1 Пасьля гэтага было сьвята жыдоўскае, і ўзыйшоў Ісус у Ярузалім.
2 Ёсьць жа ў Ярузаліме ля авечай брамы купальня, што завецца па жыдоўску Бэтэзда, (што) мае пяць паветак (на стаўбах).
3 Пад імі ляжала вялікае мноства хворых, сьляпых, кульгавых, ссохлых, (якія) чакалі руху вады;
4 бо Ангел (Госпадаў) час ад часу зыходзіў у купальню і каламуціў ваду; і вось, хто першы ўваходзіў (у яе) пасьля ўскаламучаньня вады, (той) здаравеў, (на) якую б хваробу (ён) ні хварэў.
5 Быў жа там нейкі чалавек, што быў у хваробе трыццаць восем гадоў.
6 Ісус, угледзіўшы яго, (што) ляжыць і даведаўшыся, што (ён) ужо даўгі час мае (хваробу), кажа яму: (ці) хочаш стацца здаровым?
7 Хворы адказаў Яму: Госпадзе, ня ма́ю чалавека, каб спусьціў мяне ў купальню, калі ўскаламуціцца вада; калі ж я прыходжу, другі (ўжо) зыходзіць прада мною.
8 Кажа яму Ісус: устань, вазьмі пасьцелю тваю і хадзі.
9 І (ў) тую ж часіну стаўся здаровым той чалавек, і ўзяў пасьцелю сваю і пайшоў. Была ж субота ў той дзень.
10 Казалі тады жыды аздароўленаму: (сёньня) — субота, ня дазво́лена табе браць пасьцелю.
11 (Ён) адказаў ім: Той, Хто зрабіў мяне здаровым, Ён мне сказаў: вазьмі пасьцелю тваю і хадзі.
12 Тады (яны) спыталіся ў яго: Хто ёсьць Гэны Чалавек, што сказаў табе: вазьмі пасьцелю тваю і хадзі?
13 Аздароўлены ж ня ве́даў, хто Ён ёсьць, бо Ісус адыйшоўся (ад) людзей, што былі ў тым мейсцы.
14 Пасьля гэтага знаходзе яго Ісус у Сьвятыні і сказаў яму: вось, (ты) стаўся здаровым, ня грашы больш, каб ня ста́лася табе нешта горшае.
15 Чалавек гэны пайшоў і расказаў жыдам, што Ісус ёсьць Той, Хто аздаравіў яго.
16 І за гэта сталі гнаць жыды Ісуса і шукалі забіць Яго, што Ён рабіў гэткае ў суботу.
17 Ісус жа адка́заваў ім: Бацька Мой дагэтуль робіць, і Я раблю.
18 За гэта яшчэ больш шукалі жыды забіць Яго, бо Ён ня то́лькі ламаў суботу, але і Ба́цькам Сваім называў Бога, раўняючы Сябе да Бога.
19 Адка́заваў тады Ісус і сказаў ім: Праўду, Праўду кажу вам: Сын нічога ня мо́жа рабіць (Сам) ад Сябе, калі ня ба́чыць, што робіць Бацька, бо што робіць Ён, тое й Сын робіць таксама.
20 Бо Бацька любіць Сына і пака́зуе Яму ўсё, што Сам робіць, і пакажа Яму Дзеяньні большыя (за) гэтыя, ажно вы дзівавацца будзеце.
21 Бо як Бацька ускрашае памерлых і ажыўляе (іх), так і Сын ажыўляе, каго хоча.
22 Бо Бацька і ня су́дзіць нікога, але ўвесь суд аддаў Сыну,
23 каб усе паважалі Сына, як паважаюць Ба́цьку. Хто ня паважа́е Сына, ня паважа́е (і) Ба́цьку, Які паслаў Яго.
24 Праўду, Праўду кажу вам: хто слухае Слова Маё і верыць Таму, Хто паслаў Мяне, мае Жыцьцё Вечнае і на суд ня прыхо́дзіць, але перайшоў ад сьмерці ў Жыцьцё.
25 Праўду, Праўду кажу вам: прыходзіць час і цяпер (ён ужо) ёсьць, калі ўмершыя пачуюць Голас Сына Божага і, пачуўшы, ажывуць.
26 Бо як Бацька мае Жыцьцё ў Самым Сабе, так і Сыну даў Жыцьцё мець у Самым Сабе;
27 і даў Яму ўладу й суд рабіць, бо Ён ёсьць Сын Чалавечы.
28 Ня дзіву́йцеся гэтаму, бо прыходзіць час, калі ўсе, што ў магілах, пачуюць Голас Ягоны,
29 і выйдуць тыя, што добрае рабілі, на ўскрасеньне Жыцьця, а тыя, што благое рабілі, на ўскрасеньне асуджэньня.
30 Я нічога ня магу́ рабіць Сам ад Сябе; як чую, (так і) суджу, і Суд Мой — справядлівы, бо ня шука́ю Маёй волі, але Волі Таго, Хто паслаў Мяне, Ба́цькі.
31 Калі Я сьведчу Сам аб Сабе, (то) Сьведчаньне Маё ня ёсьць Праўдзівае.
32 Ёсьць Іншы, Які сьведчыць аба Мне, і Я ведаю, што Праўдзівае ёсьць тое Сьведчаньне, якім Ён сьведчыць аба Мне.
33 Вы пасылалі да Яана, і ён засьведчыў пра Праўду.
34 Я ж ня ад чалаве́ка прыймаю сьведчаньне, але кажу гэта, каб вы былі выратаваны.
35 Ён быў сьветач, які гарэў і сьвяціў, а вы захацелі часіну пацешыцца пры сьвятле ягоным.
36 Я ж маю Сьведчаньне большае за Яанавае, бо Дзеяньні, што даў Мне Бацька, каб Я скончыў іх, самыя гэтыя Дзеяньні, што Я раблю, сьведчаць аба Мне, што Бацька паслаў Мяне.
37 І Бацька, Які паслаў Мяне, Сам засьведчыў аба Мне. (А) вы ані Голасу Ягонага ніколі ня чу́лі, ані Аблічча Ягонага ня ба́чылі;
38 і ня ма́еце Слова Ягонага, прабываючы ў вас, бо Каго паслаў Ён, Таму вы ня ве́рыце.
39 Дасьледуйце Пісаньні, бо вы думаеце празь Іх Жыцьцё Вечнае мець, і Яны ёсьць тыя, што сьведчаць аба Мне.
40 Але (вы) ня хо́чаце прыйсьці да Мяне, каб мець Жыцьцё.
41 Славы ад людзей Я ня бяру́,
42 але пазнаў вас: любові да Бога ня ма́еце ў сабе.
43 Я прыйшоў у Імя Ба́цькі Майго, і ня прыйма́еце Мяне, калі б іншы прыйшоў у імя сваё, таго прыймеце.
44 Як вы можаце паверыць, славу адзін ад аднаго прыймаючы, а Славы, што ад Адзінага Бога, ня шука́еце?
45 Ня ду́майце, што Я буду вінаваціць вас перад Ба́цькам: ёсьць той, што вінаваціць вас, Масей, на якога вы спадзяецёся.
46 Бо калі б (вы) верылі Масею, (то) верылі б (і) Мне, бо ён напісаў аба Мне.
47 Калі ж ягоным Пісаньням ня ве́рыце, як Маім Словам паверыце?
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце:
Ctrl + Enter
Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:
- Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
- Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
- Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
- Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.
Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.
Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:
Паводля Яана Сьвятое Эвангельле, 5 раздзел. Пераклад Сабілы і Малахава.
Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.
Публікуецца з дазволу аўтара.
© 2020