвятары́, і кніжнікі, і старэйшыны.
54 І Пётр воддаль услед за Ім ішоў аж усярэ́дзіну двара́ першасвятаро́вага, і сядзеў са слу́гамі, і грэўся каля агню.
55 А першасвятары́ і ўвесь сінедрыён шукалі све́дчання су́праць Іісуса, каб аддаць Яго на смерць, і не знаходзілі.
56 Бо многія лжыва све́дчылі су́праць Яго, але све́дчанні іх не супада́лі.
57 І некаторыя, устаўшы, ілжыва све́дчылі су́праць Яго, ка́жучы:
58 мы чулі, як Ён казаў: «Я разбуру́ храм гэты рукатво́рны і праз тры дні ўзвяду́ іншы, нерукатворны».
59 Але і так све́дчанне іх не супада́ла.
60 Тады першасвятар, стаўшы пасярэ́дзіне, спытаў Іісуса, ка́жучы: не адказваеш нічога? што́ яны су́праць Цябе све́дчаць?
61 Ён жа маўчаў і нічога не адказваў. Зноў першасвятар спытаў Яго і кажа Яму: ці Ты Хрыстос, Сын Благаславёнага?
62 Іісус жа сказаў: Я. І вы ўбачыце Сы́на Чалавечага, што сядзíць правару́ч сілы і пры́йдзе на во́блаках нябесных.
63 Першасвятар жа, разадра́ўшы адзе́нне сваё, кажа: якую яшчэ патрэбу мы ма́ем у све́дках?
64 Вы чулі блюзне́рства: як вам здае́цца́ Яны ж усе прысудзíлі, што Ён ва́рты смерці.
65 І пачалí некаторыя пляваць на Яго і, закрываць Яму твар, і біць Яго, і казаць Яму: прароч. І слу́гі білі Яго па шчоках.
66 І калі Пётр быў на двары ўнíзе, падыходзіць адна са служанак першасвятара́
67 і, убачыўшы, як Пётр грэ́ецца, углядзе́лася ў яго і кажа: і ты быў з Назаранíнам Іісусам.
68 Ён жа адрокся, ка́жучы: не ведаю і не разумею, што́ ты гаворыш. і выйшаў адтуль на пярэдні двор; і заспяваў певень.
69 І служанка, убачыўшы яго зноў, пачала́ казаць тым, што стаялі тут: гэты з іх.
70 Ён жа зноў адрака́ўся. І неўзаба́ве зноў тыя, што стаялі там, казалі Пятру: сапраўды́ ты з іх, бо ты галіле́янін, і гаворка твая падобная.
71 Ён жа пачаў кля́сціся і бажы́цца: не ведаю Гэтага Чалавека, пра Якога вы гаворыце.
72 І другі раз заспяваў певень. І ўспомніў Пётр слова, якое сказаў яму Іісус: перш чым певень двойчы заспявае, ты адрачэшся ад Мяне тройчы. І пачаў плакаць.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Марка, 14 глава. Пераклад праваслаўнай царквы

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейская камісія БПЦ
© 2017

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.