Біблія » Дзекуць-Малея Пераклад Л. Дзекуць-Малея

Іоана 7 Эвангельле Іоана 7 раздзел

1 Пасьля гэтага Ісус хадзіў па Галіле́і; па Юдэі не хаце́ў хадзіць, бо Жыды шукалі, як бы забіць Яго.
2 Блізка-ж было сьвята жыдоўскае кучкі.
3 Тады браты Яго сказалі Яму: ідзі адгэтуль і пайдзі ў Юдэю, каб і вучні Тваі бачылі дзе́яньні, якія Ты чыніш.
4 Бо ніхто ня робіць нічога ўкрадкам, але сам стараецца быць вядомым. Калі робіш гэткае, дык пакажы Сябе́ сьве́ту;
5 бо і браты Яго ня ве́равалі ў Яго.
6 Ісус жа сказаў ім: Мой час яшчэ ня прыйшоў, а для вас заўсёды час;
7 вас сьве́т ня можа ненавідзець, а Мяне́ ненавідзіць, бо Я сьве́дчу аб ім, што ўчынкі яго благія.
8 Ідзе́це вы на гэтае сьвята, а Я яшчэ не пайду на гэтае сьвята, бо Мой час яшчэ не настаў.
9 І, сказаўшы гэтае ім, астаўся ў Галіле́і.
10 Але, як пайшлі браты Яго, тады і Ён пайшо́ў на сьвята, ня яўна, але як-быццам пата́йна.
11 Жыды-ж шукалі Яго на сьвяце й пыталіся: дзе́ Ён?
12 І многа шуму было дзеля Яго ў народзе: адны казалі, што Ён добры, а другія казалі: не́, бо зводзіць народ.
13 Але-ж ніхто не гаварыў аб Ім яўна, бо баяліся Жыдоў.
14 У палове-ж сьвята ўвайшоў Ісус у царкву і навучаў.
15 І дзівіліся Жыды, кажучы: як Ён ве́дае Пісаньні, ня вучы́ўшыся?
16 Ісус жа адказаў ім і сказаў: Маё вучэньне не Маё, але Паслаўшага Мяне́;
17 хто хоча волю Яго чыніць, той даве́даецца аб навуцы, ці ад Бога яна, ці Я Сам ад Сябе́ гавару.
18 Хто гаворыць сам ад сябе́, той шукае для сябе́ славы, а хто шукае славы Паслаўшага яго, той пра́ведны, і няма ў ім няпраўды.
19 Ці ня даў вам Майсе́й закону, і ніхто ня жыве́ па закону. За што хочаце забіць Мяне́?
20 Народ адказаў: ці ня чорт у Табе́? Хто імкне́цца забіць Цябе́?
21 Ісус казаў дале́й: адно дзе́ла зрабіў Я, і вы ўсе́ дзівуецеся;
22 Майсе́й даў вам абразаньне; хоць яно і не ад Майсе́я, але ад бацькоў, і ў суботу вы абраза́еце чалаве́ка;
23 калі ў суботу абраза́ецца чалаве́к, каб ня быў парушаны закон Майсе́яў, — чаму ж нездаволены вы Мною, што Я аздаравіў чалаве́ка ў суботу?
24 Ня судзіце па вы́гляду, але судзіце судом справядлівым.
25 Іншыя-ж з ерузалімцаў казалі: ці ж гэта ня Той, Якога шукаюць, каб забіць?
26 Вось Ён кажа яўна, і нічога ня кажуць Яму; ці не пераканаліся начальнікі, што Ён запраўды Хрыстос?
27 Але мы ве́даем Яго, адкуль Ён; калі-ж прыйдзе Хрыстос, ніхто ня будзе ве́даць, адкуль Ён.
28 І крыкнуў тады Ісус у царкве́, навучаючы і кажучы: і Мяне́ ве́даеце, і ве́даеце адкуль Я, і прыйшоў Я ня Сам ад Сябе́, але праўдзівы Той, што паслаў Мяне́, ды Яго вы ня ве́даеце;
29 Я ве́даю Яго, бо Я ад Яго, і Ён паслаў Мяне́.
30 І шукалі, як бы ўзяць Яго, але ніхто не ўзлажыў на Яго рукі, бо яшчэ ня прыйшоў Яго час.
31 Многія-ж з народу ўве́равалі ў Яго і казалі: калі пры́йдзе Хрыстос, няўжо-ж Ён зробіць больш цудаў, чымся гэты зрабіў?
32 Чулі фарысэі такія гутаркі аб Ім у народзе; і паслалі фарысэі й архірэі слуг сваіх, каб узялі Яго.
33 Ісус жа сказаў ім: яшчэ нядоўга Мне́ быць з вамі, і пайду да Паслаўшага Мяне́.
34 Будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці.
35 І гаварылі жыды паміж сабою: куды Ён хоча йсьці, што мы ня знойдзем Яго? Ці не да грэцкага рассяле́ньня хоча йсьці і навучаць Грэкаў?
36 Што́ маюць значыць гэтыя словы, якія Ён сказаў: «будзеце шукаць Мяне́ і ня знойдзеце, і дзе́ буду Я, туды вы ня можаце прыйсьці?»
37 У апошні-ж вялікі дзе́нь сьвята Ісус стаяў і клікаў, кажучы: хто смагу ма́е, ідзі да Мяне́ і пі.
38 Хто ве́руе ў Мяне́, у таго, як сказана ў Пісаньні, з жывата пацякуць рэкі вады́ жывое.
39 Гэтае сказаў Ён аб Духу, якога ме́ліся прыняць ве́руючыя ў Яго: бо ня было йшчэ на іх Духа Сьвятога, бо ня быў яшчэ Ісус усла́ўлены.
40 Многія з народу, чуўшы гэтыя словы, казалі: запраўды, Ён прарок.
41 Другія гаварылі: гэта Хрыстос. А іншыя гаварылі: ці ж з Галіле́і прыйдзе Хрыстос?
42 Ці-ж ня сказана ў Пісаньні, што Хрыстос прыйдзе з сяме́ньня Давідавага і Віфлее́му, з сяла, скуль быў Давід?
43 Дык вось узьнялася аб Ім у людзе́й спрэчка.
44 Некато́рыя-ж з іх хаце́лі ўзяць Яго, але ніхто не падняў на Яго рукі.
45 І вярнуліся слугі да архірэяў і фарысэяў, і тыя спыталіся: чаму вы не прывялі Яго?
46 Слугі адказалі: ніколі чалаве́к не гаварыў так, як гэты чалаве́к.
47 Фарысэі сказалі ім: няўжо-ж і вас зьвялі?
48 Ці паве́рыў у Яго хто з начальнікаў і фарысэяў?
49 Бо пракляты гэты народ, што ня ве́дае закону.
50 Кажа ім Нікадэм, адзін з іхніх, што прыходзіў быў да Яго ўначы:
51 ці судзіць закон наш чалаве́ка, ня вы́слухаўшы пе́рш яго і не даве́даўшыся, што ён робіць?
52 На гэтае адказалі і сказалі яму: ці і ты не з Галіле́і? пашукай і пабач, што з Галіле́і прарок ня прыходзіў.
53 І разыйшліся да дому.

Зноскі:

14, 28 царква = храм.
20 Пачыная з выдання 1985 года у тэксте змена: «чорт» на → «дэман».

Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Паводле Іоана Сьвятое Эвангельле, 7 раздзел. Пераклад Л. Дзекуць-Малея.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Public Domain

Public Domain — народны здабытак.
Лукаш Дзекуць-Малей, Антон Луцкевіч.
© 1931, 1948; у 1985, 1991 унесены праўкі.

ПОДДЕРЖАТЬ СЛУЖЕНИЕ

Іоана 7 раздзел в переводах:
Іоана 7 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Жана Кальвина
  7. Комментарии Джона Райла
  8. Толкования Августина
  9. Толкование Иоанна Златоуста
  10. Толкование Феофилакта Болгарского
  11. Новый Библейский Комментарий
  12. Лингвистический. Роджерс
  13. Комментарии Давида Стерна
  14. Библия говорит сегодня
  15. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.