Библия Сабіла Пераклад Сабілы і Малахава

Марка, 9 Паводля Марка, 9 глава

1 І казаў ім: праўду кажу вам, што ёсьць нікаторыя з тых, што стаяць тут, якія ня ўбачаць сьмерці, пакуль ня ўбачаць Валадарства Бога, прыйшоўшае ў сіле.
2 І цераз дзён шэсьць бярэ Ісус Пятра і Якуба, і Яана і ўзводзіць на гару высокую асобна іх адных. І пераабразіўся перад імі.
3 І адзеньне Ягонае зрабілася бліскучым, вельмі белым, як сьнег, ды як бялільшчык на зямлі ня можа выбяліць.
4 І зьявіліся ім Ільля з Масеям ды гутарылі зь Ісусам.
5 І, загаварыўшы, Пётра кажа Ісусу: Раўві! добра нам тут быць. Дык зробім тры буданы: Табе адзін і Масею адзін і Ільлі адзін.
6 Сам таго ня разумеў, што сказаў, бо былі ў страху.
7 І зьявілася воблака, якое іх ахіну́ла, і прыйшоў голас з воблака, які сказаў: Гэты ёсьць Сын Мой Любасны; Яго слухайце.
8 І раптам аглядзеўшыся наўкола нікога больш з сабою ня ўбачылі, апрача аднаго Ісуса.
9 І калі яны зыходзілі з гары, (Ён) загадаў ім, каб нікому ня расказвалі пра тое, што ўбачылі, да таго часу калі Сын Чалавечы ўваскрэсьне зь мёртвых.
10 І (яны) захавалі гэтае слова, разважаючы паміж сабою: што азначае: уваскрэснуць зь мёртвых?
11 І спыталіся ў Яго кажучы: чаму кніжнікі гавораць, што Ільля мае прыйсьці раней?
12 Ён жа адказаўшы сказаў ім: Ільля сапраўды прыйшоў раней, каб усё аднавіць; а пра Сына Чалавечага напісана, каб многа перацярпе́ў і быў панíжаны.
13 Але кажу вам, што і Ільля прыйшоў, і яму зрабілі што хацелі, як напісана пра яго.
14 І прыйшоўшы да вучняў убачыў шмат народу каля іх ды кніжнікаў, якія спрачаліся зь імі.
15 І ўвесь натоўп убачыўшы Яго быў зьдзіўлены (Ягоным раптоўным зьяўленьнем) і, падбягаючы (да Яго) віталі Яго.
16 І запытаўся ў кніжнікаў: аб чым спрачаецеся зь імі?
17 І, адказаўшы, адзін з натоўпу сказаў: Настаўнік! я прывёў да Цябе сына свайго, які мае духа нямога.
18 І дзе б (ён) ім ня авало́даў, кíдае яго (на зямлю), і (той) пускае пену і скрыгоча зубамі сваімі і пруцянее. І я сказаў вучням Тваім, каб выгналі яго, і ня здо́лелі.
19 Ён жа адказаўшы яму, кажа: о, род няверны! дакуль буду з вамі? дакуль буду цярпець вас? Прывядзіце яго да Мяне.
20 І прывялі яго да Яго. І, убачыўшы Яго, дух адразу затрос яго, і ўпаўшы на зямлю валяўся пускаючы пену.
21 І спытаўся (Ісус) у ба́цькі ягонага: як даўно гэта зрабілася зь ім? Ён жа адказаў: зь дзяцінства.
22 І шмат разоў (дух) кíдаў яго і ў вагонь і ў ваду, каб загубіць яго; але, калі што можаш, памажы нам, зьлітаваўшыся над намі.
23 А Ісус адказаў яму: калі можаш паверыць, усё магчыма для верніка.
24 І адразу загаласіўшы бацька хлопца са сьлязьмі казаў: веру, Госпадзе! памажы мне (пры маёй) слабой веры.
25 Ісус жа, убачыўшы, што зьбіраецца народ, загразіў духу нячыстаму, кажучы яму: дух нямы і глухі! Я зага́дваю табе: выйдзі зь яго і больш ня ўваходзь у яго.
26 І закрычаўшы і моцна страсянуўшы яго, выйшаў; і (хлопец) зрабіўся як бы мёртвы, так што многія казалі, што (ён) памёр.
27 Але Ісус, узяўшы яго за руку́, падняў яго, і (той) устаў.
28 І калі Ён увайшоў у дом, вучні Ягоныя пыталіся ў Яго насамоце: чаму мы ня змаглі выгнаць яго?
29 І адказаў ім: гэты род ніяк ня можа выйсьці, ня інакш як толькі ад малітвы і по́сту.
30 І выйшаўшы адтуль праходзілі праз Галілею, і (Ён) ня хацеў, каб хто даведаўся.
31 Бо навучаў Сваіх вучняў і гаварыў ім: Сын Чалавечы аддаецца ў рукі людзей, і заб’юць Яго, і пасьля забойства ў трэйці дзень уваскрэсьне.
32 Але яны ня разумелі гэтага слова, а спытацца ў Яго баяліся.
33 І прыйшоў у Капэрнавум; і знаходзячыся ў доме пытаўся ў іх: пра што вы ў дарозе між сабою дыскутавалі?
34 А яны маўчалі; бо яны ў дарозе спрачаліся паміж сабою, хто большы.
35 І сеўшы паклікаў дванаццаць і кажа ім: калі хто хоча (сярод вас) быць першым, хай будзе для ўсіх апошнім і ўсім слугою.
36 І, узяўшы дзіця, паставіў яго сярод іх і, абняўшы яго, сказаў ім:
37 калі хто прыйме адно з такіх дзяцей у Імя Маё, Мяне прыймае, а калі хто Мяне прыйме, ня Мяне прыймае, але Паслаўшага Мяне.
38 А Яан загаварыў да Яго кажучы: Настаўнік! (мы) бачылі нейкага (чалавека), які выганяе дэманаў Імем Тваім, а ня ходзіць за намі; і забаранілі яму, бо ня ходзіць за намі.
39 Ісус жа сказаў: ня забараняйце яму, бо няма такога, хто ўчыніць цуд Імем Маім і зможа ў хуткасьці Мяне ліхасловіць.
40 Бо хто ня супраць вас, той за вас.
41 І хто напоіць вас кубкам вады ў Імя Маё, затым, што вы Хрыстовыя, праўду кажу вам, ня страціць узнагароды сваёй.
42 А хто ўвядзе ў грэх аднаго з малых гэтых, што вераць у Мяне, ле́пей было б яму, калі б яму павесілі на шыю жо́ран і кінулі ў мора.
43 І калі спакушае цябе рука твая, адсячы яе: лепш табе калекаю ўвайсьці ў жыцьцё, чым маючы дзьве рукі, увайсьці ў геенну, у вагонь няпагасны,
44 дзе чарвяк іхны ня памірае, і агонь ня гасьне.
45 І калі нага твая цябе спакушае, адсячы яе; ле́пей табе ўвайсьці ў жыцьцё кульгаваму, чым маючы дзьве нагі быць укіненым у геенну, у вагонь няпагасны,
46 дзе чарвяк іхны ня памірае, і вагонь ня гасьне.
47 І калі вока тваё цябе спакушае, вырві яго; ле́пей табе аднавокім увайсьці ў Валадарства Бога, чым маючы двое вачэй быць укінутым у геенну вагнявую,
48 дзе чарвяк іхны ня ўмірае, і агонь ня гасьне.
49 Бо кожны агнём асо́лены будзе, і ўсякая ахвяра сольлю асо́лена будзе.
50 Соль — добрая (рэч); але, калі соль зробіцца ня салёнай, у чым зробіце яе салёнай? Мейце ў сабе соль і жывіце ў міры паміж сабою.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводля Марка, 9 глава. Пераклад Сабілы і Малахава

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.