Библия Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Марка, 5 Паводле Марка, 5 глава

1 І пераплылі праз марскія хвалі ў краіну Геразэнскую.
2 І калі выходзіў Ісус з лодкі, адразу ж з магіл да Яго выбег чалавек, апанаваны нячыстым духам,
3 які меў жыллё ў магілах, і ніхто не мог яго звязаць ланцугамі.
4 Бо звязаны і кайданамі, і ланцугамі, рваў часта ланцугі і разбіваў кайданы, ды ніхто не мог яго ўтаймаваць.
5 І ён заўсёды ўночы і днём у магілах і гарах крычаў ды біў сябе камянямі.
6 І, здалёк бачачы Ісуса, прыбег і пакланіўся Яму,
7 і, крычучы моцным голасам, кажа: «Што Табе да мяне, Ісус, Сын Бога Узвышняга? Заклікаю Богам, каб мяне не мучыў».
8 Бо Ён казаў яму: «Выйдзі, дух нячысты, з чалавека».
9 І пытаўся ў яго: «Якое тваё імя?» І кажа Яму: «Маё імя — легіён, бо нас многа».
10 Ды прасіў Яго вельмі, каб не выганяў яго прэч з краіны.
11 А там на гарах пасвіўся вельмі вялікі статак свінняў.
12 І яны прасілі Яго, кажучы: «Пусці нас у свінняў, каб маглі мы ў іх увайсці».
13 І дазволіў ім. І, выйшаўшы, духі нячыстыя ўвайшлі ў свінняў. І амаль двухтысячны статак з вялікім імпэтам з адхону кінуўся ў мора і патануў.
14 Тыя ж, што пасвілі яго, паўцякалі і абвясцілі гэта па горадзе і вёсках. Дык прыйшлі паглядзець, што здарылася.
15 І прыйшлі да Ісуса, і бачаць таго, што быў апанаваны дэманам, як ён сядзеў адзеты, пры здаровым розуме; таго, у якім быў легіён, — і спалохаліся.
16 І тыя, што бачылі, расказалі ім, што сталася з тым, які меў дэмана, і пра свінняў.
17 І пачалі яны прасіць Ісуса, каб адышоў ад іх межаў.
18 І, калі Ісус уваходзіў у лодку, пачаў яго прасіць той, што быў апанаваны ліхім, каб яму застацца пры Ім.
19 Але Ісус не прыняў яго і гаворыць яму: «Ідзі да твайго дома і да тваіх, і раскажы ім, што ўчыніў Госпад з табою і як злітаваўся над табой».
20 І ён пайшоў, і пачаў абвяшчаць у Дэкапалі, што ўчыніў яму Ісус, і ўсе дзівіліся.
21 І, калі пераправіўся Ісус у лодцы праз мора, сышоўся да Яго вялікі натоўп, і Ён быў каля мора.
22 І прыйшоў адзін з начальнікаў сінагогі імем Яір, і, убачыўшы Ісуса, паў да ног Яго,
23 і вельмі прасіў Яго, шмат кажучы: «Дачка мая канае, прыйдзі, ускладзі на яе руку, каб паздаравела і жыла».
24 І Ісус пайшоў за ім, і велізарны натоўп ішоў за Ім, і націскаў на Яго.
25 І адна жанчына, якая была хворая на крывацечу аж дванаццаць гадоў,
26 якая шмат нацярпелася ад усякіх лекараў і ўсю сваю маёмасць патраціла, ды нічога не дабілася, але яшчэ горш чулася,
27 калі пачула пра Ісуса, падышла ў натоўпе ззаду і дакранулася да Яго адзення,
28 бо яна казала: «Калі толькі дакрануся да Яго адзення, паздаравею».
29 І зараз жа перасох струмень крыві яе і адчула на целе, што паздаравела ад хворасці.
30 І Ісус, адразу адчуўшы, што магутнасць, якая ў Ім была, выйшла з Яго, звярнуўшыся да натоўпу, гаварыў: «Хто дакрануўся да адзення Майго?»
31 Вучні Яго казалі Яму: «Бачыш, як натоўп ціснецца, і кажаш: “Хто дакрануўся да Мяне?”»
32 Але Ён азіраўся вакол, каб пабачыць тую, якая дакранулася да Яго.
33 Жанчына ж, баючыся і дрыжучы, ведаючы, што з ёю сталася, падышла, і пала перад Ім, і сказала ўсю праўду.
34 І Ісус сказаў ёй: «Дачка! Вера твая выратавала цябе. Ідзі ў супакоі і будзь аздароўлена ад хваробы тваёй».
35 Калі яшчэ Ісус гаварыў, прыходзяць ад начальніка сінагогі, кажучы: «Дачка твая памерла, нашто яшчэ турбуеш Настаўніка?»
36 Ісус жа [, як толькі] пачуў сказанае слова, гаворыць начальніку сінагогі: «Не бойся, толькі май веру».
37 І не дазволіў нікому ісці за Ім, адно Пётры, Якубу і Яну, брату Якуба.
38 І прыходзяць у дом начальніка сінагогі, і бачаць роспач, і плач, і галашэнне вялікае.
39 І, увайшоўшы, гаворыць ім: «Чаму сумуеце і плачаце? Дзяўчынка не памерла, але спіць».
40 І смяяліся з Яго. Ісус жа, адправіўшы ўсіх, бярэ з Сабой бацьку і маці дзяўчынкі і тых, што з Ім былі, і ўваходзіць туды, дзе ляжала дзяўчынка.
41 І, узяўшы за руку дзяўчынку, гаворыць ёй: «Таліта кум», што значыць: «Дзяўчынка, табе кажу, устань!»
42 І зараз жа ўстала дзяўчынка, і хадзіла, а было ёй дванаццаць гадоў. І ўсе дзівіліся з дзіва вялікага.
43 І наказаў ім сурова, каб ніхто аб гэтым не ведаў, ды сказаў, каб далі ёй есці.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Марка, 5 глава. Пераклад Чарняўскага 2012

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.