Біблія » Клышка Пераклад Анатоля Клышкi

Марка 9 Марка 9 раздзел

1 І Ён казаў ім: Сапраўды кажу вам: Ёсць некаторыя з тых, што стаяць тут, якія не зазнаюць смерці, пакуль не ўбачаць Царства Божага, якое прыйдзе ў сіле.
2 І праз шэсць дзён Ісус забірае Пятра, і Іякава, і Іаана і ўзводзіць асобна іх адных на высокую гару. І перамяніўся Ён перад імі,
3 і Яго адзенне зрабілася бліскучае, незвычайна белае, [як снег], як бялільшчык на зямлі не можа так выбеліць.
4 І з’явіўся ім Ілія з Маісеем і размаўлялі з Ісусам.
5 І, азваўшыся, Пётр кажа Ісусу: Равві, добра нам тут быць, і давай зробім тры палаткі, Табе адну, і Маісею адну, і Іліі адну.
6 Бо не ведаў ён, што сказаць, бо яны былі перапалоханыя.
7 І паўстала воблака, якое накрыла ценем іх, і пачуўся голас з воблака: Гэта Мой Сын Улюбёны, слухайце Яго!
8 І раптам, агледзеўшыся, яны ўжо нікога не ўбачылі, акрамя аднаго Ісуса з сабою.
9 І, калі зыходзілі з гары, Ён загадаў ім, каб нікому не расказвалі таго, што бачылі, аж пакуль Сын Чалавечы не ўваскрэсне з мёртвых.
10 І яны захавалі ў сабе гэтае слова, спрачаючыся між сабою, што значыць уваскрэснуць з мёртвых.
11 І спыталіся ў Яго, кажучы: Чаму кніжнікі кажуць, што спярша Ілія павінен прыйсці.
12 Ён жа сказаў ім: Ілія, сапраўды, прыходзіць спярша і ўзнаўляе ўсё; а як напісана пра Сына Чалавечага, што шмат Яму належыць выцерпець і быць зняважаным?
13 Але кажу вам, што і Ілія прыйшоў і зрабілі яму ўсё, што хацелі, як напісана пра яго.
14 І, прыйшоўшы да вучняў, яны ўбачылі вялікі натоўп навокал іх і кніжнікаў, што спрачаліся з імі.
15 І адразу ўвесь натоўп, убачыўшы Яго, уразіўся, і, падбягаючы, яны віталі Яго.
16 І Ён спытаўся ў іх: Аб чым спрачаецеся з імі?
17 І адзін з натоўпу адказаў Яму: Настаўніку, я прывёў да Цябе свайго сына, у якім нямы дух;
18 і дзе ён ні схопіць яго, кідае вобземлю, і ён пену пускае, і скрыгоча зубамі і карчанее; і я сказаў Тваім вучням, каб выгналі яго, ды яны не змаглі.
19 А Ён у адказ ім кажа: О бязвернае пакаленне, дакуль буду ў вас? Дакуль буду цярпець вас? Вядзіце яго да Мяне.
20 І прывялі таго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу скруціў таго курчам і той, упаўшы на зямлю, качаўся, пускаючы пену.
21 І Ён запытаўся ў яго бацькі: Як даўно гэта здарылася з ім? — І той сказаў: З дзяцінства;
22 і часта і ў агонь кідаў яго, і ў ваду, каб загубіць яго, але, калі што можаш, дапамажы нам, злітаваўшыся над намі!
23 Ісус жа сказаў яму: Ты кажаш: «Калі можаш». Усё мажлівае для таго, хто веруе.
24 [І] адразу, усклікнуўшы, хлопцаў бацька [са слязьмі] сказаў: Верую, [Госпадзе], дапамажы майму нявер’ю.
25 Ісус жа, убачыўшы, што збягаецца натоўп, забараніў нячыстаму духу, кажучы яму: Нямы і глухі дух, Я загадваю табе: выйдзі з яго і больш не ўваходзь у яго!
26 І дух, ускрыкнуўшы і моцна скурчыўшы таго, выйшаў; а той зрабіўся як мёртвы, так што многія казалі, што ён памёр.
27 Ісус жа, узяўшы яго [за] руку, падняў яго, і ён устаў.
28 І калі Ён увайшоў у дом, Яго вучні на адзіноце пыталіся ў Яго: Чаму мы не змаглі выгнаць яго?
29 І Ён сказаў ім: Гэты род не можа выйсці інакш, як ад малітвы [і посту].
30 І, выйшаўшы адтуль, яны праходзілі праз Галілею; і Ён не хацеў, каб хто-небудзь даведаўся пра гэта;
31 бо Ён навучаў Сваіх вучняў і казаў ім: Сын Чалавечы будзе аддадзены ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і, забіты, Ён праз тры дні ўваскрэсне.
32 Яны ж не зразумелі гэтага слова і баяліся ў Яго спытацца.
33 І прыйшлі ў Капернаум. І, калі быў ў доме, Ён спытаўся ў іх: Што вы дарогаю абмяркоўвалі?
34 Яны ж маўчалі; бо ў дарозе адзін з адным паспрачаліся: хто большы.
35 І Ён, сеўшы, паклікаў дванаццаць і кажа ім: Калі хто хоча быць першы, няхай будзе з усіх апошні і слуга ўсіх.
36 І, узяўшы дзіця, Ён паставіў яго пасярод іх, і, абняўшы яго, сказаў ім:
37 Хто прыме адно з такіх дзяцей у Маё імя, Мяне прымае; а хто Мяне прыме, не Мяне прымае, але Таго, Хто паслаў Мяне.
38 Сказаў Яму Іаан: Настаўніку, мы бачылі аднаго чалавека, што Тваім імем выганяе дэманаў, і забаранілі яму, бо ён не ішоў услед за намі.
39 Ісус жа сказаў: Не забараняйце яму. Бо няма таго, хто зрабіў бы цуд у Маё імя і мог бы неўзабаве ліхасловіць Мяне;
40 бо хто не супроць нас, той за нас19.
41 Бо хто напоіць вас кубкам вады ў Маё імя, таму што вы Хрыстовы, — сапраўды кажу вам: ні ў якім разе ён не страціць сваёй узнагароды.
42 І хто ўвядзе ў грэх аднаго з гэтых малых, што веруюць [у Мяне], лепей было б яму, калі б млынавы20 жарон павесілі яму на шыю і кінулі яго ў мора.
43 І калі твая рука будзе ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе; лепей, каб ты калекам увайшоў у жыццё, чым, дзве рукі меўшы, пайшоў у геену, у нязгасны агонь,
44 [дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае]21.
45 І калі твая нага будзе ўводзіць у грэх цябе, адсячы яе; лепей, каб ты кульгавым увайшоў у жыццё, чым, дзве нагі меўшы, быў кінуты ў геену, [у нязгасны агонь,
46 дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае].
47 І калі тваё вока будзе ўводзіць у грэх цябе, вырві яго; лепей, каб ты аднавокім ўвайшоў у Царства Божае, чым, два вокі меўшы, быў укінуты ў геену [вогненную],
48 дзе іх чарвяк не памірае і агонь не згасае.
49 Бо кожны агнём асоліцца [і кожная ахвяра соллю асоліцца].
50 Соль — добрая рэч, калі ж соль абяссолее, чым яе прыправіце? Майце соль у сабе і жывіце мірна між сабою!

Зноскі:

40 19: У некат. рукап.: вас.
42 20: Літаральна: асліны (які круціцца, прыводзіцца ў рух аслом).
44 21: Вершы 44 і 46 літаральна супадаюць з вершам 48 (цытатай з Іс 66:24), але ў адрозненне ад гэтага апошняга, не сустракаюцца ў найстаражытнейшых рукапісах Мк.

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Марка, 9 раздзел. Пераклад Анатоля Клышкi.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Публікуецца з дазволу праваўладальніка.
© 2014

ПОДДЕРЖАТЬ ДЕНЬГАМИ

Марка 9 раздзел в переводах:
Марка 9 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.