Біблія » Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Марка 1 Паводле Марка 1 раздзел

1 Пачатак Евангелля Ісуса Хрыста, Сына Божага.
2 Як напісана ў Ісаі прарока: «Вось жа, Я пасылаю Анёла Майго перад абліччам Тваім, які прыгатуе дарогу Табе.
3 Голас таго, хто кліча ў пустыні: “Прыгатуйце дарогу Госпаду, прастуйце сцежкі Яму”».
4 З’явіўся Ян у пустыні, хрысцячы і абвяшчаючы хрост навяртання дзеля адпушчэння грахоў.
5 І прыходзіла да яго ўся краіна Юдэйская і ўсе ерузалімцы, і, вызнаючы грахі свае, былі ім хрышчаны ў рацэ Ярдан.
6 Ян жа быў апрануты ў вярблюджы волас ды падпяразаны скураной дзяжкай па сваіх сцёгнах і еў саранчу і дзікі мёд.
7 І навучаў ён, кажучы: «Ідзе за мной дужэйшы за мяне, Якому я не варты, схіліўшы галаву, развязаць рамень пасталоў Яго.
8 Я хрышчу вас вадой, а Ён будзе хрысціць вас Духам Святым».
9 І сталася: у тыя дні прыйшоў Ісус з Назарэта Галілейскага і быў ахрышчаны Янам у Ярдане.
10 І, як толькі выходзіў з вады, убачыў адкрытыя нябёсы ды Духа, як голуба, што сыходзіў на Яго.
11 І азваўся голас з неба: «Ты — Сын Мой улюбёны, упадабаў Я Цябе».
12 І зараз вядзе Яго Дух у пустыню.
13 І Ён прабыў у пустыні сорак дзён, і выпрабоўваўся шатанам; і жыў побач са звярамі, і анёлы паслугавалі Яму.
14 А пасля таго, як Ян быў узяты, прыбыў Ісус у Галілею, прапаведуючы добрую вестку [Валадарства Божага]
15 і кажучы: «Споўніўся час, і наблізілася Валадарства Божае. Навярніцеся і верце Евангеллю!»
16 І, праходзячы каля мора Галілейскага, убачыў Сімона і брата яго Андрэя, што закідалі сеткі ў мора; бо былі яны рыбаловамі.
17 І сказаў ім Ісус: «Хадзіце за Мной, і Я зраблю вас лаўцамі людзей».
18 І адразу, пакінуўшы сеткі, яны пайшлі за Ім следам.
19 І, адышоўшыся адтуль недалёка, убачыў Якуба Зебядзеева і Яна, брата яго, калі яны парадкавалі сеткі свае ў лодцы.
20 І зараз паклікаў іх. І яны, пакінуўшы ў лодцы бацьку свайго Зебядзея з нанятымі работнікамі, пайшлі за Ім.
21 І ўваходзяць у Кафарнаўм. І адразу ў суботу, увайшоўшы ў сінагогу, стаў навучаць.
22 І ўсе дзівіліся з Яго навукі, бо вучыў іх як Той, Хто мае ўладу, а не як кніжнікі.
23 І акурат у сінагозе быў чалавек, апанаваны духам нячыстым, і крычаў,
24 кажучы: «Што Табе да нас, Ісус з Назарэта? Прыйшоў загубіць нас? Ведаю, Хто Ты: Святы Божы».
25 Але прыгразіў яму Ісус, кажучы: «Замаўчы і выйдзі з чалавека!»
26 І нячысты дух, раздзіраючы яго і крычучы моцным голасам, выйшаў з яго.
27 І задзівіліся ўсе, ды пыталіся адзін аднаго, кажучы: «Хто гэта такі? Ды што за навука гэта новая з уладаю, што загадвае нячыстым духам, і яны слухаюцца Яго?»
28 І хутка разышлася чутка пра Яго па ўсёй Галілейскай краіне.
29 І, выйшаўшы з сінагогі, прыбылі адразу ў дом Сімона і Андрэя разам з Якубам і Янам.
30 Цешча ж Сімона ляжала ў гарачцы, і адразу кажуць Яму пра яе.
31 І, падышоўшы, Ісус падняў яе, узяўшы за руку, і [адразу] пакінула яе гарачка, і яна паслугавала ім.
32 А калі сонца ўжо зайшло і настаў вечар, прыносілі да Яго ўсіх нядужых і апанаваных дэманамі;
33 і так увесь горад сабраўся перад дзвярамі.
34 І аздаравіў многіх, якіх розныя хваробы мучылі, і многіх дэманаў выгнаў, ды не дазваляў дэманам гаварыць, што яны ведалі Яго.
35 І досвіткам, вельмі рана ўстаўшы, выйшаў і падаўся ў пустыннае месца і там маліўся.
36 Сімон жа ды тыя, што з Ім былі, пайшлі за Ім.
37 І, калі знайшлі Яго, кажуць Яму: «Усе Цябе шукаюць».
38 А Ён кажа ім: «Пойдзем у бліжэйшыя паселішчы, каб і там вясціць; бо Я дзеля таго прыйшоў».
39 Ды навучаў у сінагогах па ўсёй Галілеі і выганяў дэманаў.
40 І прыступіўся да Яго пракажоны, і маліў Яго, упаўшы на калені, кажучы Яму: «Калі хочаш, можаш мяне ачысціць».
41 І Ісус пашкадаваў яго, і, працягнуўшы руку Сваю, дакрануўся да яго, і гаворыць яму: «Хачу, будзь ачышчаны».
42 І адразу сышла з яго праказа, і ён ачысціўся.
43 І, пагразіўшы яму, адправіў яго адразу,
44 кажучы: «Глядзі, нікому нічога не кажы, але ідзі, пакажыся святару і за ачышчэнне сваё складзі ахвяру, як загадаў Майсей на сведчанне ім».
45 Але ён, адышоўшы, пачаў шмат распавядаць ды шырыць слаўную чутку так, што ўжо Ён не мог адкрыта пайсці ў горад, але быў звонку ў бязлюдных мясцінах. І адусюль сыходзіліся да Яго.
Знайшлі памылку ў тэксце? Вылучыце яе і націсніце: Ctrl + Enter


Сябры, вельмі патрэбныя наступныя папяровыя выданні:

  1. Сьвятая Бібля ў перакладзе Янкі Станкевіча 1973 (і Новы Закон 1970).
  2. Эвангельле Мацьвея, Марка, Лукі, Іоана — 1926−1930, Лодзь.
  3. Евангелля і Дзеі ў перакладах Гадлеўскага і Татарыновіча.
  4. Генезіс і Кніга Эклезіяста, або Прапаведніка ў перакладзе Яна Пятроўскага, 1984, 1987.

Калі вы імі валодаеце і можаце прадаць, патэлефануеце па тэлефоне +375296422269, ці напішыце — bible-man@mail.ru.

Калі вы чытаеце на беларускай мове, паспрабуйце новы праект — biblia.by:

Евангелле паводле Марка, 1 раздзел. Пераклад Чарняўскага 2012.

Звярніце ўвагу. Нумары вершаў — гэта спасылкі, якія вядуць на раздзел з параўнаннем перакладаў, паралельнымі спасылкамі, тэкстамі з нумарамі Стронг. Паспрабуйце, магчыма, вы будзеце прыемна здзіўлены.

Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

ПОДДЕРЖИТЕ НАС

Марка 1 раздзел в переводах:
Марка 1 раздзел, комментарии:
  1. Новой Женевской Библии
  2. Толкование Мэтью Генри
  3. Комментарии МакДональда
  4. Толковая Библия Лопухина
  5. Комментарии Баркли
  6. Комментарии Джона Райла
  7. Толкования Августина
  8. Толкование Феофилакта Болгарского
  9. Новый Библейский Комментарий
  10. Лингвистический. Роджерс
  11. Комментарии Давида Стерна
  12. Библия говорит сегодня
  13. Комментарии Скоуфилда


2007–2024. Зроблена з любоўю для тых, што любяць і шукаюць Бога. Калі ў вас ёсць пытанні ці пажаданні, то пішыце нам: bible-man@mail.ru.