Библия Чарняўскі-12 Пераклад Чарняўскага 2012

Марка, 15 Паводле Марка, 15 глава

1 І зараз раніцай, па нарадзе першасвятароў са старэйшынамі і кніжнікамі, значыць усяго сангедрыну, Ісуса, звязаўшы, павялі і перадалі Пілату.
2 І спытаўся ў Яго Пілат: «Ці Ты — Цар Юдэйскі?» А Ён, адказваючы, гаворыць яму: «Ты кажаш».
3 І вінавацілі Яго першасвятары ў многіх рэчах.
4 Дык Пілат зноў спытаўся ў Яго, кажучы: «Чаму не адказваеш? Глядзі, як многа супраць Цябе абвінавачанняў».
5 Але Ісус больш нічога не адказваў, так што Пілат дзівіўся.
6 На свята ён меў звычай вызваляць ім аднаго з вязняў, каго б захацелі.
7 Быў жа нейкі адзін, на імя Бараба, увязнены разам з бунтаўнікамі, які ў час бунту ўчыніў забойства.
8 І калі сабраўся натоўп людзей, пачаў дамагацца таго, што ім звычайна рабілі.
9 Пілат жа звярнуўся да іх і сказаў: «Хочаце, адпушчу вам Цара Юдэйскага?»
10 Бо ведаў, што Яго выдалі першасвятары праз зайздрасць.
11 Але першасвятары падбухторылі людзей, каб ім лепш адпусціў Барабу.
12 І Пілат, адказваючы, гаварыў ім паўторна: «Дык што хочаце, каб я зрабіў з Царом Юдэйскім?»
13 Але яны зноў закрычалі: «Укрыжуй Яго!»
14 Дык Пілат сказаў ім: «Што вам благога зрабіў Ён?» Але яны тым болей крычалі: «Укрыжуй Яго!»
15 І Пілат, жадаючы дагадзіць народу, выпусціў ім Барабу, а ўбічаванага Ісуса выдаў на ўкрыжаванне.
16 А ваяры ўвялі Яго ў панадворак, што завецца прэторыя, і склікалі ўсю кагорту.
17 І апранулі Яго ў пурпур, і, сплёўшы вянок з церняў, усклалі Яму на галаву,
18 і пачалі Яго вітаць: «Прывітаны будзь, Цар Юдэйскі!»
19 І трысцінай білі Яго па галаве, і плявалі на Яго, і, кленчучы, кланяліся Яму.
20 І, калі ўжо наздзекаваліся з Яго, знялі з Яго пурпур ды зноў апранулі Яго ў адзенне Яго, ды павялі Яго на ўкрыжаванне.
21 І прымусілі нейкага Сімона Цырэнейца, бацьку Аляксандра і Руфа, які ішоў з поля і праходзіў міма, каб нёс крыж Яго.
22 І прывялі Яго на Гальготу, што значыць месца Кальварыі.
23 І давалі Яму выпіць віно, змяшанае з сокам міры, але не прыняў.
24 І крыжуюць Яго, і дзеляць адзенне Яго, кідаючы жэрабя між сабою, каму што ўзяць.
25 А была гадзіна трэцяя, і ўкрыжавалі Яго.
26 І быў надпіс віны Яго: «Цар Юдэйскі».
27 І ўкрыжавалі разам з Ім двух лотраў, аднаго праваруч, а другога леваруч Яго.
28 [І збылося слова Пісання: і да злодзеяў быў залічаны.]
29 І тыя, што міма праходзілі, плявузгалі на Яго, ківаючы галовамі сваімі і кажучы: «Эй Ты, што руйнуеш святыню ды зноў узнаўляеш у тры дні,
30 уратуй Сябе Самога, сышоўшы з крыжа».
31 Таксама і першасвятары з кніжнікамі, смеючыся з Яго, казалі адзін аднаму: «Іншых ратаваў, а Сам Сябе ўратаваць не можа.
32 Няхай жа Хрыстос, Цар Ізраэля, сыдзе цяпер з крыжа, каб мы ўбачылі і паверылі». Таксама і тыя, што былі з Ім укрыжаваныя, зневажалі Яго.
33 А калі настала гадзіна шостая, усю зямлю ахутала цемра аж да гадзіны дзевятай.
34 І а дзевятай гадзіне Ісус закрычаў моцным голасам: «Гэлёі, Гэлёі, лэма сабахтані», што значыць: «Божа Мой, Божа Мой, чаму Ты Мяне пакінуў?»
35 І некаторыя з тых, што бліжэй стаялі, чуючы гэта, казалі: «Вось, Ён Іллю кліча».
36 А адзін, падбегшы, напоўніўшы губку воцатам і ўсклаўшы яе на трысціну, даваў Яму піць, кажучы: «Пачакайце, паглядзім, ці прыйдзе Ілля зняць Яго».
37 Ісус жа, закрычаўшы моцным голасам, сканаў.
38 І заслона ў святыні разадралася напалам з верху аж да нізу.
39 Сотнік жа, што стаяў насупраць, бачачы, што Ісус, так закрычаўшы, сканаў, гаворыць: «Сапраўды, гэты чалавек быў Сын Божы».
40 А былі там і жанчыны, здалёк паглядаючыя, між імі Марыя Магдалена, і Марыя, маці Якуба меншага і Язэта, і Саламея,
41 якія, калі Ісус быў у Галілеі, хадзілі з Ім і паслугавалі Яму, ды многа іншых, што разам з Ім прыйшлі ў Ерузалім.
42 І, калі звечарэла, а быў гэта дзень прыгатавання, які бывае перад суботаю,
43 прыйшоў Язэп з Арыматэі, знатны сябар рады, які сам чакаў прыходу Валадарства Божага, і адважна ўвайшоў да Пілата, і прасіў цела Ісуса.
44 Але Пілат сумняваўся, ці ўжо памёр, і, паклікаўшы сотніка, спытаўся ў яго, ці ўжо памёр,
45 і, даведаўшыся ад сотніка, аддаў цела Язэпу.
46 Язэп жа купіў плашчаніцу і, зняўшы Яго, абгарнуў Яго плашчаніцай ды паклаў у магіле, што была высечана ў скале, і падкаціў камень да ўваходу ў магілу.
47 Марыя ж Магдалена і Марыя, маці Язэпа, глядзелі, дзе пахавалі Яго.
Нашли в тексте ошибку? Выделите её и нажмите:Ctrl + Enter

Паводле Марка, 15 глава. Пераклад Чарняўскага 2012

Обратите внимание! Номера стихов — это ссылки, ведущие на раздел со сравнением переводов, параллельными ссылками, текстами с номерами Стронга. Попробуйте.


Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь

Публікуецца з дазволу Міжканфесіянальнага хрысціянскага рэлігійнага брацтва
«Біблейскае таварыства ў Рэспубліцы Беларусь».
© 2012

ПОЖЕРТВОВАТЬ

Библии
Комментарии
  1. Новая Женевская Библия
  2. Учебной Библии МакАртура
  3. Толкование Мэтью Генри
  4. Комментарии МакДональда
  5. Толковая Библия Лопухина
  6. Толкования Августина
  7. Библия говорит сегодня
  8. Комментарии Скоуфилда
  9. Комментарии Баркли
  10. Комментарии Джона Райла
  11. Толкование Феофилакта Болгарского
  12. Новый Библейский Комментарий
  13. Лингвистический. Роджерс
  14. Комментарии Давида Стерна
  15. Ветхий Завет в Новом
  16. Комментарии Кузнецовой


2007–2026. Сделано с любовью для любящих и ищущих Бога. Если у вас есть вопросы или пожелания, то пишите нам bible-man@mail.ru.